Вы тут

Як «Звязду» хавалі ад педагогаў...


У журналісцкай практыцы так здараецца: доўга збіраеш інфармацыю для нейкага артыкула, выслухваеш розныя бакі, выязджаеш у камандзіроўку, уяўляеш, які рэзананс можа выклікаць твая будучая публікацыя, але па факце замест шторму атрымліваецца лёгкі брыз. Але бывае і інакш. 2 сакавіка 2010 года ў «Звяздзе» выйшаў мой артыкул «Прыцягальнасць прафесіі педагога ў грамадстве імкліва зніжаецца», прысвечаны пытанням, якія ўзнімаліся на сумеснай калегіі Міністэрства адукацыі і Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Размова ішла пра нізкія заробкі настаўнікаў, неабходнасць замацавання ва ўстановах адукацыі маладых спецыялістаў, смехатворныя выплаты педагогам на метадычную літаратуру, псіхалагічнае становішча ў калектывах пасля пераводу педагагічных работнікаў на кантрактную форму найму...


Пісала я пра гэта і раней. Праз тыдзень атрымліваю ліст ад «настаўніка адной са школ Віцебскай вобласці». Менавіта так ён падпісаўся. Але, нягледзячы на яго ананімнасць, праігнараваць такі крык душы мы не мелі маральнага права. Педагог пісаў: «З цікавасцю прачытаў артыкул Надзеі Нікалаевай... Шмат думак узнікае на гэты конт. Нельга не пагадзіцца з аргументамі пра павышэнне статусу педагогаў, аднак хочацца адзначыць тое, што рэальнае вырашэнне праблемы ажыццяўляецца занадта марудна. Пакуль Міністэрства адукацыі будзе павышаць статус педагогаў на ўзроўні дэкларацый, школа страціць сапраўдных Настаўнікаў. Зразумела, што педагогам чалавек павінен станавіцца не выпадкова, што настаўнік павінен быць высокамаральным чалавекам. Аднак тыя абставіны, у якіх знаходзяцца сучасныя педагогі большасці агульнаадукацыйных навучальных устаноў, не самым лепшым чынам спрыяюць павышэнню прафесійнай кампетэнтнасці і духоўнасці настаўнікаў....

Як жа Міністэрства адукацыі збіраецца фарміраваць «высокапрафесійнае асяроддзе» пры такім стане рэчаў, калі зарплата настаўніка і прыбіральшчыцы на паспяховым прадпрыемстве практычна аднолькавая, а часам у прыбіральшчыцы і больш высокая?..»

Наш ананімны аўтар прыцягнуў увагу да многіх вострых момантаў, пра якія не прынята было казаць уголас, і завяршыў сваё пасланне наступнымі словамі: «Магчыма, мой ліст і не будзе надрукаваны, бо прозвішча сваё не пакідаю. І не папракайце, калі ласка, мяне ў маладушнасці і непрынцыповасці, бо на нязгодных заўсёды знаходзіцца ўправа (ды яшчэ якая!). Магу сказаць толькі, што пад гэтым лістом падпісалася б дастатковая колькасць маіх калег».

Але мы гэты ліст надрукавалі і запрасілі педагогаў далучыцца да дыскусіі, паабяцаўшы прааналізаваць усе крытычныя заўвагі разам з Міністэрствам адукацыі. Тое, што адбылося далей, інакш як выбухам не назавеш: абмеркаванне на нашым сайце доўжылася паўтара года. Настаўнікі пакідалі свае каментарыі, пісалі ў газету, — у мяне па сённяшні дзень захоўваецца папка з лістамі, напісанымі ад рукі. Гэта былі часы, калі людзі яшчэ давяралі свае думкі паперы... А «Звязда» з нумара ў нумар затым друкавала самыя цікавыя допісы на сваіх старонках, за што дзякуй смеласці і прынцыповасці нашага колішняга галоўнага рэдактара. І ўжо гэтыя публікацыі выклікалі новую хвалю думак і меркаванняў.

Прывяду толькі некаторыя з іх:

• «Працую ў школе, таму магу сцвярджаць, што кожнае сказанае слова — абсалютная праўда. Крыўдна і прыкра. Не могуць людзі, якія адчуваюць сябе непаўнавартымі, выхаваць самадастатковых людзей».

• «Я проста здзіўлены, што «Звязда» адважылася падняць такую балючую тэму. Гонар вам і мае сімпатыі! Дарэчы, я ведаю, што ў адной са школ адміністрацыя хавае нумар «Звязды» ад 17 сакавіка, каб педагогі не змаглі пабачыць разважанні настаўніка з Віцебшчыны на свае ўласныя вочы. Вось табе і галоснасць! Але ўсё роўна ў педкалектыве ідзе гарачае абмеркаванне гэтай праблемы. Трэба аб'ядноўвацца, каб Міністэрства адукацыі пачало неяк рэагаваць на выкарыстанне настаўнікаў у якасці затычак ва ўсе дзіркі».

