Вы тут

Прэзідэнт прыняў з дакладам старшыню Камітэта дзяржкантролю


У Палацы Незалежнасці працягваюць абмеркаванне пакета дакументаў па лібералізацыі бізнесу і разняволенні дзелавой ініцыятывы. Учора падчас рабочай сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанідам Анфімавым разглядаўся праект указа Прэзідэнта «Аб мерах па ўдасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці».


Фота БЕЛТА

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што да 1 кастрычніка ўсе дакументы, якія датычацца работы прадпрымальнікаў, бізнесу, павінны быць канчаткова разгледжаны і падпісаны.

— За выключэннем аднаго закона, які будзе разгледжаны ў першых чыслах кастрычніка, у пачатку работы нашага парламента, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Больш за ўсё гэтыя пытанні знаходзяцца ў полі зроку нашага бізнесмена. Гэта натуральна. Адказваць у нас хочуць па мінімуме, а свабоды — паболей. Нам ні ў якім разе нельга весціся, як модна сёння казаць, на гэтыя хітрыкі. Мы сапраўды павінны прыбраць усё лішняе, што перашкаджае рабоце людзей, прадпрыемстваў, але кантроль павінен заставацца.

У той жа час кантроль дзяржавы не павінен перашкаджаць бізнесу працаваць. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў рамках названага праекта Указа ўжо абмяркоўвалі пераход ад карнага ўхілу дзяржаўнай кантрольнай дзейнасці да прафілактычнай работы:

— Мы сыдзем ад планавых праверак, змесцім акцэнт на так званыя выбарачныя праверкі. Я заўсёды гэтага патрабаваў: правярайце каго хочаце, але ў вас павінны быць падставы. У вас павінны быць канкрэтныя прычыны таго, што вы прыйшлі на прадпрыемства да бізнесмена, фізічнай, юрыдычнай асобы. І калі такія падставы ёсць — калі ласка, ідзіце. Але калі вы прыйшлі, і гэтыя падставы не пацвердзіліся, вы павінны за гэта адказваць.

Прэзідэнт запатрабаваў, каб на гэта была звернута асаблівая ўвага.

— Ніякіх пралазаў быць не павінна, — заявіў ён.

Наступны падыход да арганізацыі кантрольнай (нагляднай) дзейнасці — гэта скарачэнне колькасці падстаў для назначэння пазапланавых праверак.

— Мы таксама дамаўляліся пра тое, што правяраць будзем толькі тады, калі ўзбуджана крымінальная справа. У нас зараз практыка такая: з'явіліся нейкія матэрыялы, да крымінальнай справы ідуць праверачныя мерапрыемствы праваахоўных органаў, яны звяртаюцца да вас з даручэннямі, просьбамі — маўляў, давайце будзем правяраць гэты суб'ект гаспадарання. Не. Узбудзілі крымінальную справу — яна ўжо на кантролі — вось тады і правярайце. Тады можна пракантраляваць работу і праваахоўных органаў, і работу кантралёра, — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ёсць пытанне з прыпыненнем дзейнасці — часовай ці пастаяннай — таго ці іншага суб'екта гаспадарання.

— Мы дамовіліся пра тое, што гэта не справа кантралёраў, — адзначыў беларускі лідар. — Вы павінны пакласці на стол перад кіраўніком прадпрыемства, бізнесменам канкрэтныя прэтэнзіі. І ён няхай вырашае: працаваць яму ці лепш прыпыніць работу.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што была дамова: кантралёры таксама павінны несці пэўную адміністрацыйную адказнасць.

— Трэба, каб у гэтым нарматыўна-прававым акце падобная адказнасць была прапісана, — удакладніў кіраўнік краіны. — Няхай гэта будзе нейкі першы крок у гэтым кірунку, але ўсё ж такі яны павінны адчуваць сваю адказнасць. Натуральна, не перанапружваючы кантралёраў. А то мы зараз адаб'ём не тое, што ахвоту, мы ў кантралёраў увогуле ўсялякае жаданне працаваць можам адбіць падобнымі мерамі. Але адказнасць павінна быць ва ўсіх — у тым ліку ў кантралёраў.

Яшчэ адно пажаданне кіраўніка краіны датычылася аптымізацыі пераліку кантрольных органаў і сфер іх дзейнасці.

— Вы — кантралёр, вы — дзяржаўны чалавек, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Вы павінны выключыць усё лішняе, усё, што перашкаджае, і нават паглядзець наперад... Але ні ў якім разе вы не павінны «лібералізавацца» да такой ступені, што мы згубім кіруемасць.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Мінімум праверак, максімум адказнасці

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.