19 Кастрычнік, чацвер

Вы тут

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб


Самабытныя, смачныя і пазнавальна-творчыя святы адбыліся сёлета ў розных раёнах Гродзеншчыны. Так, памідорная сталіца вобласці Іўе славіла памідор, згатаваўшы трохметровы бутэрброд. У Астраўцы варылі каву з жалудоў. А на Карэліччыне ўшаноўвалі яблыкі, мёд, хлеб, бульбу, лён — кожнай сельскагаспадарчай культуры прысвяцілі асобнае мерапрыемства з песнямі, конкурсамі і нацыянальнымі стравамі. Усе святы ладзіліся ўпершыню, аднак іх арганізатары ўпэўненыя, што такія побытавыя фэсты стануць брэндавымі візітоўкамі раёнаў.


Лён-фэст суправаджаўся песнямі ды танцамі.

Пасееш лён — пажнеш золата

Нашы прадзеды казалі «лён любіць паклон», падкрэсліваючы цяжкую і доўгую працу з гэтай раслінай. Сеялі яго ў пачатку лета, напрыканцы жніўня рвалі ды вязалі ў снапы. З першым снегам лён мялі, каталі ў кудзелю і пралі ў ніці. І толькі па вясне ткалі.

Лён-фэст, які зладзілі ў вёсцы Цінявічы на Карэліччыне, атрымаўся па народнаму каларытным і гістарычна-пазнавальным. Госці пабачылі, як калісьці нашы продкі з абрадавымі песнямі рвалі лён і вязалі яго ў снапы.

Перад прыстасаваннямі для апрацоўкі льну лапата для хлеба, зробленая Дзям'янам Гурыным у 1930-м. Усе экспанаты, дарэчы, у рабочым стане.

— З гэтых снапоў незамужнія дзяўчаты бралі шэсць сцяблінак. Сціскалі ў руцэ пасярэдзіне і ніткай абвязвалі з канцоў пучка па дзве сцяблінкі. Калі абодва канцы супадалі — гэта была прыкмета да шлюбу, — расказала Наталля ГАРОДНІК, дырэктар Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

Што рабілі з раслінай далей, можна было ўявіць, паглядзеўшы на выстаўку сельскіх прылад. Галіна ЗІНЕВІЧ, акампаніятар сектара «Баранавіцкі сельскі клуб» паказала, як на церніцы лён церлі, пасля трапалі яго траплом, часалі на драўляных ці жалезных шчотках. Усе рэчы сапраўдныя, іх збіралі па хатах ад людзей, якія захавалі спадчыну сваіх бацькоў і дзядоў.

Га­лі­на Зіневіч чэ­ша лён на шчот­цы з жа­лез­ны­мі зу­ба­мі, вы­раб­ле­най у 1920 го­дзе і па­до­ра­най клу­бу Ма­ры­яй Дзям'­я­наў­най Гу­рын. З па­кул­ля, што за­ста­ва­ла­ся на зу­бах шчот­кі, пас­ля ра­бі­лі ля­лек. Пе­рад жан­чы­най — цер­ні­ца, якую клу­бу па­да­ры­ла Яў­ге­нія Іва­наў­на Ко­паць. А кры­жа­па­доб­ная пры­ла­да, на якую на­мот­ва­лі ні­ці, на­зы­ва­ец­ца ка­зёл.

Наталля ДАСЬКО, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Карэлічы-Лён» расказала, што іх прадпрыемства вырабляе дзясяткі відаў доўгага і кароткага льновалакна для розных тканін, ільняны шпагат, ільняны алей. А адносна нядаўна пачалі выпускаць паліўны брыкет з ільну.

Арганізатары свята падрыхтавалі сюрпрыз для сям'і ЧЫЧКАН. Яўген і Вікторыя нядаўна адзначылі льняное вяселле — чатыры гады. Сімвалічны падарунак ім уручыла Іна САНЧУК, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА «БСЖ», якая расказала, што льнаводства — адна з галоўных галін сельскай гаспадаркі раёна.

Наталля Дасько паказвае, што вырабляе лепшае ў краіне льняное прадпрыемства «Карэлічы-Лён».

— Кветкі льну на гербе Карэліч — своеасаблівы сімвал нашай мясцовасці. З валакна ткалі палатно, стваралі прадметы побыту, майстравалі цацкі. Лён — кашуля ў полі, казалі даўней.

