Вы тут

Завяршаецца выкананне вучэбна-баявых задач першага этапу «Захаду-2017»


На фінальнай стадыі — падрыхтоўка войскаў (сіл) да баявога прымянення па ізаляцыі раёнаў дзеянняў незаконных узброеных фарміраванняў і дыверсійна-разведвальных груп умоўнага праціўніка. Акрамя таго, плануецца завяршыць падрыхтоўку да адбівання магчымай агрэсіі, адпрацаваць пытанні арганізацыі ўзаемадзеяння і ўсебаковага забеспячэння. Пры гэтым для прыкрыцця важных дзяржаўных і ваенных аб'ектаў адбываецца нарошчванне групоўкі ваенна-паветраных сіл і войскаў проціпаветранай абароны.


Перш чым вайскоўцы прыступілі да выканання вучэбна-баявых задач вучэння, яго кіраўніцтва ацаніла абстаноўку. У першы ж дзень вучэння на палігоне Лепельскі пачаўся практычны розыгрыш баявых і спецыяльных дзеянняў па пошуку, блакіраванні і знішчэнні дыверсійна-разведвальных груп і незаконных узброеных фарміраванняў.

А тым часам на палігоне Даманава, што на Брэстчыне, вайскоўцы неслі баявое дзяжурства па проціпаветранай абароне, ахове і абароне пазіцый, якія перад гэтым былі абсталяваны па апошніх тэндэнцыях вайсковай інжынерыі. На палігоне Ружанскі ўдзельнікі манеўраў з дапамогай авіяцыі спынілі ўмоўнае парушэнне дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы, а пад Барысавам непасрэдна рыхтаваліся да баявых дзеянняў.

Пытанні арганізацыі тэрытарыяльнай абароны — нясенне службы, патруляванне падраздзяленнямі тэрытарыяльных войскаў сумесна з прадстаўнікамі ўнутраных войскаў, ахова і абарона важных аб'ектаў, а таксама ўмоўная барацьба з дыверсійна-разведвальнымі групамі і незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі — адпрацоўваліся ў Глыбоцкім раёне. Дзеля гэтых мэт, у адпаведнасці з планам ваенных збораў, сёлета для ўдзелу ў вучэнні прызвана каля 470 ваеннаабавязаных.

Падчас другога дня манеўраў была праверана зладжанасць органа кіравання рэгіянальнай групоўкі войскаў. Дарэчы, у склад Аб'яднанага камандавання ўваходзяць афіцэры цэнтральных органаў ваеннага кіравання ўзброеных сіл Беларусі і Расіі, штаба Заходняй ваеннай акругі Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі. Была ацэнена эфектыўнасць сістэмы кіравання групоўкі, практычныя навыкі афіцэраў падчас кіравання баявымі дзеяннямі, якасць адпрацоўкі дакументаў, іх адпаведнасць створанай абстаноўцы з улікам змены спосабаў вядзення ваенных дзеянняў у сучасных умовах.

Пакуль у штабах усіх узроўняў адпрацоўваліся пытанні кіравання падначаленымі сіламі і сродкамі пры вядзенні імі спецыяльных і засадных дзеянняў, падтрыманні рэжыму ваеннага становішча, злучэнні і вайсковыя часці ваенна-паветраных сіл і войскаў проціпаветранай абароны знаходзіліся на баявым дзяжурстве. Экіпажы беларускіх і расійскіх самалётаў спынілі дастаўку лёгкаматорнай авіяцыяй зброі і боепрыпасаў у раёны дзеянняў незаконных узброеных фарміраванняў. Прычым ажыццяўлялі пастаўленую задачу авіятары са становішча дзяжурства на аэрадроме, а таксама з зоны дзяжурства ў паветры. А тым часам іх калегі на верталётах Мі-8 і Мі-24 ажыццявілі пошук і знішчэнне дыверсійна-разведвальных груп умоўнага праціўніка, а таксама незаконных узброеных фарміраванняў на ўчастку мясцовасці Дрэтунь.

На пошук і знішчэнне ўмоўнага праціўніка былі накіраваны і дзеянні дэсантна-штурмавых і разведвальных падраздзяленняў 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады. Апошнія паспяхова знайшлі і тайнікі з запасамі матэрыяльных сродкаў ворага. У барацьбе з дыверсійна-разведвальнымі групамі ўмоўнага праціўніка, а таксама незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі задзейнічаны ў Глыбоцкім раёне і войскі тэрытарыяльнай абароны. Падраздзяленні ж сіл спецыяльных аперацый адпрацавалі пастаўленыя задачы па ўзмацненні аховы ўчастка дзяржаўнай мяжы, правялі спецыяльныя дзеянні ў раёнах адказнасці.

Даслоўна

Начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Беларусі Уладзімір МАКАРАЎ:

— Усе падраздзяленні расійскага складніка рэгіянальнай групоўкі войскаў, якія ўдзельнічаюць у сумесным стратэгічным вучэнні «Захад-2017», прыбылі на тэрыторыю Беларусі ў адпаведнасці з усталяваным парадкам. Яны знаходзяцца на палігонах, прыступілі да адпрацоўкі вучэбных пытанняў. Прыбыццё ў нашу краіну іншых падраздзяленняў з Расійскай Федэрацыі з мэтай удзелу ў вучэнні не прадугледжана. У той жа час іншых вучэнняў на тэрыторыі Беларусі, акрамя як «Захад-2017», таксама не плануецца. Што датычыцца адпрацоўкі пытанняў на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, то гэта адбываецца без перагрупоўкі войскаў на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Вераніка КАНЮТА

kаnуutа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Знайсці і знішчыць умоўнага праціўніка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».