Вы тут

Галоўныя памылкі ў нашым харчаванні


У пагоні за прыгажосцю многія марнуюць свой арганізм неправеранымі дыетамі нават не падазраваючы, што аснова здароўя і добрага самаадчування — правільнае харчаванне. Для таго каб арганізм атрымліваў неабходную колькасць пажыўных рэчываў і засвойваў іх, неабходна прытрымлівацца пэўных правілаў. Якія прадукты дапамогуць разнастаіць рацыён харчавання, расказала ўрач-дыетолаг, намеснік галоўнага ўрача медыцынскага цэнтра зніжэння вагі Марта МАРУДАВА.


— Як з дапамогай рацыёну падтрымаць фізічнае і псіхалагічнае здароўе?

— Сапраўды, вага — гэта не толькі наш фізічны стан, але і псіхічны, і псіхалагічны ў тым ліку. Цяпер, восенню, вельмі важна есці тыя прадукты, якія хоць крыху адрозніваюцца ад зімовага і летняга рацыёну. Варта аддаваць перавагу цёплай ежы. Бо калі становіцца холадна, хочацца цяпла, сонца, святла, таму з дапамогай прадуктаў, напрыклад рагу або какавы, можна падняць сабе настрой і прыём ежы зрабіць смачным, правільным і карысным. Пры гэтым не варта забываць, што восенню ёсць і праблема сезоннай садавіны. Напрыклад, цяпер шмат кавуноў, дынь і іншых прысмакаў, якія чалавек ужывае бескантрольна, але важна не забываць, што ў іх шмат цукру, таму ў рацыёне яны павінны быць у невялікай колькасці.

— Якія прадукты варта абавязкова ўключыць у сваё меню восенню, каб быць стройнай і прыгожай?

— Уключаць у свой рацыён трэба ўсю сезонную садавіну. Яна карысная для любога чалавека, бо важна папаўняць свой арганізм вітамінамі. Але ўжываць бескантрольна іх усё ж нельга. Калі мы ядзім кавуны — гэта не палова кавуна адразу. Любую садавіну мы ўжываем паштучна: адзін-два бананы, два персікі. Гэта тое, што павінна быць строга лімітавана.

— Можаце агучыць асноўныя правілы здаровага харчавання?

— Іх усяго некалькі. Першае — гэта дробнае харчаванне. Максімальны прамежак паміж прыёмамі ежы не павінен перавышаць 3,5—4 гадзіны. Фактычна рацыён чалавека павінен складацца з трох вялікіх прыёмаў ежы: сняданак, абед, вячэра і два перакусы ў залежнасці ад таго, у колькі гадзін чалавек кладзецца спаць. Другое правіла — рухомы лад жыцця. Бо калі чалавек харчуецца правільна, але пры гэтым суткамі ляжыць на канапе, ні пра якую стройнасць гаворкі быць не можа.

— Калі не хапае часу паўнавартасна паабедаць, што можна ў такім выпадку з'есці, каб добра сябе адчуваць?

— Калі не хапае часу на паўнавартасны абед, то з сабой адназначна трэба нешта браць. Гэта могуць быць агародніна, арэхі, нейкі фрукт, галоўнае, — ежа заўсёды павінна быць пад рукой. Бо голад мае ўласцівасць назапашвацца. І тады чалавек ўвечары будзе пераядаць, што паўплывае на самаадчуванне.

— За колькі гадзін да сну можна нешта з'есці?

— За паўтары-дзве гадзіны. Наогул, ёсць пэўныя стандарты для чалавека, які зніжае вагу. Напрыклад, 350 ккал павінна складаць вячэра дзяўчыны ці жанчыны. Калі гэта мужчына, то не больш за 450 ккал, для таго каб з цяжкім жыватом не ўкладвацца спаць і назаўтра раніцай не прачынацца з нейкімі праблемамі.

— Усё-такі, калі хочацца скінуць пару лішніх кілаграмаў, якую дыету лепш выбраць?