Усе ахвотныя маглі вырабіць сямейны абярэг — ляльку-мотанку ў выглядзе хлопчыка і дзяўчынкі, сплеценых коскай.

— Усе абярэгі не шыюцца, а матаюцца з ільняных ніцяў з дабаўленнем чырвонай ніткі. Немаўлятам яны вешаюцца на руку, ад суроку ў хаце яны вешаюцца пры дзвярах, — растлумачыла Юлія БАЯРЭНКА, загадчык аддзела рамесніцкай дзейнасці «Раённы Дом рамёстваў».

За мяжой падарунак з ільну лічыцца дарагім прэзентам і вельмі цэніцца, упэўнена Марына БАНІФАЦЬЕВА, майстрыха з Кобрына, якая на свята прывезла свае вырабы: вышываныя льняныя сукенкі, кашулі, цацкі, сурвэткі. Яе майстэрства добра ведаюць не толькі дома, але і далёка за межамі краіны: у Расіі, Італіі, Германіі, Іспаніі, Грэцыі. Шыць жанчына пачала гадоў 15 назад.

— Спачатку шыла царкоўную адзежу, у тым ліку і з ільну, яе дагэтуль носяць яшчэ. Пасля знаёмыя сталі рабіць замовы. Я паспрабавала — цяпер адзін від кашуль шыю адразу: ад 39-га да 48-га памеру па каўнерыку, — смяецца яна. — Людзі вяртаюцца да льняных тканін. Вырабы з іх сапраўды прыгожыя, і прасаваць іх не так цяжка, як думаюць, — дастаткова недасушыць крыху пасля мыцця. Некаторыя носяць лён і ўзімку, і я ў тым ліку. Калі ўжо пахадзіў у льне, складана вярнуцца да звычайнага адзення.

Госці свята змаглі не толькі паслухаць пра лён і пабачыць, што з яго можна рабіць, але і паўдзельнічаць у конкурсах на стварэнне лепшага абярэгу і пляценне самай прыгожай касы з ільну, паспрабаваць сябе ў скоках у льняных мяхах і ў матанні ў клубок ільняной ніці. А таксама пачаставацца кісялём з ільнасемем з дабаўленнем мёду і брусніц ды крэкерамі з ільнасемем.

Жалудовая кава і дуб з металалому

У старадаўнія часы ў адной мясцовасці людзі пакланяліся дубу і чараўніку. Зняважаны такім стаўленнем Пярун пакараў іх. Дрэва і чараўніка — знішчыў, а людзей ператварыў у камяні. Гэтую легенду на свяце, прысвечаным сімвалу Астраўца — дубу, што змешчаны на гербе горада, мясцовыя бібліятэкары «ажывілі» ў тэатралізаваным прадстаўленні.

А вы ведалі, што разьбу па дрэве можна рабіць бензапілой?!

Іншыя незвычайныя мерапрыемствы таксама датычыліся віноўніка ўрачыстасці — дуба. Гэтае дрэва было зроблена і з металалому, і з паперы, і з булачкамі замест лісця. На фотавыстаўцы-конкурсе «Дуб у аб'ектыве» найлепшы здымак вызначаўся ў трох намінацыях: «Сэлфі з дубам», «Прыгажосць і моц дуба» і «Сямейнае дрэва». 200 работ 44 удзельнікаў настолькі ўразілі арганізатараў і гасцей свята, што выстаўку вырашана было зрабіць перасовачнай, каб яе змаглі пабачыць жыхары навакольных вёсак.

У Аст­раў­цы вы­рас­ла асаб­лі­вая дуб­ро­ва!

Кавай у «Жалудовай кавярні» частуюцца Ігар Шалудзін, старшыня Астравецкага райвыканкама і Наталля Сенюць, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.

Гарадскі лясны парк упрыгожыўся аб'ёмнымі фігурамі, якія сімвалізавалі дуб. Тут жа прайшоў пленэр рэзчыкаў па дрэве бензапіламі, якія на вачах у гледачоў магутнымі прыладамі стваралі фантастычныя драўляныя вырабы. А непадалёк ад Астраўца высадзілі новую дуброву з маладзенькіх дрэўцаў.

Госці свята змаглі паўдзельнічаць у квэсце-гульні «У пошуках дуба» і падсілкавацца ў «Жалудовай кавярні» кавай з жалудоў і кісялём з яе, блінамі з жалудовай мукі ды малочным жалудовым супам.

