Вы тут

Знакамітая опера «Травіята» аздобілася сучасным антуражам


Латвійскі рэжысёр Андрэйс Жагарс, прыцягненне да пастаноўкі замежных прафесіяналаў, правакацыйная рэпутацыя адной з найзнакаміцейшых опер, «фішка» ў інтэрпрэтацыі твора XІX стагоддзя, кеды і кава «to go» — сёлета Вялікі тэатр оперы і балета прыгожа абыграў адкрыццё сезона. 8 і 10 верасня на яго сцэне адбылася прэм'ера ўжо шостай для Вялікага «Травіяты» Джузэпэ Вердзі. Класічная гісторыя кахання паміж куртызанкай Віялетай, якая хварэе на сухоты, і звычайным — выдатным хіба што здольнасцю кахаць — маладым чалавекам Альфрэдам трапіла ў сучасны антураж. Тут галоўная гераіня хварэе на рак, персанажы носяць джынсы і пакутуюць на канапах сучаснага дызайну. Але гісторыя, з яе архаічнасцю, эмацыйнасцю і трагічнай канцоўкай, у гэтых сучасных інтэр'ерах трымаецца першапачатковых акцэнтаў, чаму і ўзнікае пытанне: ці асучаснівалася «Травіята» з нейкім сэнсам альбо толькі дзеля прыцягальнай «фішкі»?


Першакрыніцай оперы з'яўляецца нашумелы ў свой час раман Аляксандра Дзюма малодшага «Дама з камеліямі», які быў названы амаральным за вывядзенне куртызанкі на ролю галоўнай гераіні і тым не менш трапіў у лік дасягненняў сусветнай літаратуры. Ёсць падобны кантраст і ў гісторыі «Травіяты», першая пастаноўка якой правалілася, а праз наступныя опера стала адной з найпапулярнейшых у свеце. Ролю Віялеты выконвалі Марыя Калас, Магда Алівера, Тэрэза Стратас, Ганна Мофа, Ганна Нятрэбка і іншыя. Можна паглядзець, дарэчы, «Травіяту» з Ганнай Нятрэбкай у галоўнай ролі — таксама асучасненую, альбо, хутчэй, пераведзеную ва ўмоўна (без красовак) сучасную ўніверсальную тэрыторыю, маўляў, такое пачуцце можа належаць любому стагоддзю.

Складанасць асучаснівання «Травіяты» ў тым, што архаізм заключаецца ў самой яе сутнасці. Згодна з сюжэтам Віялета кідае тусовачнае жыццё, вечарыны, салоны, каб жыць разам з Альфрэдам у загарадным доме ў каханні і згодзе. Але тут з'яўляецца Жорж Жэрмон, бацька каханага, і ў прыватнай размове з Віялетай кажа, што саюз яго сына з такой асобай кідае цень на рэпутацыю сям'і, з-за чаго не можа адбыцца вяселле дачкі. Сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што Альфрэд жыве, сам гэтага не заўважаючы, за кошт каханай жанчыны, якая з-за недахопу грошай паціху пачынае распрадаваць маёмасць. Хвацка аўтар гісторыі ўскладніў становішча галоўнага героя! Кахаць куртызанку ды яшчэ і жыць за яе кошт. Вядома ж, для свайго часу гісторыя, апісаная ў рамане Дзюма (заснаваная, дарэчы, на гісторыі з жыцця самога Аляксандра Дзюма, яго бацькі Аляксандра Дзюма старэйшага і куртызанкі Мары Дзюплесі), прагучала правакацыйна і па-наватарску, бо адна справа для такога сюжэта — перадавацца з вуснаў у вусны ў якасці гарадской плёткі, а іншая — публікавацца ў выглядзе рамана.

