Вы тут

Як у Брэсце рыхтуюць весляроў


Брэсцкі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па веславанні за дзесяцігоддзе стаў знакавым аб'ектам не толькі для сваіх відаў спорту, але і для горада

Брастаўчане называюць яго па звычцы «вяслярным каналам». Цэнтр, які па міжнароднай кваліфікацыі адносіцца да аб'ектаў групы «А» па веславанні, стаў базай падрыхтоўкі многіх спартсменаў, а для пачаткоўцаў школай і трамплінам для спартыўных вышынь. Менавіта сёлета вяслярны канал адзначыў свой першы невялікі юбілей. Афіцыйнае адкрыццё аб'екта адбылося ў 2007 годзе.


Агляд гатоўнасці

Дырэктар дзяржаўнай спецыялізаванай вучэбна-спартыўнай установы «Брэсцкі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па веславанні» Павел ДЗЕНІСЮК называе самыя значныя спаборніцтвы, якія тут праводзіліся. Гэта найперш чэмпіянат Еўропы па акадэмічным веславанні сярод дарослых спартсменаў у 2009 годзе, праз год брэсцкі канал прыняў чэмпіянат свету сярод моладзі да 23 гадоў, так званы маладзёжны чэмпіянат. А сёлета Еўрапейская федэрацыя акадэмічнага веславання назвала Брэст месцам правядзення еўрапейскіх спаборніцтваў 2018 года сярод моладзі. Чэмпіянат прызначаны на верасень.

Чакаецца прыкладна тры дзясяткі краін-удзельніц, прыедзе каля 700 чалавек. Даволі прадстаўнічае і значнае спаборніцтва брастаўчане маюць намер правесці на належным узроўні. Ужо ў кастрычніку, менш чым праз месяц, адбудзецца так званы перадеўрапейскі прагон, спаборніцтва пад назвай «Кубак Балтыкі». «Нам далі такую рэгату з удзелам спартсменаў з Даніі, Латвіі, Эстоніі, Літвы, каб у тым ліку праверыць нашу гатоўнасць да гульняў будучага года, — гаворыць Павел Дзенісюк. — У Брэст прыедуць міжнародныя суддзі. І мы гатовыя сустракаць любых экспертаў. Усё абсталяванне сертыфікаванае. Усе неабходныя замеры праведзеныя. Ну і разлічваем таксама на запоўненыя трыбуны». Так было на ранейшых вялікіх турнірах, на гэта спадзяюцца арганізатары і еўрапейскіх спаборніцтваў будучага года.

Пошук талентаў, зоркі і зорачкі

Усё астатняе, як вядома, за спартсменамі. Іх справа — паказаць цікавае веславанне. Менавіта для іх, спартсменаў, і быў створаны гэты аб'ект, абсталяваны канал, узведзеная інфраструктура. Цяпер у Цэнтры займаецца 700 дзяцей з абласнога цэнтра і раёнаў вобласці. Трэнеры ладзяць пошукавыя экспедыцыі ў раёны, каб выяўляць здатных да веславання хлопчыкаў і дзяўчынак. Калі такія знаходзяцца і маюць жаданне займацца спортам сур'ёзна, іх забіраюць у Брэст, тут ёсць магчымасць жыць і вучыцца, трэніравацца на вяслярным канале. Прыкладам можа служыць Таццяна Кухта з Кобрынскага раёна. Чэмпіёнку Еўропы ўзгадаваў менавіта брэсцкі Цэнтр.

З маленькай дзяўчынкі-пачаткоўкі выгадавалі тут і Крысціну Стараселец, якая сёлета на чэмпіянаце Еўропы да 23 гадоў у пары заваявала залаты медаль. І для Крысціны гэта не першая ўзнагарода высокай пробы. Брэсцкі Цэнтр займаецца не толькі акадэмічным веславаннем, але і веславаннем на байдарках. Тут таксама ўжо з'яўляюцца зоркі, першая з іх, несумненна, Алег Юрэня. Сёлета на трэцім этапе Кубка свету па веславанні на байдарках і каноэ ён заваяваў два залатых медалі, стаўшы найлепшым у заездах на 1000 і 5000 метраў.

