Вы тут

Як пасеяць грыбы


Аказваецца, можна забяспечыць сябе грыбным ураджаем не выходзячы далёка ў лес. Для гэтага трэба ў прыдатным месцы пасеяць гэтыя самыя грыбы і пасля проста збіраць іх нават у сябе на ўчастку.


Рыхтуецца грыбная «расада» проста

Ад шапачак буйных спелых (і нават пераспелых) грыбоў, сабраных у лесе пад бярозамі, трэба аддзяліць трубчасты пласт, дзе фарміруюцца споры, прапусціць гэтую масу праз мясарубку, перакласці ў ёмістасць з вадой (1—2 кг грыбной масы на 10 л вады) і старанна перамяшаць. Далей ідзе «абуджэнне» спораў грыбоў. У прыродзе спорам, каб абудзіцца, трэба прайсці па кішэчніку зайчыка або вожыка. Якое асяроддзе ўздзейнічае на споры ў кішэчніку гэтых жывёл? Вельмі агрэсіўнае ў адносінах да ежы — яно гэту ежу расшчапляе.

Для стварэння такога асяроддзя ў хатніх умовах трэба дадаць у грыбную сумесь 15 г сухіх пякарных дражджэй, зноў змяшаць і пакінуць усё настойвацца (для зручнасці сумесь можна разліць па трохлітровых слоіках) пры пакаёвай тэмпературы на два тыдні. Дабаўленне пякарных дражджэй вельмі эфектыўнае для стымуляцыі прарастання спор. Дрожджы з'яўляюцца пажыўным субстратам, а таксама спрыяюць перамешванню здробненай грыбной мякаці і вызваленню спор.

Неўзабаве на паверхні вадкасці ўтвараецца пена з часцінкамі мякаці і дробным смеццем.

У сярэдняй частцы ёмістасці будзе празрыстая вадкасць, а ўнізе збяруцца споры пластом у некалькі сантыметраў.

Пену з паверхні трэба акуратна прыбраць лыжкай, ваду асцярожна зліць, а асадак са спорамі з розных ёмістасцяў перамясціць у адзін слоік і паставіць адстойвацца яшчэ на тыдзень. Пасля гэтага зноў зліць вадкасць, а асадак са спорамі пераліць у пластыкавыя літровыя бутэлькі і захоўваць у халадзільніку.

Гатовая сумесь часам набывае не вельмі прыемны пах, але застаецца жыццяздольнай на працягу года. Выкарыстаць яе пажадана на працягу месяца пасля прыгатавання, бо пры доўгім захоўванні актыўнасць спор падае.

Пасеў спор і догляд грыбной плантацыі

Перад пасевам сумесь са спорамі трэба развесці вадой у суадносінах 1:100.

І паліць ёй зямлю са звычайнай садовай палівачкі пажадана каля тых відаў дрэў, каля якіх і быў знойдзены грыб. Калі падбярозавік быў знойдзены каля бярозы, то і ліць побач з бярозамі. Калі баравік каля дуба, то і ліць каля дуба. Рэч у тым, што грыбы заўсёды знаходзяцца ў цеснай сувязі з каранямі дрэў. І споры «памятаюць» і «ўмеюць» выбудоўваць адносіны з тымі відамі дрэў, каля якіх расла іх «мама».

А «сеяць» можна хоць на дачы, хоць у суседнім лесе. Дзе душа пажадае.

Пры добрым доглядзе плантацыі грыбы могуць з'явіцца ўжо на наступны год. У чым заключаецца такі догляд?

Як вядома, усе грыбы любяць высокую вільготнасць глебы і паветра. Таму ў сухую пару года пасевы неабходна паліваць і абараняць ад гарачага паўдзённага сонца. У зоне вырошчвання белых пад дрэвамі пажадана пасадзіць кусты або іншыя расліны, якія будуць ствараць лёгкі цень і абараняць участак ад сонца з паўднёвага боку.

Паліў патрэбен не толькі падчас развіцця міцэлію ў глебе, але і пасля з'яўлення грыбоў. У другой палове дня, калі сонечныя прамяні ўжо не трапляюць на плантацыю з-за крон дрэў і кустоў, пажадана зладзіць нямоцны «грыбны дожджык» — паліў з дробным распыленнем нагрэтай за дзень вады.

Пасля ночы шапачкі грыбоў увільгатняе ранішняя раса, затым вільгаць выпараецца, і ў гэты час грыб расце, бо разам з выпарэннем вільгаці ў яго паступаюць пажыўныя рэчывы з міцэлію.

Унясенне ў глебу мінеральных угнаенняў можа аказаць негатыўны ўплыў на развіццё грыбніцы, таму ўжываць іх на грыбной плантацыі не варта.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».