Вы тут

Каб дажылі да 100 гадоў


Папярэджанне гібелі і траўматызму пры ўзнікненні пажараў і іншых надзвычайных сітуацый абмеркавалі дэпутаты Віцебскага абласнога Савета. На сесіі былі агучаны і іншыя праблемы.


У віцебскім Цэнтры бяспекі.

Напрыклад, у глыбінцы не хапае прафесіяналаў па рамонце печаў. А многія вяскоўцы не ведаюць, у якія арганізацыі трэба звяртацца для гэтага.
А як пажылому чалавеку залезці на дах, каб прачысціць комін? Многія грамадзяне ў паважаным узросце таксама забываюць мяняць батарэйкі ў пажарных апавяшчальніках. Па-ранейшаму праблемай застаюцца спальванне травы, развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах.

Маланаселенасць і аддаленасць

Вядома, што Віцебшчына — лідар у краіне па колькасці населеных пунктаў: іх больш за 6,2 тысячы. У тым ліку каля 600, на жаль, ужо без насельніцтва. А ў 1,5 тысячы жывуць да 5 чалавек. І каля 3 тысяч вёсак знаходзяцца параўнальна далёка ад месцаў дыслакацыі ратавальнікаў (больш за 10 кіламетраў). Усё гэта ўскладняе сітуацыю.

Але ж калі ў вёсачцы нават адзін жыхар, там вядзецца прафілактычная работа. У першую чаргу за гэта адказвае сельвыканкам.

Аляксандр Клабук, начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, канстатаваў, што, паводле апошняй інфармацыі, 58 чалавек загінулі сёлета пры пажарах. Большасць з іх знаходзіліся ў нецвярозым стане, 63% ахвяр — вяскоўцы.

Напярэдадні пахаладання па традыцыі актывізуецца прафілактычная работа мясцовых органаў улады. І тое, што яна праводзіцца не для справаздачы, пацвярджаецца статыстыкай. У прыватнасці, за апошнія 7 гадоў колькасць пажараў скарацілася ўдвая, а колькасць тых, хто загінуў, зменшылася ў 3 разы.

Вопыт для пераймання

Усё больш крэатыўна ў раёнах падыходзяць да пытанняў прафілактыкі.

Напрыклад, у Верхнядзвінскім раёне бізнес-лэдзі арганізуе пазнавальныя мерапрыемствы для дзятвы. А на Лёзненшчыне на ўзроўні старшыні райвыканкама даюцца канкрэтныя ўказанні: якія недахопы, хто і калі павінен выправіць. Адпаведныя звесткі даюцца пажарнымі. Там жа, дзякуючы гранту прадстаўніцтва ЕС/ААН, стварылі тэматычныя гульнявыя пляцоўкі для дзяцей.

У Віцебску сёлета адкрылі Цэнтр бяспекі. Першы ў краіне быў створаны на Гомельшчыне. Там, дарэчы, перад пачаткам сесіі пабывалі народныя выбраннікі.

Работнікі МНС ва ўстанове выкарыстоўваюць інтэрактыўныя формы работы. І ў першую чаргу з дзецьмі. Але і дарослым павучыцца ёсць чаму. Сярод іншага створаны квэст-пакой, у якім можна праверыць свае веды па бяспецы, выканаўшы прапанаваныя заданні. Памяшканні абсталяваны з выкарыстаннем высокатэхналагічных адукацыйных трэнажораў. З дапамогай так званай дапоўненай рэальнасці тут можна вывучыць прычыны пажараў, навучыцца эвакуіравацца праз задымлены лабірынт. А пры дапамозе вогнетушыцеляў-сімулятараў навучаць ліквідаваць узгаранне. Ёсць нават магчымасць адчуць сябе ў сітуацыі, калі правальваешся пад лёд. Пакой віртуальнай рэальнасці дапаможа паглыбіцца і ў розныя іншыя надзвычайныя сітуацыі і навучыцца выходзіць з іх.

Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў заклікаў прысутных арганізаваць наведванне гэтай установы для дзяцей з глыбінкі. І падтрымаў ідэю зрабіць аналагічны, хай не такі высокатэхналагічны, цэнтр у Наваполацку.

На думку дэпутатаў, работа па прафілактыцы надзвычайных здарэнняў павінна праводзіцца рэгулярна і сістэмна. Каб грамадзяне разумелі, што нават з-за бытавой дробязі можна пазбавіцца здароўя і жыцця.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.