Вы тут

Пасол Казахстана пра адносіны яго краіны з Беларуссю


У лістападзе нашу дзяржаву плануе наведаць з афіцыйным візітам Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў. Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі паведаміў Ергалі Булегенаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Казахстана ў Беларусі.


Падчас сустрэчы з журналістамі дыпламату задалі шэраг пытанняў, вось яго адказы на самыя цікавыя з іх.

Пра вучэнні «Захад-2017»

— Я занепакоенасці асобных дыпламатаў, дзяржаў не падзяляю, — заявіў пасол. — Гэта тэма даўно ўжо мусіруецца... Мы з'яўляемся членамі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, такія вучэнні, якія зараз праводзяць Расія і Беларусь, праводзяцца і ў Казахстане. Яны традыцыйныя і планаваныя. Я жадаю паспяховага правядзення гэтага мерапрыемства.

Пра супрацоўніцтва рэгіёнаў

— За апошнія гады міжрэгіянальнае супрацоўніцтва актывізавалася, — канстатаваў дыпламат. — Складана пералічыць усе нашы рэгіёны, дэлегацыі якіх пабывалі ў Беларусі на працягу пяці з паловай гадоў маёй працы тут. Дэлегацыі абласцей Беларусі таксама бываюць у Казахстане. У красавіку быў візіт дэлегацыі Паўладарскай вобласці на чале з кіраўніком рэгіёна — акімам вобласці. Яны пабывалі ў Мінску, Мінскай вобласці. На прадпрыемстве, якое выпускае трамваі, быў заключаны дагавор на пастаўку 25 вагонаў трамваяў — амаль на 8 мільёнаў еўра!

Пра тавараабарот

— Большасць дэлегацый прыязджае з Казахстана ў Беларусь, — звярнуў увагу Ергалі Булегенаў. — У нас таму ўсе гэтыя гады трымаецца добры такі перакос у тавараабароце на карысць Беларусі — каля 90%. Нам бы таксама хацелася, каб казахстанскія тавары сюды паступалі. Думаю, гэта справа часу. У Казахстане цяпер вельмі шмат прадпрыемстваў адкрываецца, і іх прадукцыя — вельмі канкурэнтаздольная.

Пра сумесныя прадпрыемствы

— У Казахстане нямала праектаў, якія паспяхова працягваюць сваю дзейнасць, — адзначыў дыпламат, гаворачы пра сумесныя прадпрыемствы з Беларуссю на тэрыторыі яго краіны. — Адзін з такіх праектаў належыць БелАЗу, які на рынку Казахстана з 2009 года. У Карагандзе было створана з БелАЗам сумеснае прадпрыемства — КазБелАЗ. Там не толькі ідзе зборка кар'ернай тэхнікі, але і здзяйсняецца рамонт, тэхнічнае абслугоўванне...

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Усё больш збліжаемся

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?