Вы тут

Розныя абліччы класіка


Іх заўсёды параўноўвалі: Янка Купала і Якуб Колас — два волаты беларускай літаратуры, якія нарадзіліся ў адзін год, былі паэтамі і сябрамі. Аднак па жыцці і ў творчасці — зусім не падобныя адзін да аднаго. Шанец зразумець гэта ў поўнай ступені даюць дзве кнігі, якія выйшлі сёлета ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» да юбілею кожнага з класікаў. Пра тое, якім быў Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч у звычайным жыцці, расказваюць людзі, што ведалі яго вельмі блізка.


Кніга «Якуб Колас. Вобразы мілыя роднага краю…», укладальнікам якой стаў Віктар Шніп, складаецца з трох раздзелаў: «Наш Колас» — успаміны пра народнага пісьменніка; «Родныя вобразы» — вершы розных гадоў; у трэцім раздзеле змешчана паэма «Новая зямля».

Выданне аздоблена шматлікімі фотаздымкамі не толькі самога Коласа, але і яго родных і сяброў. Асабліва цікавымі падаюцца выявы маладога Кастуся — напрыклад, 1908 года, вокладкі першых выданняў («Песні жальбы»).

Колас — селянін. Кніга пачынаецца са «Слова пра бацьку» Данілы Міцкевіча, аднаго з сыноў Якуба Коласа. У яго расповедзе можна знайсці звесткі пра тое, як сялянскае паходжанне назаўсёды адбілася на асобе і ладзе жыцця паэта. Гэта і звычка рана ўставаць, пачынаць дзень з фізічнай працы, і добрае веданне народных прыкмет, і бесперапынны клопат пра ўраджай… Шмат цікавых звестак аўтар успамінаў падае пра куткі, якія былі дарагія сэрцу паэта, — Мікалаеўшчыну, Акінчыцы, Ласток, Альбуць, Цёмныя Ляды, Смольню… Колас — садоўнік.

Даніла Канстанцінавіч адзначае, што ўсё жыццё яго бацькі так ці інакш было звязана з садам. Дзе б ні знаходзіўся яго прытулак, ён заўсёды дбаў пра тое, як уладкаваць сад... Яскравым прыкладам сталі прысады з чатырох дубоў і бярозы як сімвал сям’і Коласа: бяроза ўвасабляе жонку Марыю, а дубы — яго самога і трох сыноў, у тым ліку і загінулага падчас Вялікай Айчыннай вайны сярэдняга сына Юрку. Прысады ўпрыгожваюць музейную сядзібу і цяпер.

Колас — грыбнік. Пісьменнік быў сапраўдным грыбніком, у лесе ён адпачываў душой. З сабой каго-небудзь браў рэдка. Ды неадназначна ставіўся да палявання.

Колас — сем’янін. Успамінае пра бацьку і малодшы сын Міхась Міцкевіч. Ён адзначае, што для яго «забранзавелы» класік Якуб Колас быў звычайным бацькам у самым лепшым сэнсе слова. Шмат Міхась Канстанцінавіч распавядае пра жаночы вобраз у творах і пра жанчын у жыцці Коласа ўвогуле, асабліва пра лепшага сябра — жонку Марыю Дзмітраўну, якая пайшла з жыцця раней за Коласа.

Колас — строгі настаўнік. Найцікавейшыя старонкі з жыцця Якуба Коласа раскрывае Янка Маўр. Напрыклад, успамінае сваю першую сустрэчу з маладым тады яшчэ Кастусём: «Невысокага росту, хударлявы, з высокім ілбом, з чорнымі вусікамі і эспаньёлкай, ён здаваўся вельмі спакойным і сур’ёзным. Нездарма некаторыя таварышы называлі яго “дзедам”. Мне, напрыклад, так і не давялося ўбачыць, каб ён гучна зарагатаў ці, як кажуць, пакаціўся ад смеху. А між тым гэты 23-гадовы “дзед” у спрэчках, жартах, сатырычных заўвагах ні ад каго не адставаў. Толькі рабіў ён гэта ціха, спакойна, з ледзь прыкметнай, “коласаўскай” усмешкай». Менавіта Янка Маўр расказвае, як праходзіў той нелегальны сход настаўнікаў, у якім удзельнічаў і Колас і за які яны так пакутавалі пазней.

Колас — дамасед. Мікола Аўрамчык зазначае, што ў адрозненне ад Янкі Купалы, які калі-нікалі прыходзіў на абмеркаванні твораў іншых аўтараў, Якуб Колас ніколі не бываў на іх. Пры жыцці паэта іншых пісьменнікаў здзіўляла, што ён толькі зрэдку выказваецца аб творчасці і праблемах беларускай літаратуры, дбаючы ў той самы час пра збор камення з палёў. Як мастак слова ён рабіў карысную справу ў сваіх творах, а як звычайны чалавек турбаваўся пра тое, што можна было б зрабіць для агульнага дабрабыту.

Постаць Якуба Коласа надзвычай шматгранная. Для таго, каб зразумець усю глыбіню коласаўскай натуры, не хопіць аднаго чытання вершаў ці біяграфіі. Успаміны — вось ключык, які дапаможа пазнаёміцца з адным з лепшых сыноў Беларусі.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».