Вы тут

Вяртанне «Звязды» да мірнага жыцця


Вядомы беларускі пісьменнік Алесь Петрашкевіч у адным з артыкулаў пісаў: «Калі б у Беларусі не было войнаў, у ёй пражывала б больш за 60 млн чалавек». А як вярталася Беларусь да міру пасля Вялікай Айчыннай? У пошуках адказу звернемся да гісторыі «Звязды», якая мае багатую інфармацыю на гэты конт.


1418 дзён Вя­лі­кай Ай­чын­най вай­ны...

Але спачатку невялічкі экскурс у гісторыю. Перад намі два віды «Звязды»: орган Мінскага антыфашысцкага падполля (1941—1942 гады, Мінск) і орган Мінскага партызанскага злучэння
(1943—1944 гады, партызанская зона). Калі да другога ніякіх пытанняў не існавала, то першы зведаў ціск абвінавачванняў з-за падазрэння ў здрадзе шэрагу мінскіх падпольшчыкаў. Аб гэтым ведаў і тагачасны начальнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху, першы сакратар ЦК КП(б)Б П. К. Панамарэнка. Ён здагадваўся, што органы НКУС (па прычыне гэтай падазронасці) рыхтуюцца арыштаваць не толькі выдаўцоў, але і газету. Панцеляймон Кандратавіч захаваў ад органаў НКУС усе чатыры нумары падпольнай «Звязды». Даставіў іх у Маскву глыбокай восенню 1942 года адзін з актыўных выдаўцоў газеты, мінскі падпольшчык Уладзімір Казачонак. У будучым яны сталі адпраўной кропкай вяртання праўды аб мінчанах-падпольшчыках.

Незабыўны студзень 1943 года. Менавіта тады ў Любанскі раён Мінскай вобласці, на востраў Зыслаў, прыляцеў самалёт «Дуглас». Ён даставіў у глыбокі тыл ворага будучага рэдактара «Звязды» Міхаіла Парфёнавіча Барашкава і прымітыўнае, але працаздольнае абсталяванне друкарні. Іншыя рабочыя месцы ў «Звяздзе» занялі рэдактар Любанскай раённай газеты Піліп Касцюкавец і супрацоўнікі Капаткевіцкай раённай газеты. 27 студзеня 1943 года, у 585-ы дзень вайны, выйшаў першы нумар лясной «Звязды». Набіралі яго Ніна Цылько, Мікола Курыка, друкаваў газету Ілья Шурпач.

Усяго на акупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі ўбачылі свет 114 нумароў «Звязды», звяздоўцамі было выпушчана і 9000 лістовак. Але не абышлося без непрадбачаных сітуацый. 21 лютага 1944 года памёр ад недалечанай баявой раны Міхаіл Парфёнавіч Барашкаў, які карыстаўся аўтарытэтам сярод партызанскіх камандзіраў. (Яго месца заняў адказны сакратар газеты Георгій Шчарбатаў.) Пастановай ЦК КП(б)Б адказным рэдактарам «Звязды» ў жніўні 1944 года быў зацверджаны В. Е. Самуцін. Спадарожніцу «Звязды», газету «Чырвоная змена», у сакавіку 1944 года ўзначаліў Іван Аляксандравіч Матыль, ураджэнец вёскі Дуброўская Коханаўскага раёна Віцебскай вобласці. Выпускнік Аршанскага педвучылішча (1932 год) і Мінскага інстытута журналістыкі (1941 год). У пачатку вайны — арганізатар Магілёўскай абласной падпольнай камсамольскай арганізацыі. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «Партызану Вялікай Айчыннай вайны», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне». Па ўспамінах блізкіх, быў рамантыкам, але ад зямлі не адрываўся. Рэдактарам «Чырвонкі» працаваў нейкі час і пасля заканчэння вайны.

