Вы тут

Гандляваць у вёсцы стане прасцей


Прэзідэнт сустрэўся з міністрам антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з бізнесменам Паўлам Тапузідзісам, асноўнай тэмай іх размовы было павышэнне якасці жыцця людзей, што жывуць у сельскай мясцовасці. Учора кіраўнік дзяржавы зноў звярнуўся да гэтай задачы, калі прымаў з дакладам міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзіміра Калтовіча.


Абмяркоўвалі праект указа Прэзідэнта «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання», які ўнесены на разгляд кіраўніка дзяржавы. Падрыхтоўкай дакумента займалася ведамства Уладзіміра Калтовіча. Праект указа накіраваны на развіццё гандлю, грамадскага харчавання, бытавых паслуг у першую чаргу ў сельскай мясцовасці і малых гарадах.

На працягу апошніх гадоў назіраецца скарачэнне колькасці магазінаў у сельскіх населеных пунктах. Толькі з 2012 па 2015 гады яна зменшылася на 10% — з 9893 да 8977 адзінак. У выніку там, дзе некалькі гадоў таму былі працуючыя крамы або іншыя аб'екты бытавога абслугоўвання, засталіся пустуючыя будынкі. Для выпраўлення сітуацыі праектам дакумента абласныя Саветы дэпутатаў на пяць гадоў — з 1 студзеня 2018-га па 1 студзеня 2022 года — надзяляюцца правам на прадастаўленне шэрагу падатковых і іншых ільгот суб'ектам гаспадарання, што здзяйсняюць названыя віды дзейнасці на тэрыторыі сельскай мясцовасці і ў малых гарадах.

— Адпаведны праект указа прыйдзецца яшчэ раз прааналізаваць і далажыць для прыняцця рашэння: прымальны ён, непрымальны, і гэтак далей, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Гандаль, грамадскае харчаванне, бытавыя паслугі вельмі важныя перш за ўсё ў малых гарадах і на сяле. Нікому не трэба гэта тлумачыць. Меры, якія мы будзем прымаць, павінны быць звернуты перш за ўсё на гэты сектар аказання паслуг.

Даручэнне Прэзідэнта — зняць бар'еры, што замаруджваюць развіццё бізнесу ў малых гарадах і ў сельскай мясцовасці.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра сваё ранейшае патрабаванне — паздымаць перашкоды, якія тармозяць развіццё сферы і перашкаджаюць працаваць:

— Тыпу, колькі халадзільнікаў мець, дзе мыць посуд, куды ісці, што і як несці... Трэба рабіць гэта проста, але — з санітарнага пункту гледжання, арганізацыйных нейкіх мер усё павінна быць цалкам зразумела для людзей і бяспечна, вось уся канцэпцыя. Таму, калі ласка, дакладвайце па гэтым праекце ўказа: што змянілася пасля абмеркавання, як вы яго дапрацоўвалі ці вы лічыце непатрэбным яго дапрацоўваць.

У тэму:

Уладзімір Калтовіч, міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю, расказаў журналістам, што кіраўнік дзяржавы ўхваліў тыя падыходы, якія прапануе праект указа:

— Пры гэтым было адзначана, што ўся адказнасць за арганізацыю работы па выкананні ўказа ляжыць на нашым міністэрстве. Сапраўды, мы бачым сваю задачу ў папулярызацыі ідэй гэтага ўказа ў рабоце з гандлёвымі сеткамі, з індывідуальнымі прадпрымальнікамі. У найбліжэйшы час мы арганізуем такую работу ў абласцях. Сутнасць гэтага ўказа ў тым, што прапануецца асаблівы прэферэнцыяльны рэжым на тэрыторыях у мэтах забеспячэння гарантаванага годнага абслугоўвання насельніцтва па цане, якасці і асартыменце.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».