Вы тут

Этна-наСТРОЙ


Ужо трэнд, аднак: варта было аднойчы арганізатарам фолк-фэсту «Камяніца» прапанаваць прыходзіць у народных строях бясплатна, як людзі падхапілі. І сёлета ўжо без заахвочванняў зрабілі так, як больш натуральна: вышываныя кашулі, спадніцы з фартушкамі ды нават папулярныя ў моладзі вышымайкі сталі своеасаблівым сімвалам далучанасці да роднага. Як пасуе Музею народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы, які ўжо дзевяць гадоў становіцца пляцоўкай фестывалю!


Пляцоўкай, трэба адзначыць, даволі шырокай: фактычна на цэлую беларускую вёску, уяўленне пра якую (нават з рэгіянальнымі адметнасцямі) дае гэты незвычайны музей. Тут некалькі вуліц, прастор для вячорак і гульняў. Тут ёсць дзе размясціць сцэну і шмат публікі ля яе — канцэрт з’яўляецца галоўнай падзеяй фестывалю. Але не менш чароўная атмасфера пануе на тэрыторыі музея ўвесь дзень: этна мае праявы не толькі ў песні. Даўнія аматары «Камяніцы» ведаюць, што музыка тут гучыць не толькі ў выкананні запрошаных артыстаў, можна развучыць беларускія песні — разам з Сержуком Доўгушавым і «Спеўным ходам». А то і паслухаць самых сапраўдных носьбітаў песеннага фальклору, напрыклад, у выкананні палешукоў Еўдакіі Зіновіч ды Фёдара Булыгі — зорак, якія яшчэ ў нашых вёсках дбайна захоўваюць беларускія музычныя скарбы.

Ды не песняй адзінай жывіцца гэты фестываль. Народныя майстры ведаюць: гандаль будзе! І вязуць сюды свае вырабы — тое, што звязана-пашыта рукамі рэальных людзей, мае асаблівае цяпло, а пацеркі і пярсцёнкі адметныя ўнікальнай прыгажосцю, якая так пасуе новай гаспадыні. А ўсёй сям’ёй можна завітаць на майстар-клас і навучыцца працаваць з ганчарным кругам: вырабы сучасных фабрык, зробленыя па стандарце, не заменяць збанка ці вазы, створанай асабіста, з фантазіяй. Даўно так рабілі, але ж рукі нібыта памятаюць і мяккасць гліны, і адмысловасць формаў.

А пах сена?.. Менавіта тут, у музеі пад Мінскам, — тое рэдкае месца ў сучасным горадзе, — дзе гэты пах становіцца не проста часткай экспазіцыйнага праекта, а тым неабходным аргументам на карысць ідэі вяртання да каранёў калі не ў літаральным, то ў ментальным сэнсе. Інтуітыўна гэта адчуваюць нават дзеці: на тэрыторыі Музея народнай архітэктуры і побыту сёлета гарэзы знайшлі забаўку з сенам: з задавальненнем раскідвалі яго ды скакалі праз стог. Таты і мамы не адставалі. Зрэшты, падчас гэтага фестывалю таксама дапамагаюць узгадаць народныя гульні і танцы — на цэлы дзень імпрэзы прадуманыя. А калі стаміўся — то і падсілкавацца традыцыйнымі стравамі (блінамі, напрыклад) можна. Ці ежай духоўнай, пра што паклапаціліся фотамастакі ды мастакі Васіль Пяшкун, Ганна Сілівончык, Алесь Шатэрнік.

Але ж усе чакалі вечара, каб на галоўнай сцэне паслухаць айчынныя гурты ды чаканых гасцей «Th e Doox», «Onuka». Але фестывалі на вольным паветры заўсёды рабіць рызыкоўна: можа ўмяшацца надвор’е. Сёлета арганізатарам давялося даваць тлумачэнні, чаму беларускі гурт «Shuma» так і не паспеў выступіць. Ды ж не канцэртам адзіным жывы фестываль…

Напэўна, найперш трэба ўзгадаць яго першапачатковую задуму: сродкі ад продажу квіткоў ідуць на рахунак Музея народнай архітэктуры і побыту, на рамонт і падтрыманне ў належным стане аб’ектаў драўлянай архітэктуры. Гэта больш, чым канцэрт, фестываль ці шоу. І калі гэтая мэта спрацавала, то ўсё было недарэмна. А налета — да дзесяцігоддзя — усё яшчэ можна адпрацаваць. Галоўнае, што ёсць дзеля каго: «Камяніца» ўжо прыцягвае як брэнд.

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.