«Звязда» вярталася ў Мінск разам з першымі савецкімі войскамі — вызваліцелямі. Гэта былі ў асноўным танкісты. Забягаючы наперад, некалькі слоў аб наступным. У даваенны перыяд у Слуцку, родным горадзе маіх бацькоў, размяшчаліся кавалерысты на чале з савецкім палкаводцам Г. К. Жукавым. Да 1939 года Слуцк лічыўся кардонным, пагранічным горадам. Людзі не мелі пашпартоў, а толькі даведкі аб месцы пражывання. З-за гэтай прычыны ў многіх адсутнічалі нават дакументы аб рэгістрацыі шлюбу. У 1944—1945 гадах тут былі адкрыты дванаццаць новых ваенных гарадкоў, у якіх неслі службу, амаль да 60-х гадоў, танкавыя падраздзяленні, што мелі вопыт баявых дзеянняў у час Вялікай Айчыннай вайны.

Мінская прапіска «Звязды» як органа ЦК КП(б)Б, Савета Народных Камісараў і Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР аднавілася 10 ліпеня 1944 года. Планавалася зрабіць гэта 1 чэрвеня 1944 года, але перашкодзіў перанос пачатку аперацыі «Баграціён» на больш позні тэрмін.

Першы мірны штатны расклад «Звязды» падпісалі В. Е. Самуцін — ад рэдакцыі і Павесьма (ініцыялы ў дакуменце адсутнічаюць) — ад выдавецтва. Да старых аддзелаў дабавіліся аддзел заходніх абласцей і аддзел прапаганды марксізму-ленінізму.

9 мая 1945 года са старонак «Звязды» паслалі шчырае прывітанне суайчыннікам віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук БССР В. А. Лявонаў, народныя артысты СССР Е. А. Міровіч, Г. Ю. Грыгоніс, Л. М. Літвінаў, С. С. Бірыла, пісьменнік Кандрат Крапіва; ад імя партызан і падпольшчыкаў з прывітальным словам звярнуўся Герой Савецкага Саюза, былы камандзір Мінскага партызанскага злучэння В. І. Казлоў.

Уяўленне аб тых днях дае і зварот кіраўнікоў Мінскага абласнога і Мінскага гарадскога Саветаў да ўрада БССР аб распачынанні хадайніцтва перад урадам СССР аб прысваенні Мінску ганаровага звання «Горад-герой» «за значны ўклад у арганізацыю і развіццё партызанскага руху ў Беларусі». Але гэта хадайніцтва па падказцы адказных работнікаў ЦК ВКП(б) (Г. М. Малянкова) засталося ў Мінску да 26 чэрвеня 1974 года. (Дата прысваення Мінску ганаровага звання «Горад-герой»). Прычына: існаванне таго самага абвінаваўчага ўхілу ў дачыненні да першага перыяду гісторыі Мінскага антыфашысцкага падполля.

Імя Г. М. Малянкова праходзіць і ў іншых матэрыялах архіва. У 1945 годзе па-за межамі дзяржаўнай дапамогі аказалася 1647 дзяцей-сірот. Многія з іх знаходзіліся ў стане батракоў ці падсобнай рабочай сілы, не атрымлівалі неабходнага выхавання, адукацыі. У маі—чэрвені 1945 года дзеці-сіроты былі ўзяты на ўлік раённымі, гарадскімі, абласнымі органамі ўлады. І тым не менш урад Беларусі папрасіў свайго куратара, сакратара ЦК ВКП(б) Г. М. Малянкова дадаткова выдзеліць 40 000 камплектаў дзіцячай бялізны і 10 000 пар абутку. Масква просьбу задаволіла. У Мінску, абласных цэнтрах рэспублікі пачалі дзейнічаць спецыяльныя сталовыя, магазіны для атаварвання дзіцячых харчовых картак, павялічылася колькасць пуцёвак у піянерскія лагеры, дзіцячыя санаторыі. Праблема знаходзілася на рабочых сталах многіх устаноў, у тым ліку і сродкаў масавай інфармацыі, да яе поўнага вырашэння.

