Вы тут

Як з таленавітага школьніка атрымаць інавацыйнага бізнесмена?


У банку адоранай моладзі налічваецца 882 студэнты ВНУ, 71 магістрант і 240 аспірантаў. Як не прапусціць талент, павялічыць гэты інтэлектуальны рэзерв і ў будучыні эфектыўна задзейнічаць на прадпрыемствах? Меркаваннем падзяліліся спецыялісты.


У банк адораных уваходзяць пераможцы міжнародных прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў.

— Дзяржава ўзяла на сябе місію зафіксаваць самыя значныя вынікі і аказаць падтрымку таленавітым маладым людзям. Гэты інструмент выклікае захапленне і нават зайздрасць у замежных калег, — адзначае загадчыца кафедры маладзёжнай палітыкі і сацыякультурных камунікацый Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Людміла КАЖУХОЎСКАЯ.

Па яе словах, у нас добра развіты інстытут куратарства. Так, былы школьнік, які праявіў сябе на алімпіядзе, пры паступленні ва ўніверсітэт не страціць свой патэнцыял. За юнаком замацуюць куратара, які выбудуе яго адукацыйную і навуковую дзейнасць ад першага дня да моманту размеркавання.

Аднак ёсць пытанне, якое патрабуе ўвагі, — гэта суправаджэнне адоранай моладзі на працоўных месцах. Трэба наладзіць сувязь паміж работадаўцамі і ўстановамі вышэйшай адукацыі.

Памножыць магчымасці маладога пакалення і выявіць іх здольнасць займацца бізнесам дазваляе стартап-рух. Людзі, якія ўдзельнічаюць у такіх мерапрыемствах, з'яўляюцца рэзервам для фарміравання крэатыўнага класа. А гэта неад'емны элемент эканомікі ведаў, да якой імкнецца наша краіна.

— Сёння крэатыўны клас — гэта крыху больш за 80 тысяч чалавек. Сярод іх даследчыкі-распрацоўшчыкі, вынаходнікі-рацыяналізатары, праграмісты, дызайнеры, маркетолагі і інавацыйныя прадпрымальнікі. А ў эканоміцы Беларусі занята 4,4 мільёна чалавек. Якасны зрух адбудзецца, калі доля крэатыўнага класа складзе 10 працэнтаў, — кажа начальнік упраўлення эканомікі інавацыйнай дзейнасці Міністэрства эканомікі Дзмітрый КРУПСКІ.

Стартап-рух у Беларусі набірае моц. Толькі параўнайце: калі ў 2012 годзе правялі 167 тэматычных мерапрыемстваў, дзе сабралася восем тысяч чалавек, то за мінулы год гэта ўжо 375 мерапрыемстваў і 20 тысяч удзельнікаў. Даць яшчэ большае развіццё гэтаму руху павінны новыя законы. Цяпер ва Урадзе знаходзіцца падрыхтаваны праект дэкрэта аб Парку высокіх тэхналогій. Ён прадугледжвае пэўныя льготы для інавацыйнага бізнесу. Дзмітрый Крупскі мяркуе, што пасля прыняцця дэкрэта ў год будзе інкубавацца 30—50 праектаў, а не 10—15, як зараз. За пяць гадоў пры нармальным ходзе падзей можна будзе «вырасціць» да 200 стартапаў. Гэта моцны інструмент для таго, каб эканоміка ведаў у нашай краіне прырастала.

Плануецца дапоўніць Указ №255 ад 2009 года: новая норма ўвядзе субсідыі для арганізатараў стартап-мерапрыемстваў. Дзяржпадтрымка дазволіць пакрываць асноўныя віды выдаткаў: выраб раздатачнага матэрыялу для ўдзельнікаў, аплата праезду экспертаў, працы бізнес-трэнераў і харчавання. Плануецца, што змены ва ўказе будуць прыняты ў першым квартале наступнага года. Але трэба адзначыць, што падобная дапамога ўжо аказваецца: у рамках Дзяржаўнай праграмы падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва на 2016—2020 гады на арганізацыю стартап-мерапрыемстваў запланавана выдзяленне сродкаў у памеры амаль 453 тысячы рублёў. У сталіцы гэтым карыстаюцца, а ў рэгіёнах пакуль з асцярогай ставяцца да новага інструмента.

Эксперт Мінэканомікі тлумачыць, чаму за стартап-рухам будучыня:

— Мы жывём у эпоху перамен. Навука стала рухаючай сілай. Любы бізнес мае на ўвазе выкарыстанне вынікаў навукова-практычнай дзейнасці і адпаведна камерцыялізацыю інавацый. Без гэтага ты ўжо не выйграеш у канкурэнтаў, збанкруцішся.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Рухавік эканомікі — крэатыўная моладзь

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.