Вы тут

На беларускай мове — з благаславеннем


Новы Запавет у сучасным перакладзе атрымалі вернікі праваслаўнай канфесіі Беларусі

Такія прэзентацыі кніг бываюць нячаста: Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, сам прадставіў выданне: «Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста» ў перакладзе на беларускую мову. Вернікі праваслаўнай канфесіі чакалі гэтай кнігі даўно. Але прыспешванне ці недакладнасць у такой адказнай справе, як пераклад Свяшчэннага Пісання, недапушчальныя: часам нават адна літара, якая не на месцы, можа змяняць сэнс слоў. Мітрапаліт Павел узгадаў вядомы яму эпізод, калі аднойчы ўвесь тыраж выдання Евангелля прыйшлося зняць з-за таго, што лішняя літара «с» перад апошнім «а» ў імені апостала Марка кардынальным чынам змяніла сэнс. Не павінна такога быць у кнізе, якая дадзена дзеля Сэнсу.


Протаіерэй Сергій Гардун прадстаўляе выданне Новага Запавету. Фота Сяргея Нікановіча.

Каб падкрэсліць асаблівы сэнс перакладу Новага Запавету для Беларусі, кнігу прадставіць вырашылі менавіта ў Полацку, адкуль родам першы перакладчык Бібліі на родную мову. Прадстаўлены ў ХХІ стагоддзі пераклад Свяшчэннага Пісання на беларускую мову быў зроблены Біблейскай камісіяй Беларускай праваслаўнай царквы. Выданне «Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста» дае магчымасць шырэй ужываць беларускую мову ў богаслужэнні. Пра тое, як ішла праца над перакладам, распавёў протаіерэй Сергій Гардун, прафесар Мінскай духоўнай акадэміі.

З іменем Матфея: роднае

— Ідэя ўзнікла яшчэ напрыканцы 1980-х гадоў, як толькі пачалася перабудова і стала магчыма святарам займацца сур'ёзнай творчасцю. Таму што дагэтуль дзейнасць любога свяшчэннаслужыцеля тады абмяжоўвалася сценамі храма, богаслужэннем. Да таго ж, калі б такі пераклад зрабілі 40 — 50 гадоў таму, яго б усё адно ніхто б не выдаў. І калі з'явілася перспектыва, што кніга можа выйсці да людзей, мы сталі працаваць: мітрапаліт Філарэт благаславіў стварэнне Беларускай біблейскай камісіі, у склад якой увайшлі свяшчэннаслужыцелі (што маюць не толькі багаслоўскую адукацыю, але і філалагічную), праваслаўныя прыхаджане нашых храмаў — дактары філалагічных навук, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. Праца ішла доўга, бо напачатку нават не ўсе жылі ў Мінску, але выбіралі дзень, каб сустрэцца. Я, напрыклад, на той час служыў у Слоніме. З 1994 года жыву ў Мінску, і сустрэчы сталі больш рэгулярнымі, але мы не маглі збірацца часцей, чым раз на тыдзень.

Калі ўзгадваць, хто з беларусаў стаў першым перакладчыкам Бібліі на родную мову, то гэта, безумоўна, Скарына. Падчас нашай працы над перакладам мы памяталі пра яго імкненне зрабіць тэкст Свяшчэннага Пісання больш даступным і зразумелым. Ён абеларусіў царкоўнаславянскую мову настолькі, наколькі лічыў патрэбным, каб гэта было зразумела людзям. Мы памяталі прынцып Скарыны і хацелі захаваць яго традыцыю. У мове Скарыны вельмі многа царкоўнаславянізмаў — у нашым перакладзе арыентацыю на царкоўную праваслаўную традыцыю захоўваем.

З іменем Марка: першапачатковае

— У адрозненне ад іншых перакладаў, якія ўжо рабіліся на беларускую мову,  напрыклад Васіля Сёмухі, ксяндза Уладзіслава Чарняўскага, даваенных перакладаў, мы перакладалі з арыгінала, са старажытнагрэчаскага тэксту. Гэта істотна ў дачыненні да тэрміналогіі. У розных перакладах тэрміналогія розная, але яна абумоўлена нашай гісторыяй. Здаецца, што ўсе, хто любіць беларускую мову, шануе яе, карыстаецца ёй, размаўляюць на адной мове. Тым не менш у канфесійным плане тэрміны вельмі адрозніваюцца. Напрыклад, словы «царква» і «касцёл», па сутнасці, абазначаюць будынак для малітвы. На любой іншай мове ў дачыненні да гэтых будынкаў ужывуць адно і тое ж слова і ў першым, і ў другім выпадку. Але ў нас так не гавораць. Тое ж тычыцца некаторых тэрмінаў і назваў святаў. Мы рабілі пераклад у першую чаргу для праваслаўных вернікаў.

Калі ў каталіцкіх перакладах імёны гучаць на польскі манер, напрыклад, Матэуш, то ў нас — Мацвей. Мы арыентаваліся на імёны, якія найбліжэйшыя да арыгінала старажытнагрэчасагага тэксту, да якіх прывыклі беларусы, якія чулі Свяшчэннае Пісанне ў храме на царкоўнаславянскай мове. У некаторых выпадках праваслаўныя і католікі згодныя паміж сабой у выбары таго ці іншага слова. У праваслаўных і каталіцкіх тэкстах ужываецца слова «благаславенне», а многім свецкім аўтарам яно не падабаецца. Але і праваслаўныя, і каталіцкія багасловы згодныя, што слова «дабраславенне» створана штучна, няма ніякіх фальклорных запісаў, каб так гаварылі ці пісалі ў XVІІ, XVІІІ, XІX стагоддзях, яно ўжывалася з XX стагоддзя. Мы лічым няправільным выкарыстоўваць гэтае ўтварэнне, калі ёсць старажытныя словы, якія заўжды ў беларускай мове гучалі, і яны захавалі першапачатковую форму.

