Вы тут

У Гродне прайшоў конкурс на лепшую самаробную кнігу твораў Скарыны


У рабоце над самавыданнем поўнасцю забаранялася выкарыстоўваць камп'ютарную тэхніку ці чужыя пераплёты. Усю кнігу — ад першай да апошняй старонкі — трэба было зрабіць уласнымі рукамі.


Аказалася, што многія гродзенцы не супраць таго, каб паспрабаваць сябе ў ролі друкароў. Прычым яны павінны былі адмовіцца ад усіх сучасных дасягненняў, а карыстацца толькі тымі матэрыяламі, якія маглі быць 500 гадоў таму. Напрыклад: скура, тканіна, папера, саломка. Пры гэтым удзельнікі конкурсу былі пастаўлены ў больш складаныя ўмовы, бо ім забаранялася нават друкаваць.

Усяго на конкурс з усіх куткоў вобласці паступіла больш за 100 выданняў, якія зроблены як творчымі калектывамі, так і асобнымі майстрамі. Разам з уласнымі кнігамі гродзенцы даслалі нават скульптурную выяву самога Скарыны. Дарэчы, гэта работа ўвайшла ў шэраг пераможцаў конкурсу.

Па словах дырэктара Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Карскага Лідзіі Мальцавай, конкурс на лепшую самаробную кнігу праходзіць другі раз і прымеркаваны да Дня беларускага пісьменства. Да яго далучыліся не толькі бібліятэкі, але і цэнтры рамёстваў, школы і гімназіі, асобныя кнігалюбы. Калі першы раз было толькі паўсотні ўдзельнікаў, то цяпер іх стала ў два разы больш. Дырэктар прадпрыемства «Гроднааблсаюздрук» Павел Скрабко ўпэўнены, што конкурс захаваецца і надалей. Гэта ўнікальныя выданні, якія зроблены не толькі з майстэрствам, але і з душой.

Самаробныя кнігі ацэньваліся па аб'ёме працы — за які тэрмін яны зроблены. Так, цісненне скуры для пераплёту патрабуе больш часу, чым, напрыклад, пераплёт з тканіны. Таму і бал выстаўляўся вышэйшы.

Майстры карысталіся рознымі тэхнікамі. Былі тут кнігі з бяросты, інкрустацыя саломкай, вышыўка, арыгамі... Разам з тым усе выданні сваім зместам мелі афармленне твораў першадрукара Францыска Скарыны альбо іншых беларускіх асветнікаў. Лідзія Мальцава запэўніла, што ўсе самаробныя выданні будуць алічбаваны і ўвойдуць у электронную базу бібліятэкі, а самі экспанаты зоймуць месца ў фондзе рэдкай кнігі.

Вынікі конкурсу падведзены падчас першага абласнога фестывалю кнігі.

У тэму

Да 500-годдзя беларускага друку ў Новым замку Гродна дэманструецца багатая калекцыя рэдкіх і старадрукаваных кніг і перыядычных выданняў. Самымі каштоўнымі экспанатамі лічацца кнігі-першадрукі, ці інкунабулы, якія выдадзены да 1500 года. На выстаўцы можна ўбачыць «Трактат па логіцы» прафесара Кракаўскага ўніверсітэта Яна Глагоўскага, лекцыі якога па філасофіі падчас навучання слухаў і Францыск Скарына.

Дэманструецца ў Новым замку прыжыццёвае выданне «Тэзісаў» Марціна Лютэра, які быў сучаснікам беларускага друкара, і ёсць падставы лічыць, што знакамітыя асобы былі знаёмы паміж сабой.

Шырока прадстаўлены старажытныя італьянскія выдаўцы эпохі ранняга Рэнесансу. У першую чаргу родапачынальнік вядомай дынастыі Альдам Мануцый, які праславіўся тым, што першы пачаў друкаваць кнігі невялікага фармату і ўвёў нумарацыю старонак. Менавіта новы фармат паспрыяў таму, што кніга «Італьянскія вершы» Франчэска Петраркі, выдадзеная ў 1501 годзе тыражом 100 тысяч экзэмпляраў, была хутка раскуплена. Таксама на выстаўцы ў Гродне можна ўбачыць поўны збор твораў знакамітага Петраркі выдання 1581 года. Італьянскі след ёсць і ў біяграфіі Францыска Скарыны. У Падуанскім універсітэце ён здаў экзамен на атрыманне навуковай ступені па медыцыне.

У больш позні перыяд выходзіць з друку «Хроніка Еўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваньіні, дзе еўрапейскія чытачы знаёмяцца з гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага і партрэтамі вялікіх князёў. У экспазіцыі нямала каралеўскіх кніг. У свой час яны знаходзіліся ў бібліятэках французскага караля Людовіка ХV, апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ.

Усяго ў фондах Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея захоўваецца звыш 20 тысяч рэдкіх старадрукаваных кніг і 12 тысяч рэдкіх перыядычных выданняў. Фонд музея саступае толькі Нацыянальнай бібліятэцы і бібліятэцы НАН Беларусі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Услед за першадрукаром

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.