Вы тут

З кола кніжнікаў


Жыццё ў навуцы настаўніка-бібліятэкара, прафесара Васіля Лявончыкава

Доктар педагагічных навук, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, акадэмік Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі пры ААН (г. Масква), член-карэспандэнт Беларускай акадэміі адукацыі сёлета адзначыў 80-годдзе, але працягвае выкладаць.


Ураджэнец Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці скончыў бібліятэчны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага. З 1962 года сам стаў выкладаць шэраг дысцыплін бібліяграфічнага цыкла. Прайшоў шлях ад старшага выкладчыка да дэкана бібліятэчнага факультэта. З адкрыццём у 1975 г. Мінскага інстытута культуры быў прызначаны на пасаду дэкана бібліятэчнага факультэта, а з 1983 г. абраны прафесарам кафедры бібліяграфіі і яе загадчыкам. Узначальваў кафедры бібліяграфіі, бібліяграфіі і дакументазнаўства, тэорыі і гісторыі інфармацыйна-дакументных камунікацый.

Васіль Лявончыкаў першым у Беларусі абараніў не толькі кандыдацкую дысертацыю ў галіне бібліяграфазнаўства, але і стаў першым і пакуль адзіным доктарам навук у гэтай галіне даследаванняў. Ступень кандыдата навук яму была прысуджана за абарону дысертацыі на тэму «Агульная рэтраспектыўная бібліяграфія кніг Беларусі: гісторыя і тэарэтычныя пытанні» (1969), падрыхтаваную падчас навучання ў аспірантуры Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры пад кіраўніцтвам вядомага бібліяграфазнаўцы прафесара А. Д. Эйхенгольца. У 1988 г. у г. Маскве В. Е. Лявончыкаў абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Сістэма бібліяграфічнай інфармацыі саюзнай рэспублікі: тэарэтыка-метадалагічныя праблемы».

Сёння Васіль Емяльянавіч працягвае выкладаць на факультэце інфармацыйна-дакументных камунікацый агульнапрафесійныя і спецыяльныя вучэбныя дысцыпліны: «Тэорыя інфармацыі і камунікацыі», «Асновы навуковадаследчай работы», «Тэарэтыка-метадалагічныя праблемы бібліяграфазнаўства, бібліятэказнаўства і кнігазнаўства». Магістрантам і аспірантам ён дапамагае авалодаць метадалогіяй навуковых даследаванняў.

Навуковыя інтарэсы Васіля Лявончыкава шырокія і накіраваны на асэнсаванне трансфармацый бібліяграфіі і бібліятэчнай справы ў адпаведнасці з патрэбамі грамадства: гэта тэарэтыка-метадалагічныя праблемы бібліяграфазнаўства, бібліятэказнаўства і кнігазнаўства, гісторыя беларускай бібліяграфіі, бібліятэчная адукацыя, інфармацыйная культура, бібліятэчная камунікатывістыка, інфармацыйная свабода і інфармацыйная бяспека ды інш.

Васіль Емяльянавіч з’яўляецца аўтарам 4 манаграфій, 2 вучэбных дапаможнікаў, шэрагу тыпавых праграм, артыкулаў па тэорыі, гісторыі, методыцы беларускай бібліяграфіі, праблемах бібліятэчных камунікацый, бібліяграфічнай дзейнасці ў сістэме бесперапыннай адукацыі; першага выдадзенага ў Беларусі «Рускабеларускага слоўніка бібліятэчных і бібліяграфічных тэрмінаў» (у суаўтарстве с Л. А. Дзямешка) і «Тлумачальнага слоўніка бібліятэчных і бібліяграфічных тэрмінаў» (у суаўтарстве з Л. А. Дзямешка і Р. І. Саматыем). Мае каля 300 апублікаваных работ.

Васіль Емяльянавіч надае вялікую ўвагу падрыхтоўцы навукова-педагагічных кадраў. Ён быў адным з арганізатараў стварэння аспірантуры ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, дзе абіраўся старшынёй і намеснікам спецыялізаваных саветаў па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Прафесар В. Е. Лявончыкаў — стваральнік навуковай педагагічнай школы ў галіне бібліяграфазнаўства, бібліятэказнаўства і кнігазнаўства, прадстаўнікі якой працуюць у Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, БДУКМ, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Нацыянальнай кніжнай палаце, рэспубліканскіх галіновых, абласных, раённых, гарадскіх бібліятэках. За час існавання навуковай школы былі абаронены адна доктарская (Р. С. Матульскі) і 19 кандыдацкіх дысертацый. Сярод уладальнікаў вучонай ступені кандыдата педагагічных навук — пяць грамадзян замежных краін.

Яго імя ўключана ў слоўнік Міжнароднага біяграфічнага цэнтра ў Кэмбрыджы (2005 г. ), у даведнік «Хто ёсць хто на акадэмічным Алімпе» (г. Масква, 2004) Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі пры ААН.

Вучоны зрабіў вялікі ўнёсак у стварэнне грамадскай арганізацыі бібліятэчных спецыялістаў — Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі, першым прэзідэнтам якой ён быў цягам 1992 — 1993 гг., а зараз з’яўляецца яе ганаровым членам.

 Сёння Васіль Емяльянавіч па-ранейшаму нязменны навуковы лідар, мэтанакіраваны і настойлівы ў пошуках, адказны і патрабавальны да сябе і калег настаўнік, дарадца і выхавацель некалькіх пакаленняў бібліятэкараў краіны.

Вера КАСАП

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?