Вы тут

У Гомелі заканчваюць падрыхтоўку да дня горада


Графіці на адным з будынкаў па Савецкай вуліцы Гомеля — адзін з падарункаў, толькі што зроблены да дня горада і 875-й яго гадавіны.


Гомельская гарадская арганізацыя БРСМ была натхняльнікам і спонсарам праекта насценнага роспісу. Першы сакратар гомельскай гарадской арганізацыі БРСМ Мікалай Святагор адзначае, што выява, якую зрабіў малады мастак Дзмітрый Казлюк, нагадвае гамяльчанам пра славутасці горада над Сожам і яго герб. Дарэчы, і гамяльчанкі Лаліта і Тамара Абдэль, якія толькі пабачылі новы твор стрыт-арту, з задавальненнем фатаграфуюцца на яго фоне і радуюцца, што многія з будынкаў набываюць непаўторнае аблічча.

Між тым напярэдадні асноўнага святкавання, 15 верасня, у горадзе над Сожам плануюць адкрыць музей друку. Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага гарвыканкама Кацярына Дзегцярова расказала, што ён размесціцца ў тым жа будынку, дзе некалькі раней адкрыты музей фатаграфіі. Ініцыятарам выступіла абласная газета «Гомельская праўда», а экспазіцыю дапамаглі аформіць усе рэдакцыі газет Гомельшчыны. Вялізная аб'ёмная светлавая кампазіцыя «Я люблю Гомель» будзе змешчана на будынку «Белтэлекама» і стане яшчэ адным упрыгожваннем абласнога цэнтра на паўднёвым усходзе краіны.

Дэлегацыі з пятнаццаці гарадоў-пабрацімаў прыбудуць у Гомель напярэдадні. Чакаюць сёлета расіян, украінцаў, балгараў, сербаў, кітайцаў, грузін... Падчас сустрэч плануецца і падпісанне дакументаў аб супрацоўніцтве.

Больш за сотню разнастайных мерапрыемстваў адбудзецца 16 верасня. Частка горада стане пешаходнай. Шоу «Легенды старога лодачніка» адбудзецца вечарам 15 верасня ў Гомельскім дзяржаўным цырку, а 16-га павіншаваць Гомель з юбілеем прыедзе народная артыстка СССР Сафія Ратару, якая выступіць з канцэртам на стадыёне «Цэнтральны». Анатоль Ярмоленка, Герман, Ірына Дарафеева і больш за 500 мясцовых артыстаў чакаюць гледачоў у суботу на Гомельскай плошчы Леніна.

Арганізатары сёлета вырашылі разбіць Гомель на 12 тэматычных «гарадоў»: музычны, спартыўны, фестывальны, малады, кветкавы, прамысловы, транспартны, юбілейны, бяспечны, майстравы, друкаваны і гастранамічны. Так, напрыклад, «спартыўны» будзе прадстаўлены цірам, дзіцячым хакеем, работай фітнес-трэнераў. «Кветкавы» дасць магчымасць пазнаёміцца з дасягненнямі ландшафтнага дызайну. «Транспартны» пакажа экспазіцыю рарытэтнай тэхнікі. Каля двух кіламетраў набярэжнай ракі Сож будзе задзейнічана для розных забаўляльных пляцовак.

Да цікавінак, якія адбудуцца ў гэты дзень. Жыхары і госці Гомеля, якія маюць натуральны рыжы колер валасоў, атрымаюць зніжку на каву ў скверы імя Андрэя Грамыкі. Там адбудзецца музычна-тэатралізаваная дзея «Рыжы Гомель». Таксама гараджанам прапануецца прынесці з сабой аранжавыя ніткі, каб сумесна звязаць велізарны шалік. У гэтым жа скверы ўпершыню пройдзе і фэст «Вінаград Гомельшчыны». Тут жа адкрыюць і абноўлены фантан. Завяршальным акордам свята ў Гомелі стане феерверк, які будзе запушчаны з пяці кропак горада.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Музей друку, фэст рыжых і Ратару

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».