Вы тут

Сёння пачынаецца сумеснае стратэгічнае вучэнне «Захад-2017»


Сёння пачынаецца сумеснае стратэгічнае вучэнне ўзброеных сіл Беларусі і Расіі «Захад-2017».

Нагадаем, яно носіць выключна абарончы характар і не нясе ніякай пагрозы як для суседніх краін, так і для еўрапейскай супольнасці ў цэлым. Вучэнне, якое рэгулярна праводзіцца або на тэрыторыі Расіі, або ў нашай краіне, заўжды накіравана толькі на тое, каб навучыць абедзве арміі ў выпадку неабходнасці абараніць свае межы.


Расійскі танкіст сяржант Арцём Вілкаў  і беларускі вайсковец яфрэйтар Міхаіл Саўко.

Практычныя дзеянні войскаў у асноўным будуць адпрацоўвацца на тэрыторыі Беларусі, а таксама на трох палігонах суседняй дзяржавы. Як падкрэсліў начальнік дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва — памочнік міністра абароны па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва генерал-маёр Алег ВОІНАЎ, пры вызначэнні раёнаў практычных дзеянняў для выключэння напружанасці ў адносінах з Украінай, Польшчай, Літвой і Латвіяй прынцыпова выбраны палігоны, якія знаходзяцца на значнай адлегласці ад дзяржаўнай мяжы.

Усяго ў вучэнні, якое праводзіцца пад кіраўніцтвам начальнікаў генеральных штабоў узброеных сіл — першых намеснікаў міністраў абароны дзвюх дзяржаў, задзейнічана каля 12 700 ваеннаслужачых. Пры гэтым на тэрыторыі Беларусі рэалізоўваць пастаўленыя задачы будзе каля 10 200 чалавек, а таксама 370 адзінак бранятанкавай тэхнікі, да 150 адзінак артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню, звыш 40 самалётаў і верталётаў — іх колькасць не перавышае ўзровень, падлеглы абавязковаму назіранню за пэўнымі відамі ваеннай дзейнасці, якія ўстаноўлены шматлікімі дагаворамі і пагадненнямі ў галіне кантролю над узбраеннем. На працягу многіх гадоў параметры задзейнічаных у краіне сіл і сродкаў застаюцца практычна нязменнымі.

— Пры вызначэнні задумы вучэння ўлічваліся сучасныя падыходы да прымянення войскаў (сіл) на аснове вопыту сучасных узброеных канфліктаў, — адзначыў Алег Воінаў. — У яго аснову пакладзены варыянт узнікнення крызіснай сітуацыі і нарастання канфлікту, звязанага з узрастаннем актыўнасці дзейнасці незаконных узброеных фарміраванняў міжнародных сепаратысцкіх і тэрарыстычных арганізацый, якія маюць знешнюю падтрымку. Пры гэтым супрацьлеглыя бакі ўмоўна размешчаны ў рэальных межах Беларусі. З аднаго боку — паўночныя, якія ўключаюць у сябе Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі. З іншага — заходнія: кааліцыя зацікаўленых дзяржаў. Па падобным сцэнарыі ў апошні час і распачыналіся ўзброеныя канфлікты. У сваю чаргу, Беларусь імкнецца не дапусціць развязвання ўзброенага канфлікту, дэстабілізацыі абстаноўкі ў рэгіёне, а Расія, у адпаведнасці з дзейнічаючай нарматыўна-прававой базай, аказвае нашай краіне палітычную падтрымку, а таксама фінансавую, ваенна-тэхнічную і ваенную дапамогу.

Вучэнне будзе праходзіць у два этапы. На першым — аб'яднаным камандаваннем рэгіянальнай групоўкі войскаў мяркуецца ажыццявіць завяршэнне падрыхтоўкі войскаў (сіл) да баявога прымянення па ізаляцыі раёнаў дзеянняў незаконных узброеных фарміраванняў і дыверсійна-разведвальных груп праціўніка. Таксама плануецца нарасціць групоўкі ваенна-паветраных сіл і войскаў проціпаветранай абароны для прыкрыцця важных дзяржаўных і ваенных аб'ектаў, падрыхтавацца да адбівання магчымай агрэсіі, а таксама адпрацаваць пытанні арганізацыі ўзаемадзеяння і ўсебаковага забеспячэння. Падчас другога этапу вучэння вайскоўцы будуць адпрацоўваць пытанні кіравання войскамі (сіламі) у ходзе вядзення ваенных дзеянняў пры адбіванні агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы ва ўмовах абстаноўкі, якая хутка мяняецца, а таксама арганізацыі ўзаемадзеяння і ўсебаковага забеспячэння ў інтарэсах рашэння
пастаўленых задач.

У аснову розыгрышу практычных дзеянняў і эпізодаў пакладзены варыянты сумесных дзеянняў беларускіх і расійскіх часцей і падраздзяленняў, якія ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі войскаў, пры ўдзеле ў прыкрыцці ўчасткаў дзяржаўнай мяжы, ахове і абароне ваенных аб'ектаў, блакіраванні і ліквідацыі дыверсійна-разведвальных груп і незаконных узброеных фарміраванняў, а таксама вядзення абарончага бою.

Як заўважыў начальнік дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва, для выключэння недаверу і напружанасці, акрамя нашых суседзяў (Украіны, Польшчы, Латвіі і Літвы), а таксама Эстоніі, Беларусь у якасці назіральнікаў запрасіла і прадстаўнікоў Швецыі і Нарвегіі. Назіраць за вучэннем будуць прадстаўнікі міжнародных арганізацый, а таксама ваенна-дыпламатычнага корпусу замежных дзяржаў, акрэдытаваных пры пасольствах сваіх краін у Беларусі.

Вучэнне завершыцца 20 верасня. Да 30 верасня асабовы склад, узбраенне, ваенная і спецыяльная тэхніка Узброеных Сіл Беларусі вернуцца ў пункты пастаяннай дыслакацыі, а вайсковыя часці і падраздзяленні Узброеных Сіл Расіі пакінуць тэрыторыю нашай краіны.

А пакуль амаль штодзень карэспандэнты «Звязды» будуць весці рэпартажы з месцаў манеўраў. Самыя свежыя навіны, якія датычацца вучэння, ужо змяшчаюцца і на спецыяльным сайце — exercіse.mіl.by.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота БЕЛТА, Над­зеі БУ­ЖАН

Загаловак у газеце: Вучэнне — ад слова «вучыць»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

29—30 лістапада ў Мінску пройдзе міжнародная спецыялізаваная навукова-тэхнічная выстава-форум «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» (ІTE-2017). 

Грамадства

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Што стрымлівае развіццё турыстычна-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал».

Калейдаскоп

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

Раніца ўжо дыхае ў спіну зімовым холадам.