• «Прыязджаў нядаўна ў нашу школу інспектар ДАІ. Застаўся незадаволены адсутнасцю дзіцячых малюнкаў на тэму правілаў дарожнага руху. А настаўнікам сказаў, што тыя пойдуць даіць на ферму кароў. Мы і падумалі, што на ферме з намі праблем не будзе: да сваіх абавязкаў мы будзем ставіцца добрасумленна: гарэлку не п'ём, не курым, выхаваныя, адукаваныя. Карацей кажучы, не прападзём. Можа, хоць там скажуць нам дзякуй за працу?»

• «Гатовы падпісацца пад кожнаю літараю артыкула пра становішча настаўнікаў. Крыўдна, горка. А калі ў сям'і два настаўнікі? Раней мы ганарыліся сваёй прафесіяй, а цяпер пры незнаёмых людзях сорамна прызнацца, што ты школьны настаўнік. Шчыры дзякуй «Звяздзе» за праўду».

• «Хто калі-небудзь цікавіўся дзецьмі настаўнікаў і тым, як яны выхаваныя? Самыя гаротныя дзеці — настаўніцкія!!!! Матуля па тэлефоне кіруе лячэннем, расказвае, як прымаць таблеткі, дае парады, як суп варыць. З хатнімі заданнямі да мамы-настаўніцы і не падыходзь, бо ад школы млосна. Трэба быць цяглавым канём, каб цалкам аддавацца рабоце. Але на першым месцы павінна быць, я лічу, сям'я (муж, дзеці) і здароўе. Калі вы — жанчыны, так і будзьце імі! А вашы вымовы ад раённага аддзела адукацыі нікуды не падзенуцца...»

• «Вы б пабачылі, колькі спускаюць розных загадаў, конкурсаў і г. д. А не прымеш удзел, значыць, ты не працуеш. Настаўнік чым толькі не павінен займацца, а калі ж займацца падрыхтоўкай урокаў? І, самае галоўнае, ніхто цябе слухаць не жадае...»

• «Псіхалогію настаўніка, сфарміраваную яшчэ з часоў савецкай школы, змяніць няпроста. Калі ў нашу школу ўваходзіць начальнік аддзела адукацыі, усе імкнуцца знікнуць, таму што не абаронцу і не прадстаўніка сваіх інтарэсаў бачаць у ім, а «карающую десницу». А той сам не з усімі вітаецца, але абураецца: «Дрэнна выхоўваеце дзяцей, яны са мной не вітаюцца!» Усе вакол ведаюць, як вучыць і выхоўваць дзяцей, даюць бясконцыя метадычныя рэкамендацыі, а настаўнік толькі згодна ківае галавой, робіць аналіз і складае справаздачы, фальсіфікуе вынікі вучэбнай і выхаваўчай работы (крый божа, каб тыя былі горшыя, чым у папярэднім годзе), піша бясконцыя праекты, нарысы, вершы і цягне непасільную ношу адказнасці за жыццё і здароўе вучня ў школе, па дарозе са школы дамоў, дома, на вуліцы, на дыскатэцы. І паспрабуй абурыцца! Усё пастаўлена з ног на галаву».

• «Я працую ў школе ўжо больш як 15 гадоў, і я хачу вучыць дзяцей. Мяркую, што і ім мая работа падабаецца. Але паверце, мяне забівае, што мая дарослая дачка ўжо каторы год глядзіць на мяне з жалем. А што будзе далей?»

• «Як я ў дзяцінстве ганарылася, што мая маці — настаўніца! Сама пайшла па гэтай сцяжынцы. А цяпер... Пакажыце мне нармальную маці, якая ДОБРААХВОТНА кіне сваіх непаўналетніх дзяцей і ўначы пойдзе дзяжурыць на дыскатэку. І мужа, які адрэагуе на гэта спакойна. Тым больш што такія дзяжурствы ніяк не аплачваюцца. Ты толькі нясеш адказнасць за ўсіх і ўсюды. Бацькі на дыскатэку дзіця адпусцілі, а ты павінен сачыць за іх дзіцем. А калі, крый божа, што з ім здарыцца, то бацькі будуць пацярпелымі, а школа, якая за вучнем не дагледзела, вінаватая. Абсурд!»

• «Удзячныя рэдакцыі вашай газеты за смеласць, а калі што-небудзь пасля публікацый зрушыцца з месца, то нізкі паклон вам ад настаўніцтва!»

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.