Вы тут

Маскоўскі тэатр юнага гледача стаў падзеяй фэсту «Белая вежа»


Як і чакалася, спектакль «Скрыпка Ротшыльда» Маскоўскага ТЮГа прайшоў пры поўным аншлагу. Нам падарылі асалоду ад сапраўднага тэатра. Названая работа — трэцяя частка трылогіі рэжысёра Камы Гінкаса «Жыццё цудоўнае», якая пастаўлена па творах Чэхава. Першыя дзве — «Чорны манах» і «Дама з сабачкам» — трывала ўвайшлі ў рэпертуар тэатра. А гісторыя трунара Якава, які пражыў жыццё ў суседстве са смерцю, расказана проста, пранізліва і, разам з тым, страшна.


Рыжскі рускі тэатр, сцэна са спектакля «Альбом».

Трунара з правінцыяльнага гарадка прырода надзяліла сілай, талентам і чалавечымі пачуццямі. Але Якаў даўно пахаваў у сабе ўсё добрае, толькі крыўдзіўся на землякоў, што паміраюць рэдка і мала, таму ён пастаянна церпіць страты. І без канца лічыў, лічыў, лічыў капейкі і нічога больш не заўважаў. Не бачыў, як пакутуе побач з ім жонка, як растуць дрэвы на рацэ яго юнацтва. Ён нібы выкараніў з сябе ўсё чалавечае, нават сцёр са свядомасці памяць пра сваю адзіную дачку, якая памерла немаўляткам. А яшчэ ён пастаянна крыўдзіў і прыніжаў яўрэя-музыканта Ротшыльда, на ім зганяў усю сваю злосць і душэўнае чарноцце. Якаў у выкананні народнага артыста Расіі Валерыя Барынава ўвесь час знаходзіцца ў канфлікце з самім сабой. А церпіць ад гэтага няшчасны Ротшыльд (народны артыст Расіі Ігар Ясуловіч). І хоць сучасны глядач прывык часта бачыць гэтых акцёраў у серыялах, талент свой яны, да іх гонару, не растрацілі.

Менавіта магутная іх ігра дазволіла адчуць гледачу паступовы прарыў трунара Якава да сваёй чалавечай існасці. Душа яго адхіснулася ад трун, побач з якімі ён правёў жыццё, толькі калі памерла жонка. Ужо ў апошнія яе дні той, хто ні разу не сказаў ёй ласкавага слова за жыццё, спрабаваў яе ўратаваць, павёз у бальніцу, купіў лекі. Але было позна. Марфа адышла ў іншы свет з радасцю, што пазбаўляецца ад такога нешчаслівага жыцця. А ён пасля гэтага не пражыў і двух дзён. «Можа, гэта і ёсць каханне?» — няўпэўнена дапусціў адзін з крытыкаў спектакля.

Можа і так. Бо за гэтыя два дні персанаж Валерыя Барынава змог усвядоміць страшэнную пустэчу свайго жыцця. І дапамагла яму жонка. Яна стала прыходзіць да яго ў снах, расказвала пра раку і вярбу іх маладосці, пра маленькае дзіцятка, якому яны спявалі песні паўвека таму. У снах заклікала яго кінуць труны, зрабіць лодку і плаваць ад сядзібы да сядзібы, іграць на скрыпцы для людзей. Ён жа так добра іграў на сваёй любімай скрыпцы...

Герой раптам усведамляе, што прапала жыццё. І, о цуд: гэты драўляны цурбан у вобразе чалавека пачынае гаварыць чэхаўскімі словамі: «Вось каб не было нянавісці і злосці, людзі мелі б адзін ад аднаго велізарную карысць. Навошта людзі наогул перашкаджаюць жыць адно аднаму?» Ён перажывае адраджэнне, бо пачынае шкадаваць, што крыўдзіў жонку, што біў і прыніжаў Ротшыльда. І ў рэшце рэшт завяшчае сваю скрыпку таму самаму Ротшыльду.

Трэба сказаць, што рэжысёр вельмі беражліва абышоўся з тэкстам Антона Чэхава. Героі чытаюць апавяданне фактычна слова ў слова і разам з тым перадаюць вядомы сваёй няўлоўнасцю чэхаўскі стыль. Народныя артысты сыгралі бліскуча. Але несправядліва было б не сказаць пра заслужаную артыстку Арыну Несцераву. Яна стварыла Марфу, на першы погляд, забітую, няшчасную, бязвольную, але такую, якая, як і ўсялякая сапраўдная жанчына, змагла кіраваць усім, нават пасля сваёй смерці.

Колькі слоў варта сказаць пра яшчэ адну чаканую пастаноўку фестывалю — спектакль «Альбом» Рыжскага рускага тэатра імя Чэхава. (Антон Паўлавіч на гэтай «Вежы» прысутнічаў у многіх іпастасях. — Аўт.) Тэатр добра вядомы брэсцкаму гледачу: у 2001 годзе яны ўзялі Гран-пры, два гады таму пастаноўкай «Фро» паводле Андрэя Платонава выклікалі сапраўдны фурор. Дык вось сёлетнюю работу крытыкі разбілі ледзь не ўшчэнт. Відаць, з прафесійнымі экспертамі можна пагадзіцца ў тым, што дзеі не хапіла пэўнай дынамікі і цэласнасці. Але ж і жанр яны выбралі такі, спектакль складаецца з сямі розных сюжэтаў-аповедаў паводле кароткіх навел Аркадзя Аверчанкі.

Спакушэнне. Здрада. Каханне. Расплата. Расказанае аўтарам сто гадоў таму актуальна і цяпер. Падзагаловак альбома «Сем спосабаў спакусы» абяцаў гучныя любоўныя гісторыі. Так яно і было. Зала смяялася і спачувала, а таксама ўважліва слухала вядучага ў ролі Лёсу. Людзі думаюць, што яны гаспадары жыцця і сітуацый, а насамрэч усёмагутны Лёс валодае ключамі ад падзей, поспеху альбо правалу нават у каханні. Артысты лёгка пераўвасабляліся ў персанажаў іншага апавядання і надзвычай пранікнёна ігралі.

Парадавалі «Белую вежу» і некаторыя беларускія тэатры. Але пра гэта — у наступных фестывальных нататках.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Калі б не было нянавісці і злосці...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».