Вы тут

«Дапамажыце прызнаць карову здаровай...»


Між іншым, жывёла хворая на туберкулёз.

Сапраўдная дэтэктыўная гісторыя (а ў пэўным сэнсе можна сказаць, што дзесьці ледзьве і не паўкрымінальная) цягам доўгага часу разгортваецца вакол прыватнай каровы ў адной з вёсак Нясвіжскага раёна. У яе апынуліся ўцягнутымі вельмі шмат службовых асоб, родныя нашай заяўніцы... У раёне (ды і ў вобласці) пра гэтую гісторыю добра ведаюць, тым не менш мы вырашылі не называць галоўную яе фігурантку. Але напачатку паслухаем саму пажылую заяўніцу, якая патэлефанавала ў рэдакцыю па нумары гарачай лініі. Яе аповед быў эмацыянальным і адначасова блытаным.


— 27 мая мінулага года ў прыватным сектары правяралі кароў — бралі аналізы, ці здаровыя яны. Мая рагуля паказала на туберкулёз... Але яна і цяпер жыве, здаровая, расцялілася. Раней я зарабляла на малацэ, але потым мне тое забаранілі. Вы ж не падумайце, я ж таксама сумняваюся, але калі з жывёлай усё добра, дык чаму?.. Нядаўна выпісалі штраф — тры базавыя велічыні... А я ў сакавіку мужа пахавала, як заплаціць... Думала, што пойдуць мне на ўступкі, правераць зноў карову, скажуць, што яна здаровая, змагу зноў малако здаваць, — даводзіла нам жанчына.

Як вынікае са слоў заяўніцы, здаровая рагуля толькі паводле яе ўласнага пераканання: ветэрынары яшчэ летась пацвердзілі, што жывёла хворая, больш ніякіх даследаванняў не праводзілася (забягаючы наперад — і не павінна было праводзіцца). Калі гаворка ідзе пра такую хваробу, як туберкулёз, першае, што прыходзіць у галаву, — а чым чалавек увогуле думае? Тут жа нават не спецыялісту ўсё зразумела. А вось уладальніцы каровы — не, таму і працягваецца гэтая гісторыя так доўга. І ніякіх мераў уздзеяння акрамя адміністрацыйных да жанчыны не выкарыстаеш, бо тая карова — прыватная ўласнасць. Якая, між іншым, уяўляе небяспеку...

— Гэты выпадак знаходзіцца на кантролі, ён сапраўды адзіны ў вобласці, — сказаў галоўны дзяржаўны ветэрынарны інспектар Нясвіжскага раёна Сяргей
Стрэчань,
да якога мы звярнуліся па каментарыі. — Сапраўды, у маі мінулага года ў рамках кантролю за асабліва небяспечнымі інфекцыйнымі захворваннямі, да якіх адносіцца і туберкулёз, мы праводзілі праверку прыватнага статка ў вёсцы, дзе жыве ваша заяўніца. У яе каровы аналізы былі станоўчымі (я сваімі словамі пераказваю адказ Сяргея Ільіча, і надалей апускаючы спецыфічныя для звычайнага чалавека тэрміны. — Аўт.) Ёсць ветэрынарна-санітарныя правілы па туберкулёзе, зацверджаныя Мінсельгасхарчам, яны павінны выконвацца як закон. Пры станоўчай рэакцыі жывёла абавязкова падлягае здачы на дыягнастычны забой.

Аднак, як расказаў далей Сяргей Ільіч, уладальніца рагулі заняла катэгарычную пазіцыю: «Я здаваць не буду!» Якой, як відаць, яна прытрымліваецца дагэтуль. Былі і ўгаворы, і шматлікія размовы, колькі толькі службовых асоб не наведвала жанчыну, усё марна. Прыязджаў маці ўгаворваць нават сын, таксама нічога не атрымалася. Абяцалі і іншую рагулю дапамагчы выпісаць. Але пакуль быў жывы муж жанчыны, ён заяўляў, маўляў, люблю толькі сваё малако! Але калі на сваю рызыку чалавек можа ўжываць такі прадукт, дык нельга забывацца і пра бяспеку для іншых.

Жанчыне цалкам справядліва і на законных падставах забаранілі здачу малака, выпас каровы разам з іншымі жывёламі. Не трэба асабліва тлумачыць, чым гэта можа абярнуцца... Аднак уладальніца рагулі спрабавала праз іншых людзей аддаваць на рэалізацыю малако, за што лабарант атрымаў папярэджанне. Зноў жа нейкім паўлегальным чынам карова была пакрытая, за што ўжо вымову атрымаў галоўны ветурач гаспадаркі — за дапамогу пры ацёле. Як расказаў далей Сяргей Стрэчань, у гэтай сітуацыі, магчыма, ёсць і віна калег. Нехта з іх мог сказаць, што пры паўторным даследаванні ранейшы аналіз можа не пацвердзіцца. Але, як мы сказалі на самым пачатку, гэта выключана — паўторныя даследаванні ў выпадку станоўчага першага аналізу не праводзяцца.

— Жанчыну выклікалі на адміністрацыйную камісію, аднак яна не прыехала. Таму было вынесена рашэнне аб штрафе ў памеры трох базавых велічынь (хоць штраф можа быць да 20 базавых), — сказаў Сяргей Ільіч. — Чарговы раз уладальніцу каровы папярэдзілі: рагулю трэба здаць. Вельмі хацелася б, каб чалавек нарэшце прыслухаўся да здаровага сэнсу і азбукі бяспекі...

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?