Вы тут

Засушаны дождж


Музыка і рамеснік Уладзімір Дрындрожык вырабляе вельмі цікавую і нават магічную рэч – посах дажджу. Адмыслова для нашых чытачоў Уладзімір даў майстар-клас і распавёў гісторыю гэтага незвычайнага посаху.

Яго іншая назва – флейта дажджу. І гэта не выпадкова, бо посах можна выкарыстоўваць і як музычны інструмент. Але пра ўсё па парадку.

Посах дажджу з’явіўся даўным-даўно, калі яшчэ панавалі паганскія абрады. Лічылася, што ён дазваляе чалавеку кіраваць надвор’ем. Калі доўга няма ападкаў ці калі стаміліся ад залевы – дапаможа посах. Таму на кірмашах народных рамёстваў Уладзімір заўсёды папярэджвае пакупнікоў пра магічныя ўласцівасці гэтага прадмета.

Выраблялі посахі на тых землях, дзе былі расліны з пустым ствалом. Звычайна гэта быў бамбук. А на тэрыторыі Беларусі – баршчэўнік Сасноўскага. Але ж вядома, што гэта атрутная расліна. “Толькі не ў высушаным выглядзе, – тлумачыць Уладзімір. – Я ўвосень назапашваю высахлыя сцёблы, і яны абсалютна бяспечныя для выкарыстання”.

Матэрыялы і інструменты 

Каб змайстраваць посах дажджу, нам спатрэбяцца: высушанае сцябло баршчэўніку, калыпкі, корак, лак для дрэва, піла, кусачкі, шыла, наждачная папера, клей. Асобна трэба сказаць пра крупы. Ад памеру крупінак, іх формы залежыць гук флейты дажджу. Напрыклад, самы далікатны гук атрымліваецца пры выкарыстанні манкі ў якасці напаўняльніка сцябла, а гарох дае эфект каменяпаду. Можна засыпаць асарці з розных круп і атрымаць цікавы гук. Шум ветру, шапаценне лісця, журчанне ручая, марскі прыбой, град, дождж – такія гукавыя асацыяцыі атрымліваюцца ў залежнасці ад напаўняльніка.

“Таксама асобна скажу пра аздабленне посаху – тут ужо ўсё залежыць ад фантазіі. Калі дазваляе якасць сцябла, можна зрабіць роспіс. Вяроўкі, стужкі, пацеркі, гузікі – усё падыдзе для ўпрыгожвання”, – тлумачыць Уладзімір.

Тэхналогія

Бяром сцябло баршчэўніка, праколваем шылам дзіркі так, каб парадак іх размяшчэння нагадваў спіраль.

Яна павінна быць не надта шырокай, але і не завузкай. Менавіта ад колькасці калыпкоў залежыць працягласць гуку. У дзірачкі прасоўваем калыпкі так, каб яны ўперліся ў другі бок сцябла.

Затым з боку сцябла абразаем кусачкамі лішнюю частку калыпкоў, але не зусім пад корань.

Потым ручкай кусачак ці яшчэ чым зручным прасоўваем калыпкі так, каб яны не выпіралі са сцябла.

Цяпер неабходна закаркаваць посах з аднаго канца. Добра, калі знайшоўся падыходзячы па дыяметры корак ці ёсць магчымасць падагнаць яго да патрэбнага памеру. Але з аднаго канца посах можна шчыльна закаркаваць. Напрыклад, Уладзімір выкарыстоўваў для гэтай мэты гофракардон (9). Але, папярэдзіў майстар, абавязкова перад тым, як яго прыклеіць, трэба зрабіць мяккую імітацыю корка, напрыклад, з тканіны ці паралону, інакш будзе дрэнны гук.

Для другога канца сцябла Уладзімір раіць падбіраць такі корак, каб можна было час ад часу мяняць напаўняльнік, а значыць, і гук.

У посах трэба засыпаць крупу, звычайна дастаткова 2/3 шклянкі, але калі сцябло даволі тоўстае, то можа спатрэбіцца і цэлая шклянка.

Пасля гэтага неабходна закаркаваць другі канец.

Засталося ўпрыгожыць посах. Найперш можна крыху пачысціць сцябло наждачнай паперай, затым пакрыць лакам. Уладзімір раіць набываць хуткасохнучы лак для дрэва. Калі ён высахне, пара прыступаць да мастацкага аздаблення посаху, і тут ужо можна даць волю фантазіі.

Уладзімір расказаў, што посах дажджу дзеці выкарыстоўваюць замест пластмасавых бразготак, а для дарослых гэта сродак медытацыі. Сапраўды, вельмі добра пасля насычанага працоўнага дня прыйсці дадому і паслухаць, напрыклад, шум марскога прыбою. І такую цудоўную рэч, дзякуючы майстар-класу ад Уладзіміра Дрындрожыка, можа вырабіць кожны з вас, шаноўныя чытачы.

Баршчэўнік – пераважна двухгадовая, радзей шматгадовая трава. Сцёблы ў розных відаў уздымаюцца на розную вышыню – ад 20-50 см да 250 см; як правіла, яны полыя.

Сухія (перазімаваўшыя) сцёблы баршчэўніку спрадвеку выкарыстоўваліся на Русі для вырабу народнага музычнага інструмента – калюкі, разнавіднасці абертонавай флейты. Дарэчы, Уладзімір Дрындрожык можа зладзіць і такі інструмент.

Цяпер сцёблы сухога баршчэўніку выкарыстоўваюць таксама для вырабу рэйнсціка – музычнага інструмента, роду перкусіі.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота Надзеі БУЖАН

Друкуецца ў часопісе "Родная прырода"

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».