Вы тут

Адкуль у Лагойску дэмаграфічны «выбух»?


Невялікі горад пад Мінскам у апошнія некалькі гадоў застаецца сярод лідараў па колькасці нованароджаных. Пры гэтым у горадзе ўзроставых жыхароў аж 35 працэнтаў. Кожная матуля, лічы, на рахунку. І паспрабуй пераканаць іх нарадзіць не адно, а... чацвярых ці нават шасцярых. Але ж атрымліваецца!


Першы ўзровень

Мясцовая жыхарка 29-гадовая Таццяна нарадзіла гэтымі днямі другое дзіця, хлопчыка вагой 3 295 кг. Яе дзеткі самі вызначылі найлепшы момант для з'яўлення на свет, роды лічыліся экстраннымі, а таму штораз матулі рабілі кесарава сячэнне. «Я давяраю нашым урачам, — кажа Таццяна, якая ўжо асвоілася ў двухпакаёвай палаце, дзе пакуль яны з сыночкам толькі ўдваіх. — Калі здарыцца трэцяя цяжарнасць, таксама тут нараджаць буду».

Усё ў будучых мамачак пачынаецца, як вядома, з жаночай кансультацыі. У Лагойскай цэнтральнай раённай бальніцы прыём вядуць два ўрачы, у кабінеце для аглядаў — апарат ультрагукавога даследавання. Так што за адзін візіт — максімум абследаванняў. Калі ж «хуткая» вязе парадзіху з ускладненнямі, то ўся ўрачэбная брыгада ледзь не каля варот сустракае пацыентку. Радзільнае аддзяленне злучаецца калідорам з аперацыйным блокам і рэанімацыяй (чаго раней не было), працуюць тут анестэзіёлаг-рэаніматолаг і неанатолаг, апошні, дарэчы, дзяжурыць разам з акушэрам-гінеколагам круглыя суткі. Транспартная брыгада ў любую хвіліну можа перавезці маму або дзіця на больш высокі ўзровень аказання меддапамогі, абласны або рэспубліканскі.

Кожныя дзясятыя роды ў лагойскай радзільні — партнёрскія. Урачы гэта толькі вітаюць, маўляў, мужчыны сапраўды дапамагаюць «мабілізаваць» жанчын. Праўда, некаторым пасля патрабуецца падтрымка псіхолага: нялёгка бачыць сваю жанчыну ў новай ролі.

На Лагойск прыпадае каля 500 родаў у год, прыкладна сотню з іх «забяспечваюць» пацыенткі з Калодзішчаў, Бараўлян і Астрашыцкага гарадка, калі «на мыйку» закрываецца абласная радзільня. Адны-двое родаў у дзень — гэта ў прамым сэнсе індывідуальны падыход. Калі ў жанчыны ёсць сур'ёзная экстрагенітальная паталогія, напрыклад эндакрынныя, сардэчна-сасудзістыя захворванні, значыць, для вядзення такіх родаў можа спатрэбіцца адпаведнае абсталяванне, якога ва ўстанове першага ўзроўню быць не можа. Такіх пацыентак накіроўваюць ва ўстановы аховы здароўя больш высокага ўзроўню.

— Літаральна за хвіліну ва ўстанове першага ўзроўню можна трапіць з перадродавага аддзялення ў радзільную залу, — удакладняе начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Беларусі Алена БОГДАН. — Пасля родаў жанчына застаецца ў радзільнай зале, каб на працягу дзвюх гадзін персанал мог назіраць за яе станам. Побач з гэтай залай ёсць пакой, дзе нованароджаным можна праводзіць фотатэрапію, ёсць кувезы і апараты са штучнай вентыляцыяй лёгкіх. Летась у краіне было 230 заўчасных родаў, 73 жанчыны пасля звярнуліся ў лячэбныя ўстановы, таму што ў большасці з іх штосьці пайшло не так, яны выклікалі «хуткую», каб атрымаць меддапамогу ва ўстановах аховы здароўя. Кожная жанчына павінна памятаць, што паказчык дзіцячай смяротнасці ў тры разы вышэйшы ў хатніх родаў у параўнанні з родамі, якія адбыліся пад наглядам медыкаў.

— Аборт — ненатуральнае дзеянне, заўсёды траўма, перажыванне, — разважае епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі ВЕНІЯМІН. — Важна, што сёння ёсць магчымасці пазбегнуць гэтага, але нехта павінен дапамагчы, сказаць добрае слова. Але толькі слова можа быць мала. Калі ў сям'і ўжо трое дзяцей, яна жыве ў аднапакаёўцы і чакае чацвёртага, то неабходна вырашыць жыллёвае пытанне, а для гэтага патрабуюцца сумесныя намаганні. Толькі тады наша грамадства будзе духоўна здаровым.

Падумайце, калі ласка

Вось ужо трэці год, як у Лагойскай бальніцы не выконваюцца аборты. Гэта адзіны горад у краіне, дзе прыжылася падобная практыка. Паводле закона, любы ўрач мае права адмовіцца ад штучнага перарывання цяжарнасці, калі няма пагрозы здароўю і жыццю жанчыны.