— Напэўна, шмат хто будзе здзіўлены, але лішняя вага не лечыцца дыетамі. Ёсць шэраг дыягназаў, калі да лекара прыходзіць чалавек і кажа, што хацеў бы вылечыць язвавы каліт або атапічны дэрматыт. У такім выпадку прызначаецца канкрэтная дыета: прыбіраецца канкрэтны прадукт альбо падбіраецца набор прадуктаў, з дапамогай якіх можна вылечыцца ад пэўнага захворвання. Калі мы гаворым пра стройнасць і зніжэнне вагі, то, як ні парадаксальна, — гэта лечыцца ежай. Для таго каб худзець, трэба есці. І стройнасць — усё ж такі не дыета, а рухомы лад жыцця.

— А што трэба разумець пад актыўным ладам жыцця?

— 10 тысяч крокаў — тая норма, якую чалавек павінен прайсці за дзень. Гэта дзесьці каля гадзіны хадзьбы, што складае 5—6 кіламетраў. Але хадзіць трэба штодня, без усялякіх паблажак. Актыўны лад жыцця — гэта яшчэ і знаходзіцца на свежым паветры, гэта не гульні за камп'ютарам, а гульні на вуліцы: футбол, рызіначкі, класікі. Бацькам трэба максімальна займаць дзяцей, знаходзячыся з імі па-за домам.

— Цяпер модна сядзець на розных дыетах. Напрыклад, на працягу тыдня ўжываць толькі агародніну і садавіну. Мэта такой дыеты — скінуць пару лішніх кілаграмаў звычайна дасягаецца. Але як гэта ўплывае на здароўе?

— Добра, калі ў вас няма ніякіх захворванняў. Калі вы пасядзіце на такой дыеце, самаадчуванне не пагоршыцца. Але калі чалавек з лішняй вагой мае шэраг хранічных захворванняў, то гэта небяспечна, паколькі можна выклікаць абвастрэнне ўжо існуючых дыягназаў. Таму, калі вы хочаце неяк перагледзець сваё харчаванне, лепш звярнуцца па кансультацыю да доктара.

— А мужчынам таксама важна сачыць за сваёй вагой?

— Так. Першая прыкмета здаровага мужчыны — гэта аб'ём таліі. Калі ён перавышае 94—96 сантыметраў, варта ўжо падумаць, што ў рацыёне нешта не так. Таксама як і дама, ведаючы, што аб'ём яе таліі большы за 84 сантыметры, павінна перагледзець сваё харчаванне і лад жыцця.

— Бывае такое, што здаецца, быццам нічога не ясі, але вага набіраецца. Што рабіць у такім выпадку?

— Першае, з чаго я рэкамендую пачаць і што безумоўна працуе, — гэта вядзенне харчовага дзённіка. Калі чалавек скрупулёзна запісвае ўсё тое, што ён з'еў і выпіў на працягу дня, тады многае становіцца зразумелым і без спецыяліста.

— Колькі кілаграмаў у месяц можна скінуць без шкоды для арганізма?

— Калі мы гаворым пра самастойнае скідванне вагі, без медыцынскай дапамогі, то гэта не больш за 3—4 кілаграмы ў месяц. Калі гаворка ідзе пра іншыя лічбы, то без кансультацыі спецыяліста тут не абысціся. Калі мэта — утрыманне вагі, у якой вы зараз знаходзіцеся, тады павінен быць бялок у рацыёне, складаныя вугляводы і мінімум тлушчаў. Калі мы працуем на тое, каб скінуць вагу, то тут трэба будзе скрупулёзна хоць бы першы час падлічваць бялкі, тлушчы і вугляводы, каб разумець, адкуль бяруцца гэтыя самыя лішнія кілаграмы.

Каб быць у форме, трэба правільна харчавацца і пастаянна рухацца — не некалькі тыдняў, а на працягу ўсяго жыцця. Есці ж можна і трэба смачна, разнастайна, карысна, пры гэтым імкнуцца атрымаць як мага больш станоўчых эмоцый.

Карына ВАКУЛІЧ

Загаловак у газеце: Для таго каб худзець — трэба есці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?