Вы тут

Ці ўсім быць вундэркіндамі?


Не здзіўляйцеся, але афрыканцы да двух гадоў інтэлектуальна лепш развітыя, чым іх равеснікі ў еўрапейскіх краінах. Гэта тлумачыцца тым, што на гарачым кантыненце мамы, як правіла, паўсюдна носяць малых пры сабе, і немаўляты пастаянна ўспрымаюць наваколле, што дапамагае ім хутка развівацца. Пасля маленькія еўрапейцы абганяюць афрыканцаў у развіцці, бо пачынаюць адукоўвацца. Такі цікавы факт паказалі даследаванні вучоных. Здаецца, гэта павінна стымуляваць сучасных бацькоў пачынаць развіваць немаўлят ледзьве не з пялюшак, і чым большая нагрузка — тым лепш. Але не ўсё так проста. У раннім узросце (ад паўгода да трох) з дзецьмі трэба займацца толькі тым, што яны здольны ўспрыняць і зразумець, інакш атрымаецца не развіццё, а дрэсіроўка, якая праз гады нічым добрым не адгукнецца.


Не стаўце эксперыменты

Як дапамагчы немаўляці своечасова раскрыць свае здольнасці і не перагрузіцца інфармацыяй, як даведацца, што малы развіваецца «не па плане», і дзе шукаць дапамогі, карэспандэнт «Звязды» пацікавілася ў спецыялістаў.

— Наведваючы цэнтры ранняга развіцця, важна трапіць у рукі педагога, які ўмее і ведае, як працаваць з малымі. Такія ўстановы, як правіла, маюць добрае абсталяванне і дастаткова цацак. Аднак, на жаль, у некаторых цэнтрах з малымі працуюць спецыялісты, якія не маюць патрэбных ведаў і вопыту працы з дзеткамі да трох гадоў. Павярхоўнае веданне ўзроставай псіхалогіі і перыядызацыі ўменняў дзіцяці прыводзіць да таго, што заняткі маюць забаўляльны, а не развіваючы характар. Напрыклад, малым прапануюць у годзік нарэзаць паперу, каб зрабіць траву для вырабу, а ў паўтара — вучаць чытаць па кубіках Зайцава, — адзначыла Таццяна КУЛАШЧЫК, настаўнік-дэфектолаг Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Ілона ГЕРАШЧАНКА, магістр псіхолага-педагагічных навук, стваральнік міжнароднага адукацыйнага цэнтра Glоbаl Сhіld, аўтар методыкі дыягностыкі асобаснага патэнцыялу дзіцяці, упэўнена: як толькі дзіця пачынае садзіцца (месяцаў з шасці), яно гатовае стаць кліентам цэнтраў ранняга развіцця. Спецыялісты-прафесіяналы, якія ўмеюць карыстацца кожным момантам росту дзіцяці ў гэты час, дапамагаюць маладым бацькам рабіць тое, што ідзе на карысць дзецям, падказваюць, чым яны могуць займацца з малым самастойна, як яго развіваць.

— Ранні ўзрост (ад шасці месяцаў да трох гадоў) павінен быць менавіта ўзростам развіцця, а не навучання. Развіццё — гэта якасныя змены ў немаўляці, якія праяўляюцца ў розных уменнях: трымаць галоўку, садзіцца, хадзіць, размаўляць... Гэта адбудзецца з ім незалежна ад таго, ці будзе нехта займацца з малым або яго пакінуць самога па сабе. А вось навучанне — гэта ўжо ўплыў на дзіця, спецыяльна арганізаваны педагогам працэс уздзеяння на вучня, — мяркуе Ілона Герашчанка. — На жаль, у цэнтрах часта, у тым ліку і праз жаданне бацькоў, стараюцца як мага раней навучыць малога чытаць і пісаць. Аднак усяму свой час. Даючы пэўныя веды раней, мы выкідваем грошы і стамляем дзіця, якое не разумее, што ад яго хочуць, і нервуецца. Важна не ставіць на дзецях эксперыменты, якія могуць нашкодзіць.

Вучыцеся гуляць

Толькі 30% здольнасцяў дзіцяці перадаюцца яму генетычна, астатняе закладваецца сацыяльным асяроддзем. Мозг немаўляці пачынае развівацца ўжо на 3—4-м тыдні цяжарнасці, і першая інфармацыя паступае да яго яшчэ ў матуліным жываце.

— Пасля нараджэння мозг развіваецца паэтапна адпаведна сталенню дзіцяці. Таму ў кожным узросце вельмі важна задзейнічаць пэўныя працэсы, рабіць тыя дзеянні, якія дапамогуць мозгу развівацца адпаведна сваёй фізіялогіі, з аднаго боку, а з другога — дасягнуць таго, што бацькі хочуць атрымаць ад дзіцяці ў выніку развіцця і навучання, — перасцерагае Ілона Герашчанка.

Апошнія гадоў сем назіраецца перакос у бок інтэлектуальнага развіцця дзяцей, а пра эмацыйны стан немаўляці бацькі забываюцца, сведчаць спецыялісты.

