Вы тут

Адсутнасць у Беларусі нобелеўскіх лаўрэатаў — з-за сціпласці беларусаў


Адсутнасць у нашай краіне нобелеўскіх лаўрэатаў і намінантаў на гэту прэстыжную прэмію старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, акадэмік Уладзімір ГУСАКОЎ тлумачыць сціпласцю беларусаў.


Фота БЕЛТА

— Я лічу, не трэба быць такімі сціплымі, неабходна заяўляць пра сябе ў поўны голас. Так, гэта няпростая працэдура, трэба фарміраваць вялікі пакет дакументаў, заручыцца падтрымкай навукоўцаў і ў ЗША, і ў Еўрасаюзе. Але гэта трэба рабіць. Паверце, нам ёсць чым ганарыцца і што прадставіць сусветнай навуковай супольнасці, — паведаміў на сустрэчы з журналістамі Уладзімір Гусакоў.

У пачатку снежня ў Мінску пройдзе ІІ з'езд вучоных Рэспублікі Беларусь. Плануецца, што з'езд будзе праходзіць на працягу двух дзён. Удзел у ім возьмуць 2100 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў краіны. Чакаецца прыезд вялікай колькасці вядомых навукоўцаў з Расіі, іншых краін СНД, замежных акадэмій навук, сусветных навукова-даследчых арганізацый і цэнтраў. Дэлегаты і запрошаныя госці прымуць удзел у пленарным пасяджэнні. Яно пройдзе ў Палацы Рэспублікі. Чакаецца, што ў другі дзень работы з'езду са зваротам да беларускіх вучоных выступіць кіраўнік дзяржавы. У рамках з'езду будуць працаваць 9 секцый, прысвечаных асноўным напрамкам развіцця навукі і міжнароднаму супрацоўніцтву. Прадугледжана таксама арганізацыя работы секцыі «Моладзь у навуцы».

2017 год аб'яўлены ў Беларусі Годам навукі і правядзенне з'езду стане яго выніковым мерапрыемствам, так бы мовіць, заключным акордам. Мяркуецца, што на з'ездзе будуць вызначаны асноўныя, найбольш актуальныя, задачы і напрамкі развіцця навуковай сферы на далёкую перспектыву, выпрацаваны генеральная стратэгія развіцця айчыннай навукі ў эканоміцы, мадэль новай эканомікі, канцэпцыя доўгатэрміновай навукова-інавацыйнай бяспекі краіны.

Так, на разгляд дэлегатаў будзе вынесены дакумент пад назвай «Стратэгія: навука і тэхніка 2030—2040», работа над якім зараз вядзецца. «Ён вызначыць развіццё навукі і эканомікі Беларусі на цэлыя 10 гадоў: якой павінна быць навука, каб развівалася эканоміка краіны, і якой павінна стаць эканоміка ў працэсе інтэграцыі з навукай, — падкрэсліў Уладзімір Гусакоў. — Свет сёння знаходзіцца на парозе новай прамысловай рэвалюцыі пад назвай «індустрыя 4.0». Мы таксама павінны развівацца ў гэтым кантэксце. Ствараюцца воблачныя тэхналогіі, дзякуючы якім чалавек можа рэгуляваць, кіраваць, атрымліваць інфармацыю, а гэтыя тэхналогіі адначасова яе апрацоўваюць і даюць яму рэкамендацыі. Мы рухаемся да інтэлектуалізацыі грамадства, калі будзе стварацца вытворчасць без людзей на базе кіравання праз інтэрнэт рэчаў. Цяпер мы гаворым ужо не толькі пра інтэрнэт рэчаў, а пра інтэрнэт усяго, калі чалавек, напрыклад, дома можа кіраваць тым, што адбываецца ў офісе, адначасова працаваць з банкам па сваіх рахунках, працаваць з медыцынскімі ўстановамі, сэрвісам сацыяльных паслуг. І гэта не фантастыка, а недалёкая будучыня...

Адзін з найважнейшых дакументаў, над якім сёння таксама вядзецца работа, указ кіраўніка дзяржавы аб павышэнні заробкаў вучоных. Па словах старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, плануецца даць кіраўнікам навуковых арганізацый права на дыферэнцыяцыю аплаты працы навуковых работнікаў.

— Калі сёння ўсё даволі строга ў гэтым плане рэгламентавана, то ўсе абмежаванні будуць знятыя. І кіраўнік зможа, напрыклад, на вучоным савеце прыняць рашэнне аб істотнай дыферэнцыяцыі аплаты працы работнікаў нават у адным падраздзяленні, у адной лабараторыі, нават калі тыя займаюць аднолькавыя пасады, — падзяліўся папярэдняй інфармацыяй Уладзімір Гусакоў. — Усё будзе залежаць ад выніковасці іх працы, ад прыцягнутых сродкаў, прычым заробак можа адрознівацца ў два-тры разы...

Старшыня Прэзідыума НАН звярнуў увагу і на пытанне аплаты працы маладых вучоных. «Мы павінны прыцягваць таленавітых маладых людзей у навуку. Мяркуем, што гэты ўказ паспрыяе замацаванню ў навуцы таленавітай моладзі», — дадаў ён

Плануецца, што ўказ будзе прыняты да ІІ з'езду вучоных Беларусі.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Заключны акорд

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?