За круг­лым ста­лом Бер­лін­скай (Патс­дам­скай) кан­фе­рэн­цыі. Лі­пень 1945 го­да. Іо­сіф Ста­лін (СССР), Га­ры Тру­мэн (ЗША), Уін­стан Чэр­чыль (Вя­лі­ка­бры­та­нія) бу­ду­юць но­вую пас­ля­ва­ен­ную Еў­ро­пу.

У 1947 годзе «Звязда» адзначыла 30-годдзе свайго нараджэння. Знайшлося месца і для «Звязды»-падпольшчыцы». Былі ўзгаданыя імёны загінулых друкароў: М. П. Воранава, М. М. Воранава, А. С. Грышына, М. І. Свірыдава, В. В. Тарашкевіча. Але, на жаль, святочны матэрыял не поўна раскрыў ролю гарадскога падполля ў стварэнні ў Беларусі шырокага партызанскага руху. Адна з прычын — недастатковая вывучанасць падпольнай дзейнасці гараджан не толькі ў Мінску, але і ў Магілёве, Брэсце, Віцебску, Оршы, Барысаве і ў іншых гарадах.

«Звяздзе» пашанцавала з кіраўніком Беларускай ССР — Панцеляймонам Кандратавічам Панамарэнкам. (Ён, па ўспамінах некаторых дзеячаў, нават разглядаўся І. В. Сталіным у ролі свайго пераемніка. Але раптоўная смерць кіраўніка СССР у пачатку 50-х гадоў парушыла ўсе планы, нарадзіла « на самым версе», у Маскве, шматлікіх ворагаў П. К. Панамарэнкі з ліку зайздрослівых.)

Урад Панцеляймона Кандратавіча павінен быў аднавіць дзейнасць 192 газет (9 рэспубліканскіх, 11 абласных, 10 гарадскіх, 162 раённых). Для выканання намечанага не хапала высокакваліфікаваных спецыялістаў, сродкаў сувязі, транспарту, рабочых памяшканняў. У «Звяздзе» засталіся без загадчыкаў сем аддзелаў, у «Савецкай Беларусі» — восем. Але ўжо ў снежні 1944 года ўрад БССР і ЦК КП(б)Б прынялі сумесную пастанову «Аб аднаўленні паліграфічнай прамысловасці БССР», у якой, у прыватнасці, гаварылася: «Прасіць СНК СССР і ЦК ВКП(б) выдзеліць у першым квартале 1945 года Беларускай ССР наступнае паліграфічнае абсталяванне...» (і далей ішоў працяглы пералік неабходных рэчаў).

У 1946 годзе «Звязда» разам з іншымі друкаванымі органамі пераехала на вуліцу Пушкіна, у дом, які знаходзіўся побач з друкарняй імя Сталіна.

З успамінаў першага пасляваеннага старшыні Мінскага гарвыканкама К. І. Бударына: «Сюды (у Мінск. — Аўт.) я прыехаў 3 ліпеня з аператыўнай групай гаркама і абкама. Мы сустрэлі страшэнную забруджанасць Мінска: трупы людзей і коней, пажары. Насельніцтва ў цэнтральнай частцы горада амаль не было. На ўскраінах насельніцтва захавалася. Потым пачалі вяртацца людзі з вёсак, лясоў. Мы правялі першапачатковы перапіс. У нас атрымалася 103 тысячы чалавек». (У 1939 годзе ў Мінску пражывала 238 тысяч чалавек. — Аўт.)

У вызваленым Мінску з 332 існаваўшых да вайны прамысловых прадпрыемстваў не былі разбураны 19: радыёзавод, скурагалантарэйная фабрыка імя Куйбышава, друкарня імя Сталіна, піваварны завод, 1-я, 2-я, 3-я бальніцы, гарбарны завод «Бальшавік», спіртагарэлачны завод, дрожджавы завод «Чырвоны сцяг», завод імя Варашылава і інш.

