На гэтым тыдні, 28 верасня — 1 кастрычніка ў Мінску будзе праходзіць пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый біскупаў Еўропы (РКБЕ) — найбольш уплывовай касцельнай арганізацыі ў Еўропе. Наша краіна ўпершыню стане гаспадыняй пасяджэння РКБЕ. Яно будзе прысвечана моладзі і будучыні кантынента як супольнага дома. Рашэнне аб правядзенні было прынята падчас мінулагодняга падобнага форуму кіраўнікоў каталіцкіх епіскапатаў Еўропы, які праходзіў 6—9 кастрычніка 2016 года ў княстве Манака, паведамляецца на партале catholіc.by.
У апублікаваным звароце Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, адзначыў, што правядзенне пленарнага пасяджэння — гэта вялікі гонар як для Касцёла ў Беларусі, так і для нашай краіны ў цэлым. «Падзея, якая чакае нас, з'яўляецца беспрэцэдэнтнай у гісторыі каталіцкага Касцёла і нашай Бацькаўшчыны. Яшчэ ніколі Беларусь адначасова не наведвала паўсотні вышэйшых іерархаў каталіцкага Касцёла старога кантынента», — лічыць ён.
На думку іерарха, у той жа час гэта і вялікая адказнасць, якая ўскладаецца на каталіцкі Касцёл у Беларусі, які летась адзначыў сярэбраны юбілей свайго адраджэння. Надыходзячы форум — гэта прызнанне ролі каталіцкага Касцёла як у нашай краіне, так і ў Еўропе. А таксама знак салідарнасці еўрапейскіх католікаў з беларускімі і павагі да нашай краіны. «Трэба прызнаць, што не апошнюю ролю ў выбары месца правядзення Пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый біскупаў Еўропы, акрамя дынамічнага працэсу адраджэння Касцёла, адыгралі добрыя адносіны з рознымі веравызнаннямі, асабліва з праваслаўнай Царквой, і таксама канструктыўны дыялог з дзяржаўнымі ўладамі і грамадствам», — адзначыў арцыбіскуп.
Іерарх запрасіў духавенства і вернікаў прымаць удзел у набажэнствах з удзелам старшынь біскупскіх канферэнцый Еўропы, якія адбудуцца ў наступных мінскіх касцёлах: 28 верасня ў 19.00 у касцёле Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл), 29 верасня ў 18.30 у касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (архікатэдра), 30 верасня ў 18.30 у касцёле Найсвяцейшай Тройцы (Залатая Горка).
Даведачна
Рада Канферэнцый біскупаў Еўропы бярэ свой пачатак з 1965 года, калі падчас сустрэчы 13 кіраўнікоў нацыянальных епіскапатаў у Рыме быў заснаваны камітэт, накіраваны на развіццё магчымасцяў для больш цеснага супрацоўніцтва на ўзроўні мясцовых епіскапатаў. Устаноўчы сход Рады адбыўся 23—24 сакавіка 1971 года.
Вераніка ПУСТАВІТ
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.