— Часам сустракаеш дзетак, якія ведаюць у 2,5 года алфавіт, але не могуць сказаць «мама». Малы запамінае сімвалы, якія для яго нічога не значаць, але не мае камунікатыўных навыкаў. Наведванне цэнтраў ранняга развіцця для некаторых — увогуле фанабэрыстае спаборніцтва паміж мамамі, хто з дзяцей што ўмее. Зразумела, гэта не на карысць малым, тым больш што многія веды, якія даюцца ў такіх установах, пасля дублююцца ў школе, — папярэдзіла Аліна НІЧКАСАВА, псіхолаг Цэнтра ранняга ўмяшання 19-й дзіцячай паліклінікі г. Мінска. — На жаль, страчаны традыцыі гульні. А менавіта ў ёй нараджаецца эмацыйны інтэлект, які пасля фарміруе асобу. Чым лепш малы навучыўся гуляць, тым больш паспяховы ён будзе пасля ў навучанні. У цэнтры з малымі паляпілі, памалявалі, нешта яшчэ парабілі, а дома бацькі ўключылі ім мульцікі ці далі планшэт — і ўся гульня. Нават у двары яны цяпер хваляцца новымі гульнямі на тэлефоне, а не гуляюць разам.

З двух гадоў дзяцей трэба пачынаць не толькі і не столькі развіваць, як сацыялізаваць, каб яны лягчэй адаптаваліся да дзіцячага садка, а пасля — да школы, упэўнены педагогі. Для гэтага цудоўна падыходзяць розныя гурткі, асабліва тыя, што створаны непасрэдна пры гэтых установах.

— Як паказвае практыка, дзеці значна лягчэй адаптуюцца да садка і пераносяць адсутнасць бацькоў, калі перад гэтым займаюцца ў гуртку пры садзе, — запэўніла Васіліна ЖАРНАК, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада-ясляў №218. — Спачатку малыя прыходзяць да нас на заняткі разам з мамамі. Мы гадзіну займаемся з імі фізкультурай, малюем, развіваем мову. Пасля пакрысе бацькі застаюцца за дзвярыма, а дзеці незаўважна прывыкаюць да рэжыму дашкольнай установы. Што датычыцца іншых гурткоў, я вельмі рэкамендавала б хадзіць у басейн. Гэта дапаможа загартаваць і ўмацаваць малога.

Развівайце ў хатніх умовах

— Калі сям'я не ўпэўнена, ці правільна развіваецца немаўля, не трэба спрабаваць «выправіць» дзіця, аддаючы яго ў цэнтр ранняга развіцця. Неабходна ісці да прафесіяналаў: дэфектолагаў і псіхолагаў, якія валодаюць спецыяльнымі методыкамі развіцця малых. Яны працуюць у кабінетах ранняй комплекснай дапамогі пры паліклініках і ў цэнтрах карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, якія існуюць у кожным раёне Мінска, — параіла Таццяна Кулашчык.

У сталіцы існуе сем цэнтраў ранняга ўмяшання, што працуюць у сістэме аховы здароўя. Іх спецыялісты дапамагаюць развіваць дзіця адпаведна запытам бацькоў. Сутнасць такой тэхналогіі ў тым, што маці можа пракансультавацца з камандай спецыялістаў: дактароў, лагапедаў, псіхолагаў, каб атрымаць ацэнку развіцця свайго немаўляці пачынаючы з двух месяцаў. Калі патрэбна дапамога, малых уключаюць у праграмы, якія будуюцца на супрацоўніцтве бацькоў і спецыялістаў. Гэта можа быць кароткатэрміновая работа цягам трох месяцаў. Маніторынгавая — калі сям'ю кансультуюць і вучаць прыёмам камунікацыі, сумеснай гульнявой дзейнасці, правільным рухам і раз на два месяцы сочаць за іх поспехамі. Доўгатэрміновая праграма паказана дзецям, якія маюць затрымку ў развіцці. Уся дапамога — бясплатная.

— Здараецца, да нас прыходзяць маладыя мамы, якім цяжка наладзіць адносіны са сваім немаўлём, якія не адчуваюць з ім сувязі. І вельмі важна, што спецыялісты могуць падказаць, як развіваць дзіця ў хатніх умовах, выкарыстоўваючы прадметы з быту. Як стымуляваць яго рухі, што рабіць, калі малы пачынае пераварочвацца, паўзці, якія цацкі даваць, каб яны адпавядалі ўзроставым нормам і ўзроўню развіцця, — расказала Аліна Нічкасава. — Выконваючы рэкамендацыі спецыялістаў, сям'я можа мінімізаваць рызыку нейкіх магчымых праблем, што маглі б развіцца пазней. Мозг пластычны, і чым раней займацца нюансамі яго развіцця, тым лепш. Такі від дапамогі малым у супрацоўніцтве са спецыялістамі вельмі добры, бо ўкараняецца ў натуральным асяроддзі.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Сучасныя малыя ведаюць алфавіт, але не ўмеюць гуляць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».