— Пасля таго як нашы ўрачы напісалі заявы аб адмове, аборты выконваюцца ў нас толькі па медыцынскіх і сацыяльных паказаннях, — тлумачыць галоўны ўрач Лагойскай цэнтральнай раённай бальніцы Юрый БУДЗЬКО. — Аднак мы абавязаны забяспечыць даступнасць і выкананне перарывання цяжарнасці і таму накіроўваем пацыентак у абласны раддом.

Яшчэ ў 2005 годзе Міністэрства аховы здароўя разам з Беларускай праваслаўнай царквой і сястрыцтвам іконы Божай Маці «Знаменне» пачало рэалізацыю рэгіянальных праграм, скіраваных на паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі. З'явілася такая праграма і ў Лагойску — паміж раённай бальніцай і прыходам храма Свяціцеля Мікалая. На базе бальніцы пачалі праводзіцца спецыяльныя семінары, нават адкрыўся малітоўны пакой, а летась нарадзіўся праект «Цуд нараджэння» — ініцыятыва ўрача акушэра-гінеколага Ірыны Казлоўскай і кіраўніка школы-студыі танца «Анаэль» Таццяны Кісялёвай. Не нараджайце дзяцей дзеля сямейнага шчасця, нараджайце іх дзеля шчасця ў сем'ях — вось аб чым гэты праект. Псіхалагічная, метадычная, практычная дапамога — да паслуг сям'і, у тым ліку і бацькі, у якога пытанняў можа быць не менш.

— Медыцынская дапамога — гэта комплекс медыцынскіх паслуг, скіраваных на захаванне, умацаванне і аднаўленне здароўя пацыентаў, а перарыванне цяжарнасці па жаданні жанчын у гэта паняцце ніяк не ўкладваецца, — кажа ўрач акушэр-гінеколаг Ірына КАЗЛОЎСКАЯ. — Летась мы правялі чатыры перарыванні цяжарнасці, тры — па медыцынскіх паказаннях, адно — па сацыяльных, са стэрылізацыяй, жанчыне, якая абавязана вяртаць грошы дзяржаве на ўтрыманне дваіх непаўналетніх дзяцей.

Усе цяжарныя абавязкова поўнасцю і бясплатна абследуюцца. Тыя сярод іх, хто не хоча захаваць дзіця, накіроўваюцца яшчэ на перадабортнае кансультаванне да псіхолага. Калі жанчына не памяняла свае планы, значыць яе накіроўваюць у Мінск або Мінскую вобласць на правядзенне самой працэдуры. Паслуга гэта, як вядома, платная. Сёлета 24 пацыенткі былі накіраваныя на перадабортнае кансультаванне, з іх 5 потым сталі на ўлік па цяжарнасці, адна ўжо нарадзіла, а 19 былі накіраваныя ва ўстановы аховы здароўя Мінска і Мінскай вобласці.

— Ніводзін з маіх пяцярых дзяцей не быў запланаваным, — расказвае кіраўнік лагойскай школы-студыі танца «Анаэль» Таццяна КІСЯЛЁВА. — Першую дачку я нарадзіла ў 18 гадоў, і мы з мужам гэта не планавалі. Але я вельмі рада, што чацвёра дзяўчатак і хлопчык прыйшлі ў маё жыццё. Кожны дапамог мне вырасці як чалавеку і жанчыне. Я ў іх многаму вучуся. Варвара з Васілісай часам плануюць, колькі ў іх будзе дзяцей, і мяне так радуе, што яны пры гэтым загібаюць пальцы, прыдумваюць імёны — чакаю ўнукаў Алёшу, Сцяпашу...

Я была цяжарная пятым, калі адчула, што баюся, бо ў мяне ўжо ёсць дарослыя дзеці, і звярнулася да Ірыны Алегаўны Казлоўскай, якая сама з'яўляецца мамай траіх дзяцей... Мы разам падумалі, што цяжарным жанчынам і будучым татам патрабуецца падрыхтоўка да перамен у жыцці, што ім неабходна пра многае даведацца. А ў мяне ёсць, напрыклад, багаты асабісты вопыт. Акрамя таго, мамы не павінны замыкацца ў дэкрэтным водпуску, іначай ім пагражае эмацыянальнае выгаранне. Тут я прапаную жанчынам танцы, фітнес.

«Мэта псіхалагічнага перадабортнага кансультавання не ў тым, каб прымусіць, адгаварыць жанчыну ад аборту, а ў тым, каб яна зрабіла свой выбар свядома і адказна, — тлумачыць псіхолаг Наталля НАВІЦКАЯ. — Нельга кіравацца эмоцыямі, будучы ў крызісным стане. Таму я спрабую ўстанавіць давяральныя адносіны, высветліць, што падштурхнула да такога рашэння — найчасцей гэта не цяжкае матэрыяльнае становішча, а нездавальняючыя стасункі ў сям'і. Звычайна жанчыны замужам, ім да 40 гадоў і яны ўжо маюць дзяцей. Урэшце я прапаную жанчынам падумаць некалькі дзён».

Святлана Барысенка

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Роды як цуд

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Любачка і На варце маёмасці.

Грамадства

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна МЯДЗВЕДЗЕВА адзначае, што іх ведамства разлічвае перапісаць максімальную колькасць грамадзян з дапамогай укаранёных інавацый.

Грамадства

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Гэты кірунак спорту ўвайшоў у жыццё былых студэнтак дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры выпадкова.