Грамадскія будынкі, якія захаваліся: Дом ЦК КП(б)Б (новы), Дом Урада, 1-я савецкая гасцініца (па Камсамольскай вуліцы), Драматычны тэатр, Дом Чырвонай Арміі, Оперны тэатр (часткова разбураны ўнутры).

У кастрычніку 1947 года беларускі рэспубліканскі друк падвергнуўся крытыцы з боку ідэалагічнай камісіі ЦК КП(б)Б «за слабае выкрыццё рабалепства перад замежжам», «за заніжэнне работы па выхаванні ў насельніцтва высокага пачуцця рэвалюцыйнай пільнасці». Прычына крытыкі зыходзіла з артыкулаў у «Правде» і «Литературной газете» аб нібыта не патрыятычным учынку беларускага біёлага, акадэміка АН БССР А. Р. Жэбрака. Шырока вядомы даследчык у свой час быў у Злучаных Штатах Амерыкі на практыцы. Вярнуўшыся, станоўча адазваўся аб амерыканскай школе генетыкаў і некалькі крытычна аб працах ў гэтай сферы савецкага біёлага, агранома Т. Дз. Лысенка (тройчы лаўрэата Сталінскіх прэмій: у 1941, 1943, 1949 гадах). У адказ на заўвагі «Звязда» перадрукавала названыя вышэй артыкулы і тым абмежавалася.

Газета і сама была крытычнай. Толькі ў 1945 годзе яна падвергла крытыцы за бюракратызм, ідэалагічныя пралікі, разбазарванне матэрыяльных сродкаў Мінскі гаркам КП(б)Б, Віцебскі абкам КП(б)Б, пракуратуру Мінска, Міністэрства мясцовай прамысловасці і іншыя арганізацыі і ўстановы. Заўвагі былі ўспрыняты з разуменнем.

А як жылі ў тыя дні простыя людзі, шматлікія чытачы «Звязды»? Пэўны адказ на пытанне дае пісьмо медыцынскага работніка А. Е. Аляксеева на імя наркама земляробства СССР А. А. Андрэева — наконт яго паездкі ў шэраг раёнаў Беларускага Палесся. Прыводзім частку напісанага: «Яшчэ на шляху ад Мінска да станцыі Янаў-Палескі я назіраў на кожнай станцыі штабелі мяшкоў з бульбай і хлебам (мука, зерне), а ля мяшкоў мноства людзей — гаспадароў гэтых мяшкоў. Хто яны? Адкуль яны? Я цікавіўся, і амаль на кожнай станцыі, дзе б я ні спытаў, паўсюдна пераважная большасць іх — палескія калгаснікі (Палеская вобласць БССР). Калгасніцы Палескай вобласці, галоўным чынам з Петрыкаўскага і Капаткевіцкага раёнаў, галадаюць і выехалі, каб выратаваць ад галоднай смерці дзяцей і старых... А ў тыле ёсць бюракраты — манекены, якія жадаюць на няшчасці гэтых людзей нажыць сабе матэрыяльныя даброты, яны са скуры вылузваюцца, каб даказаць, што гэтыя жанчыны і старыя не болей як спекулянты, і адбіраюць у галоднай жанчыны і дзяцей апошнюю надзею на выратаванне ад голаду...»

Мяркуючы па знешніх прыкметах, пісьмо было разгледжана ўрадам БССР і ЦК КП(б)Б. Але інфармацыі аб прыняцці канкрэтных мер, на жаль, няма.

Такім было вяртанне «Звязды» да мірнага жыцця. За плячыма газеты засталіся 1418 дзён Вялікай Айчыннай вайны.

Яўген Бараноўскі,

кандыдат гістарычных навук

Загаловак у газеце: Разам з краінай, побач з людзьмі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Як галасуюць рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Як галасуюць рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Расказваюць нашы карэспандэнты.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.