Вы тут

З пачаткам работы БелАЭС тарыфы ў краіне плануецца дыферэнцыраваць


З пачаткам работы беларускай атамнай электрастанцыі тарыфы ў краіне плануецца дыферэнцыраваць. Пры гэтым кошт электраэнергіі ў залежнасці ад часу сутак можа адрознівацца ў тры разы. Мяркуецца таксама размежаваць для насельніцтва цэны адпаведна часу пікавых нагрузак і пры налічэнні аплаты за падагрэў вады і ацяпленне і пашырыць групы спажыўцоў, якія могуць разлічвацца па субсідаваным тарыфе.


Стымул для карыстання

Па словах спецыялістаў, дыферэнцыяцыя тарыфаў разлічана на тое, каб грамадзяне не пацярпелі ад падаражэння жыллёва-камунальных паслуг (ЖКП).

— З улікам таго, што па большасці ЖКП мы выходзім на 100-працэнтны ўзровень кампенсацыі, індэксацыя на намінальную зарплату, якая праводзіцца сёння, да іх прымяняцца па заканадаўстве не можа. Разам з тым з цягам часу мы можам сутыкнуцца з тым, што затраты на аказанне гэтых паслуг вырастуць і дасягнуты ўзровень 100-працэнтнай кампенсацыі выконвацца не будзе, — заўважыў Іван ВЕЖНАВЕЦ, намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ).

Сумесна з Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі МАРГ прапрацоўвае падыходы па магчымай індэксацыі тарыфаў у залежнасці ад затрат, якія ўваходзяць у пэўную паслугу. Прапановы будуць накіраваны для разгляду кіраўніку дзяржавы, бо для разліку тарыфаў спатрэбіцца мяняць базавую велічыню. Папярэдне разлічаны тарыф на энергію ад АЭС таксама накіраваны на разгляд кіраўніцтва краіны.

Каб стымуляваць карыстанне электраэнергіяй, прапрацаваны і дыферэнцыраваныя ў залежнасці ад пікавых і звычайных гадзін тарыфы для электракацельняў, запланаваных да ўводу.

— Узгодненыя значэнні будуць прымяняцца на эксперыментальных электракацельнях, — запэўніў прадстаўнік МАРГ. — А каб дыферэнцыраванымі тарыфамі мелі магчымасць карыстацца жыхары, неабходна ўсталёўваць у дамах адпаведныя лічыльнікі.

Энергазатратныя работы — па начах!

Міхаіл МЯСНІКОВІЧ, старшыня Савета Рэспублікі, заклікаў спецыялістаў адпаведных міністэрстваў падумаць, што зменіцца ў тарыфнай палітыцы з уводам беларускай АЭС, і падкрэсліў неабходнасць удасканалення тарыфнай палітыкі (тарыфнага сшытка) на цеплавую і электраэнергію:

— Ва ўсім свеце сёння стымулююць прымяненне ільготных тарыфаў для насельніцтва ў няпікавыя гадзіны. У грамадства вялікія чаканні значнага зніжэння ставак з уводам АЭС, таму дыферэнцыяцыяй тарыфаў трэба займацца глыбока. У свеце, напрыклад, мыюць толькі ноччу, бо тады кошт ніжэйшы. У нас цана на электраэнергію пакуль не адчувальная для людзей. Аднак калі гэты паказчык наблізіцца да 100% кампенсацыі, чалавеку трэба даць магчымасць выконваць энергазатратныя работы па доме ў зручны для яго час па меншым кошце.

Віктар КАРАНКЕВІЧ, першы намеснік міністра энергетыкі, паведаміў, што рыхтуецца праект пастановы ўрада, дзе прадугледжана пашырэнне груп спажыўцоў, якія карыстаюцца электраэнергіяй для гарачага водазабеспячэння і разлічваюцца па субсідаваным тарыфе ў залежнасці ад аб'ёмаў карыстання электраэнергіяй. Мяркуецца, напрыклад, дазволіць інвалідам і непрацуючым пенсіянерам, якія зарэгістраваны ў жыллі па месцы знаходжання, у тым ліку ў садовых доміках, разлічвацца за газазабеспячэнне для ацяплення і за звадкаваны газ у 50-літровых балонах па субсідаваных дзяржавай цэнах на газ у залежнасці ад аб'ёмаў карыстання:

— З 1 студзеня 2017-га для насельніцтва зніжаны тарыф на электраэнергію для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння з далучанай сумарнай магутнасцю абсталявання больш за 5 кВт, і гэтым грамадзяне ўжо карыстаюцца, — адзначыў ён. — Эфект ад мерапрыемстваў па зніжэнні сабекошту склаў за 2011—2016 гг. 800 млн рублёў без уліку зніжэння затрат ад змяншэння цаны на імпартаваны прыродны газ. Падобныя мерапрыемствы зацверджаны і на гэты год. Мяркуецца, гэта зменшыць затраты прыкладна на 100 млн рублёў.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Тарыфы «пікавых» гадзін

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?