Сіла «Дамы з камеліямі» і «Травіяты» якраз у супрацьстаянні свайму часу. Расказ дзіўнай і трагічнай гісторыі кахання, якая кідае выклік грамадству і яго традыцыйнай маралі, кажа такім чынам, што пачуцці стаяць вышэй за вонкавыя абставіны, дыктат «нармальнага» і рэпутацыю сям'і. Менавіта таму «Травіята» больш арганічна выглядае ў асяроддзі свайго XІX стагоддзя, дзе ярчэй мільгаюць знакі сапраўднага кахання. І сучасны глядач — спажывец любога мастацтва — здольны ўспрымаць твор у кантэксце часу стварэння, прымаючы яго ўмовы. Калі ж «інтэрпрэтатар» вырашае адарваць оперу ад кантэксту, варта перабудаваць яе канцэпцыю, замяніць акцэнты, стварыць новыя сэнсы, чаго ў варыянце Андрэйса Жагарса, на жаль, не адбываецца. Таму перанясенне дзеяння «Травіяты» ў сённяшні дзень, калі опера страчвае даволі значны змястоўны падмурак і бляднее, выглядае даволі простым — выключна вонкавым — мастацкім рашэннем, хоць і цікавым для рэпертуару Вялікага тэатра оперы і балета. Гісторыя паслядоўна, у традыцыйным кірунку, апавядаецца на фоне актуальнага матэрыяльнага свету, які нічога ў яе не прыўносіць — толькі адбірае.

 

У размове з Жоржам Жэрмонам Віялета згаджаецца ахвяраваць сваім шчасцем і кінуць Альфрэда, таму пасля цудоўнага, па Вердзі, вакальнага выказвання пачуццяў яна збягае на чарговую вечарыну, што становіцца пачаткам канца. Складана паверыць у сучаснасць гэтага канфлікту, згодна з якім рэпутацыя куртызанкі непасрэдна ўздзейнічае на шчасце сястры яе бойфрэнда — не, такія матывы для стварэння драматычнай сітуацыі наўрад ці выглядаюць арганічна побач з сучаснай канапай. Матыў усеабдымнага, касмічнага, поўнага трагізму кахання — таксама знак мастацтва мінулых стагоддзяў, што ізноў правакуе разрыў паміж зместам «Травіяты», пастаўленай у Вялікім, і створаным антуражам. Сёння каханне не становіцца асновай гіпербалізаваных трагедый, мы ставімся да гэтага пачуцця больш спакойна і прывыклі пакідаць «страсці» мастацтву мінулага. Тое ж датычыцца абразлівага становішча Альфрэда, які жыве за кошт куртызанкі, бо каму сёння такая дыспазіцыя пакажацца гучнай правакацыяй?

«Травіята», што абсалютна адпавядае свайму XІX стагоддзю, без шліфоўкі трапіла ў часы кавы на вынас, але пад іх не падстроілася. Опера Джузэпэ Вердзі — у яе звычайным выглядзе, — наадварот, патрабуе пэўных жарсцяў: больш карціннасці, больш пачуццяў, больш трагізму і высокіх нот. Усё гэта ў шостай «Травіяце» Вялікага тэатра ёсць, толькі карціннасць становіцца ў апазіцыю метаду асучаснівання; пачуцці не абыгрываюцца, а называюцца; трагізм застаецца без падмурка і высокія ноты — без трагізму (у галоўных ролях мне давялося ўбачыць Ірыну Кучынскую і Аляксандра Міхнюка).

У выніку Віялета, вядома ж, акажацца ў абдымках каханага, якіх хопіць толькі на апошнія хвіліны жыцця галоўнай гераіні. Памрэ — і добра, а разгублены глядач накіруецца па сваіх справах. Таму што галоўнае, што ёсць у «Травіяце», — моц усюдыіснага кахання, якое разбурае грамадскія ўмоўнасці, — выціснулася заманлівай вонкавай апрацоўкай. Толькі вонкавай.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Кахай мяне па-травіятаўску

Каментары

Согласен с автором. Полный диссонанс либретто с визуальным рядом. Сюжет, диалоги ни в коей мере не стыкуются с современными интерьерами и костюмами. Главные роли исполнял молодой состав, слушал 10 сентября, исполнительница Виолетты пару раз конкретно слажала. Исполнитель Альфреда споткнулся при подъёме на лестницу и растянулся во весь рост. Но в целом интересно было посмотреть, эдакая помесь Верди и Мулен Руж. С версией, где участвовала Нетребко, сравнивать не стоит, разные весовые категории.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.