Вы тут

Анастасія Марыніна: Баскетбол 3х3 — гэта заўсёды відовішча


Баскетбол 3х3 — адзін з нямногіх гульнявых відаў спорту, што былі ўключаны ў праграму ІІ Еўрапейскіх гульняў. Аранжавы мяч быў прадстаўлены і на І гульнях у Баку, некаторыя кажуць, што менавіта праз Азербайджан пралягаў шлях баскетбола 3х3 на Алімпійскія гульні. Бо ўжо ў 2020 годзе ў Токіа ён будзе прадстаўлены на Алімпіядзе. Як пройдзе турнір у Мінску у 2019 годзе, колькі зборных будзе намі прадстаўлена і якая арэна прыме займальныя гульні, расказала выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі баскетбола Анастасія МАРЫНІНА.


Фота прадастаўлена БФБ.

З раніцы да позняй ночы

Зараз гэта адзін з тых відаў спорту, што развіваюцца найбольш хутка і паспяхова. На Алімпіядзе ў Токіа ён дэбютуе разам са скалалажаннем, скейтбордынгам і сёрфінгам. Чаму іх дадалі да алімпійскай праграмы? Гэта маладзёжныя субкультуры, здольныя адцягнуць падрастаючае пакаленне ад вуліцы і прыцягнуць да здаровага ладу жыцця, — расказвае Анастасія Уладзіміраўна.

Сапраўды, баскетбол 3х3 становіцца ўсё больш папулярным у Еўропе, бо гэты від спорту вельмі дынамічны, напрыклад, у адрозненне ад класічнага баскетбола, дзе матч доўжыцца каля дзвюх гадзін, гульня 3х3 праходзіць за 25 хвілін.

— Менавіта таму ён збірае вялікую аўдыторыю. Да таго ж баскетбол 3х3 — гэта заўсёды відовішча. Паралельна са спаборніцтвамі праходзяць данкерскія шоу, заўсёды прысутнічае група падтрымкі і музычнае суправаджэнне. У многіх краінах трансляцыя баскетбола 3х3 становіцца значна больш папулярнай за трансляцыю класічнага баскетбола.

Ужо некалькі гадоў у Мінску на «Палове-Арэне», якая размясцілася каля Палаца спорту, праходзяць спаборніцтвы па баскетболе 3х3 — турнір пад назвай «Палова», ён складаецца з чатырох этапаў, у кожным з якіх удзельнічаюць каля 100 камандаў, што таксама сведчыць аб немалой папулярнасці.

— Улетку студэнты і школьнікі на гэтай арэне з самай раніцы да позняга вечара. Сёлета арганізатары агучылі ініцыятыву пашырыць узрост і пачаць з катэгорыі 12 гадоў, а не з 16, як было раней, таму што вельмі многія хочуць паспрабаваць сябе ў гэтым відзе спорту.

Гульцам не будзе замінаць ні дождж, ні сонца

У Мінска ўжо ёсць невялікі досвед правядзення міжнародных турніраў у гэтым напрамку баскетбола. У 2015 годзе сталіца прыняла чэмпіянат Еўропы сярод моладзі (U-18), дзе наша жаночая зборная заняла 2-е месца, а мужчынская — 4-е.

— Можна сказаць, што гэта былі тэставыя спаборніцтвы для нас. Тады ніхто ў Беларусі яшчэ асабліва не ведаў, што такое баскетбол 3х3, людзі не бачылі гэты ўдасканалены від класічнага стрытбола. Трыбуны для гледачоў «Палова-Арэны» былі разлічаны на 650 пасадачных месцаў, але на матчах адначасова прысутнічала да 800 чалавек, гэта значыць, людзі хацелі глядзець баскетбол нават стоячы. Спаборніцтвы ў нашым відзе спорту ў рамках Еўрапейскіх гульняў пройдуць там жа. Вялікі плюс «Палова-Арэны» ў тым, што яна мае дах, гэта значыць мы абаронены ад нестабільных умоў надвор'я. Гульцам не будзе замінаць ні дождж, ні сонца. Цяпер прапрацоўваецца пытанне аб тым, каб павялічыць трыбуны да 1000—1500 месцаў.

Ужо вядома, што ў турніры возьмуць удзел 16 мужчынскіх і 16 жаночых камандаў. Зборная Беларусі, як бок, што прымае спаборніцтвы, атрымала «Whіtе саrd», астатнім трэба будзе адбірацца па рэйтынгу, які будзе складзены на 1 лістапада 2018 года.

