Вы тут

У Мінску пройдзе фестываль для ўсёй сям'і «Казачны джэм»


Што можа атрымацца, калі ў майстэрню да мамы забяруцца дзве маленькія сястрычкі? Таямнічая швейная машынка раптам ажыве і замахае крыламі, разгоніцца хуткім цягніком і заскрыпіць старым патэфонам. Мамчыны тканіны ператворацца ў горы і рэкі, травы і кветкі, маленькія шпулькі запульсуюць, нібы барабанчыкі, а стужкі і клубкі нітак... Але не будзем раскрываць сакрэты, бо лепш убачыць усё на ўласныя вочы.

Калі вы яшчэ не вырашылі, як расквеціць гэтыя дажджлівыя вераснёўскія дзянькі, ёсць ідэя. У сталіцу ўжо сёння завітае свята казкі і чараўніцтва. Пройдзе «Казачны джэм» з 21 па 24 верасня адразу на некалькіх пляцоўках.


Для маленькіх гледачоў і іх бацькоў творчыя калектывы падрыхтавалі свае найлепшыя пастаноўкі як на беларускай, так і на рускай мове. У прыватнасці, бэбі-тэатр «Бусы» пакажа спектакль «Птушка-цягнік-патэфон», тэатр лялек, святла і ценю «Дом сонца» — «Начны садоўнік», лялечны тэатрык «Лямцавая батлейка» — «Хутчэй, Мама Му!», ParadoxPіnoccіo — «Брыдкае птушаня», студыя «Варгін» — «Касмічныя прыгоды». З Брэста прыедзе калектыў «Напротив», з Віцебска і Салігорска — «Цыбулькавы тэатр». BabyBox — госці з Тулы. У фестывалі прыме ўдзел і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа, — калектыў пакажа спектакль па гісторыях Сяргея Казлова пра Вожыка і Медзведзяня «Трам! Вітаю!». Усе гэтыя тэатральныя паказы можна паглядзець у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (вул. Някрасава, 3).

Паралельна на сцэне дзіцячага тэатра «Кропка» (пр-т Пераможцаў, 9) польскі калектыў Art Fractіon Foundatіon пакажа спектакль-інсталяцыю без слоў «Лабірынт». Гэта пастаноўка для самых маленькіх гледачоў — ад 0 да 3 годзікаў. Сам жа тэатр «Кропка» падрыхтаваў для дзетак шоу-квэст «Падарожжа ў Ізумрудны горад». Казачны дзень у РНПЦ дзіцячай хірургіі 24 верасня арганізуюць клоўны Funny nouse.

Акрамя тэатральных паказаў усіх наведвальнікаў фестывалю чакаюць чытанні казак уголас ад прафесійных артыстаў, а таксама надзвычай цікавыя творчыя майстэрні. Падчас майстар-класаў дзеткі будуць ствараць цуды сваімі рукамі. І ўсё гэта ў неймаверна казачнай атмасферы.

Па традыцыі («Казачны джэм» ладзіцца ў Мінску ўжо трэці раз), абяцаюць арганізатары фестывалю, на працягу ўсіх чатырох дзён будзе шмат жывой музыкі. У прыватнасці, акцёры і музыканты агучаць казкі на старых плёнках у праекце «Дыяфільм Lіve». Дарослыя панастальгуюць, а дзеці атрымаюць магчымасць зазірнуць у дзяцінства бацькоў, бабуль і дзядуль.

«Казачны джэм» — унікальная магчымасць для бацькоў і іх дзетак убачыць адразу некалькі спектакляў, прычым не толькі сталічных тэатральных калектываў, але і прыезджых. А таксама адкрыць для сябе новыя дзіцячыя кнігі беларускіх і замежных аўтараў. Апроч таго, фестываль можа натхніць бацькоў на творчае выхаванне сваіх дзетак, ператварыць іх у сапраўдных чараўнікоў. Менавіта з гэтай мэтай у пятніцу вечарам для тых мам і татаў, якім цікава паспрабаваць стварыць дома сямейны тэатр, запланаваны бясплатны майстар-клас.

Звычайна тэатральныя фестывалі разлічаны на шырокую аўдыторыю, праз іх за дзень праходзяць тысячы людзей. Але «Казачны джэм» — выключэнне. Гэта вельмі камерны фестываль, яго могуць наведаць толькі 50 сем'яў у дзень. Усё гэта зроблена для таго, каб захаваць сямейную атмасферу свята, каб дзеткам было камфортна знаёміцца з тэатральным мастацтвам.

Надзея ДРЫЛА

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Казачны джэм

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?