Як і многія яго таварышы, Алег большую частку года трэніруецца ў Брэсце. Сёння прыкладна палова нацыянальнай алімпійскай зборнай па акадэмічным веславанні — выхадцы з брэсцкага Цэнтра. Тут адразу былі традыцыі менавіта гэтага віду веславання, таму байдарка крыху адстае, але паступова і спартсмены-байдарачнікі з Брэста пра сябе заяўляюць усё болей упэўнена. Яны падцягваюцца да сваіх калег, пачынаюць займаць заслужаныя месцы ў нацыянальнай камандзе. Паводле прагнозу Паўла Дзенісюка, яшчэ праз пяцігодку колькасць байдарачнікаў у нацыянальнай камандзе наблізіцца да паловы. Рэч у тым, што трэнеры растуць разам са спартсменамі. Бо па сённяшніх мерках трэнерскі калектыў у Брэсце даволі малады. Але прагрэс назіраецца. Скажам, малады трэнер Сяргей Ніканчук падрыхтаваў юных канаістак, якія сталі трэцімі на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы.

Узнагарода з рук легенды

Летам на брэсцкім вяслярным канале трэніруюцца многія беларускія знакамітыя спартсмены. Сёлета, напрыклад, быў Раман Петрушэнка. Літаральна тыдзень таму з'ехала Кацярына Карстэн. Яна, дарэчы, выступала актыўным удзельнікам жнівеньскіх рэспубліканскіх спаборніцтваў. Акрамя таго, што сама выходзіла на дыстанцыі, была своеасаблівым стымулам для пачаткоўцаў. Атрымаць узнагароду з рук легенды беларускага веславання для юных — найвышэйшая форма заахвочвання.

Сёння ўсё больш замежных спартсменаў выбіраюць брэсцкі Цэнтр базай для трэніровак. Скажам, трэніраваўся нядаўна хлопец з Грузіі. На чэмпіянаце свету ён паказаў другі вынік, саступіўшы, дарэчы, беларусу. Добры вынік паказаў і вясляр з Узбекістана. Трэнер апошняга сказаў, што налета ён прывязе сюды ўсю каманду. Аказалася, што той спартсмен быў у своеасаблівай «разведцы».

— Гэта вельмі добра, калі побач трэніруюцца спартсмены з розных краін, якія потым выходзяць на спаборніцтвы, — гаворыць Павел Дзенісюк. — Яны ўжо ведаюць адзін аднаго, ім не перашкаджае мандраж, якім суправаджаецца няведанне патэнцыяльных магчымасцяў саперніка. Так што трэніровачныя стасункі ідуць на карысць. Ну і вядома, прыём замежных спартсменаў — дадатковая магчымасць зарабіць грошы, каб потым накіраваць іх на ўдасканаленне падрыхтоўкі падрастаючай змены. Апошнім часам трэніраваліся весляры з Узбекістана, Казахстана. Зараз на маім стале шэраг заявак, будзем разглядаць, узгадняць графікі, — дадае дырэктар.

Зарабляць на жыццё

Яшчэ Цэнтр папаўняе свой бюджэт з дапамогай басейна, трэнажорных залаў, якія наведваюць гараджане. «Спорт — дарагое задавальненне, ён павінен умець на сябе зарабляць, — лічыць дырэктар. — Гэта няправільна — сядзець склаўшы рукі і глядзець у рот дзяржаве, якая накорміць. Трэба і самім варушыцца. Таму прыкладна трэцяя частка нашага калектыву, які налічвае 231 чалавека, — супрацоўнікі пазабюджэтных ставак. Яны і працуюць ў азначаным кірунку». Таму Цэнтрам праводзіцца цэлы шэраг розных мерапрыемстваў культурнай, сацыяльнай, не кажучы ўжо пра спартыўную тэматыку. Іх мэта — працаваць на імідж, заяўляць аб сабе, рабіць аб'ект пазнавальным і вядомым для шырокай грамадскасці. Як паказвае практыка, справа таго вартая.

Напрыклад, летам вялікі рэзананс атрымала мерапрыемства, якое можна назваць днём таты. Тады Цэнтр заклікаў бацькоў з бліжэйшага мікрараёна горада прыйсці ў выхадны дзень з дзецьмі і бясплатна пазаймацца спортам, патрэніравацца. Аказалася, адарваць ад канапы шаноўных татаў не так і складана. Варта кінуць кліч, арганізаваць рэкламу. Прыйшло многа маладых мужчын з сынамі і дочкамі, усе атрымалі мноства станоўчых эмоцый. А некаторыя адразу запісаліся ў басейн альбо трэнажорную залу.

Моладзь ведае вяслярны канал як месца цікавых канцэртаў, флэшмобаў, дабрачынных акцый. Для мікрараёна Кавалёва адзіны вялікі спартыўны аб'ект стаў і аб'ектам культурным. Днямі тут прайшло ўрачыстае мерапрыемства з нагоды 80-гадовага юбілею ганаровага грамадзяніна Брэста і вобласці алімпійскага чэмпіёна Сяргея Макаранкі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ад першых крокаў — да залатых медалёў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.