Прывяду прыклад. Слова «панядзелак»  абазначае дзень, які ідзе пасля нядзелі. Да ХVII стагоддзя і ў Расіі быў дзень, які называлі «нядзеля», а пасля сталі казаць «воскресенье». Пры тым не перайменавалі дзень, які ішоў наступным… Прыкладна такая ж логіка ў тых, хто не дапускае слова «благаславенне»: паколькі «блага» стала ўжывацца з сэнсам «кепска», то таму нельга гаварыць «благаславенне» ці «Благавешчанне». Але народ гаварыў «блага», пры тым заўжды называў свята Благавешчаннем і прасіў благаславення. Усе падобныя выпадкі аналізавала наша камісія, яны ўлічваліся пры перакладзе.

З іменем Лукі: павучальнае

— Пераклад ужо быў апрабаваны. Спачатку выдавалі часткамі: яшчэ ў 1991 годзе надрукавалі Евангелле паводле Мацвея, праз некалькі гадоў — Марка, Лукі, Іаана. Потым надрукавалі кнігу Дзеянняў апостальскіх. Гэтыя выданні навуковыя па сваёй форме: спачатку ідзе арыгінальны старагрэчаскі тэкст, затым царкоўнаславянскі, рускі сінадальны пераклад XІX стагоддзя і сучасны беларускі. Калі людзі добра ведаюць мовы, то праз чытанне розных варыянтаў убачаць адценні сэнсу.

У 2007 годзе мы выдалі богаслужэбнае Евангелле — чатырох евангелістаў. Але не проста тэкст, а з пазначэннем, які ўрывак у які дзень цягам года чытаць. Гэта зручна свяшчэнніку адкрыць і прачытаць. У храмах карыстаюцца гэтымі кнігамі, і людзі іх куплялі. І калі былі нейкія заўвагі ці недасканаласці, то мы іх пастараліся выправіць. Сам тэкст у віртуальным варыянце ўжо быў даступны. І спадзяёмся, што выданне, якое прадстаўлена цяпер, не апошняе, што будуць яшчэ перавыданні.

Даведаўшыся аб працы над перакладам, да нас звярталіся спецыялісты, беларусазнаўцы з замежжа, у тым ліку з ЗША, Канады, Польшчы, якія хацелі загадзя пазнаёміцца з тэкстам, выказаць пажаданні. І цяпер ужо, наколькі я ведаю, ёсць рашэнне адной міжнароднай арганізацыі яшчэ да канца гэтага года перавыдаць гэты пераклад. Мы выдалі зараз 6 тысяч экзэмпляраў Свяшчэннага Пісання, а яны збіраюцца надрукаваць яшчэ 30 тысяч для распаўсюду ў Беларусі — і не толькі для праваслаўных, але і для католікаў і пратэстантаў. Будзе той самы тэкст, але кніга меншага фармату. Спадзяюся, што яна будзе з крыжам святой Ефрасінні Полацкай: для такога выдання найлепш ужыць адзін з сімвалаў Беларусі. Сам крыж будзе сведчыць, што гэта пераклад Свяшчэннага Пісання на беларускую мову.

З іменем Іаана: жыццёвае

— Тыраж выдання, якое мы ажыццявілі зараз, будзе распаўсюджаны па ўсіх епархіях Беларускай праваслаўнай царквы. З епархіяльных цэнтраў пойдзе ў прыходы: 6000 экзэмпляраў дастаткова для таго, каб гэты пераклад патрапіў у кожны храм. Калі яго разбяруць, то царква можа запланаваць наступнае выданне. А тыраж, што стане вынікам міжнароднага праекта, будзе распаўсюджвацца і па школах, і нават па гасцініцах: у замежнікаў ёсць практыка, каб госці гатэляў маглі чытаць Евангелле.

Сімвалічна, што прэзентацыя выдання адбылася ў год юбілею выдадзенай Скарынам першай кнігі Псалтыр, гэта адбылося на свята царкоўнае Праабражэння Гасподняга (тады яно было 6 жніўня). А ў канцы сваёй дзейнасці ён выдаў Апостал. А мы, наадварот, пачалі з выдання перакладу Новага Запавету, але спадзяёмся, што да юбілею выдання скарынаўскага Апостала (у 2025 годзе) паспеем перакласці Псалтыр.

І гэтае выданне, і праца Беларускай біблейскай камісіі — гэта сведчанне таго, што Словы Госпада Іісуса Хрыста, якія ён сказаў сваім апосталам: «Ідзіце і навучыце ўсе народы, хрысцячы ў імя Айца і Сына і Святога Духа, і вучачы іх выконваць усё, што я запаведаў вам», — гэта і сёння прынцып дзеяння для праваслаўнай царквы, сведчанне таго, што яна працягвае развівацца ў рэчышчы 1000-гадовай традыцыі.

Разважаючы пра ўнёсак у яе развіццё Скарыны, протаіерэй Сергій Гардун адзначыў, што для яго няма пытання наконт канфесійнай прыналежнасці нашага першадрукара. Чаму? Пра гэта чытайце ў адным з наступных нумароў.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.