— Тады стануць вядомыя ўсе ўдзельнікі. Сетка правядзення спаборніцтваў ужо ёсць, мы працуем у шчыльным узаемадзеянні з ФІБА Еўропа, Дырэкцыяй па правядзенні спаборніцтваў, Міністэрствам спорту і турызму краіны і РЦАП па гульнявых відах спорту. Як паказаў вопыт правядзення такіх спаборніцтваў на Еўрагульнях у Баку і на Азіядзе-2017 у Ашхабадзе, спаборніцтвы па баскетболе 3х3 — гэта вячэрняя праграма.

Баскетбол як хуткія шахматы

Анастасія Марыніна не хавае: вельмі хочацца, каб зборная Беларусі выступіла на Еўрагульнях годна, аднак сказаць, ці атрымаецца гэта, — складана, бо нашы каманды яшчэ ніколі не выступалі на такім высокім узроўні.

— Калі ўсё складзецца паспяхова на Еўрапейскіх гульнях у Мінску, то можна будзе казаць і пра тое, каб весці падрыхтоўку нашых зборных і да Алімпійскіх гульняў. Зараз сумесна з Мінспортам і Рэспубліканскім цэнтрам алімпійскай падрыхтоўкі па гульнявых відах спорту вядзецца работа па стварэнні нацыянальных камандаў па баскетболе 3х3, дзе будзе свой склад гульцоў і трэнерскі штаб. Нам неабходна годна прадставіць краіну, а зрабіць гэта без належнай падрыхтоўкі, вядома, немагчыма. Сярод кандыдатаў у зборную ў першую чаргу будуць разглядацца гульцы з баскетбола 5х5. Але варта памятаць, што не кожны гулец класічнага баскетбола (нават паспяховы) падыходзіць для баскетбола 3х3, і наадварот. Усюды ёсць свая спецыфіка. 3х3 — гэта вельмі хуткі баскетбол, там трэба валодаць выдатным трохачковым кідком, бліскучай рэакцыяй. Калі ў класічным баскетболе вельмі каштоўныя высокія гульцы (у мужчын за 220 см, а ў жанчын за 195 см), то ў баскетболе 3х3 адыходзяць ад гэтых стандартаў, цэняцца гульцы сярэдняга росту і дужага целаскладу. Спартсмены, якія належным чынам могуць весці сілавую барацьбу на пляцоўцы, вылучаюцца высокай тэхнікай вядзення мяча, і гульцы, якія ўмеюць імкліва прымаць правільнае рашэнне і рабіць кідок у кальцо.

Спартсмены — па вынік, гледачы — па задавальненне

Анастасія Марыніна адзначае, што свае нюансы ёсць не толькі ў гульні, але і ў арганізацыі турніру, яна таксама будзе адрознівацца ад класічнага баскетбола 5х5.

— 3х3 прасцейшы ў тым плане, што плошча меншая, відовішчнасць вышэйшая, але ў гэтай гульні, як я ўжо казала, дадаюцца моманты шоу. Напрыклад, работа дыджэя, на працягу ўсяго матча гучыць музыка — гучная, завадная, магчыма нават аўтарскія сэты дыджэяў. Гэта, вядома, недапушчальна ў класічным баскетболе, дзе ў цішыні мы чуем нават, як скрыпяць красоўкі па падлозе.

У Мінск прыедуць найлепшыя гульцы Еўропы, кіраўнікі міжнароднай і еўрапейскай федэрацыі, наша задача правесці ўсё на высокім арганізацыйным узроўні. Стварыць добрыя ўмовы для работы прэсы, добрыя ўмовы для суддзяў, выдатныя ўмовы для гульцоў і камфортныя ўмовы для гледачоў. Каб яны добра правялі час усёй сям'ёй, купілі нейкую сувенірную прадукцыю. Бо спартсмены прыязджаюць па вынік, а гледачы прыходзяць атрымаць эстэтычнае задавальненне не толькі ад барацьбы на пляцоўцы, але і ад усяго антуражу вакол.

Ну і, вядома, не варта забываць, што любое правядзенне міжнародных спаборніцтваў (асабліва калі каманда выступае паспяхова) спрыяе прытоку дзяцей у секцыі. А гэта вельмі важна, таму што сучасныя дзеці лічаць за лепшае займацца гульнявымі відамі спорту, такімі як футбол, хакей і баскетбол, у камп'ютары. Там яны ўсе паспяхова выступаюць, а наша задача выцягнуць іх з віртуальнай рэальнасці ў звычайную, каб дзеці сапраўды займаліся спортам. Мы разумеем, што вельмі маленькі працэнт у будучыні стане прафесійнымі баскетбалістамі, але затое працэнт нашмат большы тых, хто будзе проста здаровым, арганізаваным, адказным і дысцыплінаваным.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.