ГАЗ Астравецкага райЦГЭ, дзе наведвальнікам абяцалі мыйку, парылку і лекавыя працэдуры.

Цюльпаны з памідораў і бульбяны бум

Галоўным героем свята ў Іўі быў памідор. Таматны касцюм апрануў ледзьве не кожны: ад удзельнікаў святочнага шэсця да гандляроў у палатках. Падчас мерапрыемства закаталі сімвалічны слоік з новым ураджаем памідораў. Згатавалі трохметровы бутэрброд з памідорамі і «цюльпаны» — памідоры з начынкай са сцяблінамі з пер'я цыбулі.

Памідор — кароль свята ў Іўі.

Сімвал жыцця і працы хлеб, а таксама працу хлебаробаў славілі на свяце хлеба ў аграгарадку Малюшычы, што на Карэліччыне. Падчас мерапрыемства госці змаглі навучыцца вязаць снапы з калосся, ляпіць арыгінальныя фігуркі з цеста і масцікі і танцаваць побытавыя танцы. Усе ахвотныя частаваліся свежай выпечкай і фатаграфаваліся ў адзенні пекара і хлебароба.

Та­кія цу­доў­ныя і ад­мет­ныя стра­вы з буль­бы зга­та­ва­лі  мяс­цо­выя гас­па­ды­ні.

Галоўная гераіня свята бульбы — бульбачка разам з персанажам восені.

А ў мінулыя выхадныя Карэліцкі край ушаноўваў «другі хлеб» у аграгарадку Ярэмічы. Пачэснай госцяй свята была, вядома, бульбачка. Персанаж у адмысловым касцюме бульбы, створаным спецыяльна да мерапрыемства мясцовай майстрыхай, вадзіў карагоды, сачыў за конкурсам, як правільна саджаць бульбу, і проста весяліў гасцей. Стравамі з бульбы на конкурсе «Бульбяны бум» — дранікамі з мясам, бульбянымі піражкамі ды мініяцюрнымі кошычкамі з бульбін з грыбамі — частавалася не толькі журы, але і ўсе прысутныя.


Аляксандр ВЯРСОЦКІ, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама:

«Сёлетнія побытавыя мерапрыемствы ў Гродзенскай вобласці — вынік жадання, каб на тэрыторыі раёнаў прыжыліся святы, звязаныя з традыцыямі мясцовасці. Напрыклад, «Ганненскі кірмаш», які ў Зэльве аднавілі не так даўно, праводзіўся тут яшчэ некалькі стагоддзяў таму. Аднак шэраг раёнаў да сёння не мелі сваіх свят, хоць ім ёсць чым пахваліцца. Уся Беларусь і нават замежнікі ведаюць, дзе растуць найлепшыя беларускія памідоры, таму фестываль «Іўеўскі памідор» удала падкрэсліў гэтую ідэю. А Смаргоншчына, сусветна вядомая сваімі абаранкамі, — адна з першых мясцін, дзе пачыналі гатаваць гэты ласунак, а, можа, не выключаю, адсюль яны і пайшлі.

Упэўнены, што ўсе гэтыя фестывалі з году ў год будуць набіраць абароты. Для Гродзенскай вобласці гэта значыць, што рэгіёны сталі яшчэ больш прывабнымі для турыстаў. Ну і канешне, гэта даніна павагі традыцыям мінуўшчыны і людзям, якіх мы ўспомнілі і якім падзякавалі за тое, што яны калісьці рабілі».

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Фота аўтара, Івана ДЗЯТЛОВІЧА і БЕЛТА

Загаловак у газеце: Што летам уродзіцца...

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арыгінальныя лекі ці джэнерыкі?

Арыгінальныя лекі ці джэнерыкі?

Які шлях абраць, каб не адстаць ад канкурэнтаў.

Грамадства

У старажытным Нясвіжы распачалася новая праваслаўная трыдыцыя

У старажытным Нясвіжы распачалася новая праваслаўная трыдыцыя

У мінулую нядзелю прайшоў хросны ход у гонар Абраза Багародзіцы Адзігітрыі. 

Грамадства

Гісторыі беларусаў, якія працуюць пасля 90 гадоў

Гісторыі беларусаў, якія працуюць пасля 90 гадоў

«Інтэрв'ю? Ну, толькі калі хутка, а то ў мяне вельмі шмат работы», — сказаў адзін з нашых герояў, калі тэлефанавалі дамовіцца на сустрэчу.