Вы тут

Як выбіралі найлепшага паштальёна


Ведаць на памяць тарыфы за перасылку лістоў, афармляць падпіску за пару хвілін, спяваць і танцаваць. Вось далёка не поўны спіс таго, што павінен умець найлепшы работнік пошты. Як праходзіў фінал ХХІ Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства сярод аператараў сувязі і паштальёнаў — у нашым рэпартажы.


Каманда-пераможца. (Другая справа — Вольга Лакісава, адзначаная спецыяльным прызам «Звязды».)

Тэатр пачынаецца з вешалкі, а спаборніцтва — з візітак. Усяго за пяць хвілін кожная з сямі камандаў павінна была прэзентаваць сваіх удзельнікаў. Напрыклад, прадстаўнікі Гродзенскага філіяла правялі кастынг на месца ў супераддзеле. «Заўсёды з усмешкай я на пасту, і цэняць мяне за дабрыню», — хвалілася адна з жанчын. «Работнікі пошты самыя стыльныя — у гэтым сезоне ў модзе ўсё сіняе», — не здавалася другая. А каманда вытворчасці «Мінская пошта» зладзіла... сватанне. На выданні быў пераборлівы кур'ер Цімафей. На шчасце, знайшлася дзяўчына, якая змагла скарыць халасцяка, — выпускніца акадэміі сувязі, выдатніца, спартсменка і прыгажуня Галя.

Каманды прадставілі фірменныя касцюмы. Брэсцкі філіял адзеўся ў шэрыя камізэлькі і спадніцы, Гомельскі выбраў бірузовыя сукенкі, Віцебскі вылучаўся кветкавымі вяночкамі, Магілёўскі — белымі хусткамі з валошкамі.

Свае веды і навыкі работнікі пошты пацвярджалі падчас тэарэтычных і практычных выпрабаванняў. А праявіць свае акцёрскія здольнасці змаглі на прэзентацыі дамашняга задання. Сёлета Год навукі, таму тэма была адпаведная — «Белпошта ў нагу з інавацыямі». Вось дзе ўжо ўдзельнікі маглі разгарнуць сваю фантазію напоўніцу! Так, Віцебская пошта расказала, якой можа быць «ТІБО-2020». «Унікальны выпадак — усе намінацыі за ўкараненне інавацый прысуджаны Белпошце», — з гонарам адрапартавалі вядучыя імправізаванай выстаўкі. Аказваецца, у 2020-м прадпрыемства ўжо карыстаецца беспілотным транспартам, воблачнымі тэхналогіямі і сувяззю фармату 7G. Інструкцыі перадаюцца супрацоўнікам адным указальным пальцам, патрэбу ўсіх складоў і лагістычных цэнтраў пакрываюць альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, а мікрачыпы ўжыўляюцца ў клеткі чалавека і адтуль перадаюць заяўкі на паслугі. Вынайдзены робат-паштальён, які лёгка пераадольвае перашкоды і сам адпужвае сабак. А яшчэ ў 2020-м на прадпрыемстве будзе працаваць штучны інтэлект.

Брэсцкія паштальёны ў фірменных касцюмах.

Мінскі філіял таксама прадставіў выпуск навін з будучыні, дзе пасылку можна атрымаць і без паштальёна. Яго месца ў аддзяленнях замянілі аватары — віртуальныя работнікі, якія працуюць без перапынку на адпачынак і абед. Брэсцкая каманда расказала, як можна ўдасканаліць інтэрнэт-краму. Напрыклад, зрабіць анлайн-прымерачную, у якой будуць выкарыстоўвацца метады 3D-мадэлявання і сканіравання цела. Гэта дазволіць знізіць колькасць зваротаў. А вытворчасць «Мінская пошта» прэзентавала адзінага ў свеце Карлсанкоптара — самага хуткага паштовага кур'ера з маторчыкам. Грузапад'ёмнасць — да 100 кілаграмаў, дальнасць палётаў — не абмежавана. Ідэі па ўкараненні інавацый былі розныя, але каманды сышліся ў адным: якія б тэхналогіі ні прыходзілі ў наша жыццё, нішто не заменіць чалавека.

Спецыяльна для конкурсу паштальёны падрыхтавалі малыя архітэктурныя формы, якія будуць упрыгожваць тэрыторыю базы адпачынку «Дружба». Сярод іх — дэкаратыўны мост, драўляны млын, веласіпеды з кветкавымі кошыкамі.

Хто ж стаў пераможцам сёлетняга спаборніцтва? Найлепшым паштальёнам прызналі Святлану Спірчонак, якая працуе ў аддзяленні Наваполацк-6 (Віцебскі філіял). Яна расказала нам, што паспела паспрабаваць сябе ў розных прафесіях: была і прадаўцом, і афіцыянтам. Работу паштальёна Святлана вельмі любіць і не хавае: была ўпэўнена ў перамозе,
бо вельмі гэтага хацела.

Званне найлепшага аператара сувязі прысудзілі Марыне Кедо (аддзяленне Гомель-44). Дзяўчына працуе на пошце тры гады. «Мама параіла прыйсці», — сціпла тлумачыць яна свой выбар прафесіі. Прызамі найлепшым аператару і паштальёну сталі не толькі дыпломы, але і падарункавыя сертыфікаты на суму 800 рублёў.

У камандным заліку трэцяе месца дасталася Гродзенскаму філіялу, другое — Брэсцкаму. А залаты кубак паедзе ў Віцебск. «Тры тыдні рыхтаваліся. Кожны дзень тэсты рашалі, танцавалі, спявалі», — раскрылі нам сакрэт перамогі канкурсанты Віцебскага філіяла.

Кожны філіял падрыхтаваў малыя архітэктурныя формы, каб упрыгожыць базу адпачынку.

Генеральны дырэктар Белпошты Уладзімір МАТУСЕВІЧ адзначыў, што за ўвесь час існавання конкурсу ў ім паўдзельнічала больш за 800 чалавек.

— Гэта добрая магчымасць паказаць сябе як майстра сваёй справы. Падчас спаборніцтва ацэньваецца крэатыў, уменне асвоіць новыя тэхналогіі. Конкурс дазваляе таксама абмяняцца вопытам і ведамі. Гэта на карысць і ўдзельнікам, і прадпрыемству.

Сёння Белпошта не толькі аказвае традыцыйныя паслугі, але і развіваецца ў плане інфармацыйных тэхналогій. Распрацоўваецца новая мабільная праграма, каб кожны мог са свайго гаджэта рабіць плацяжы, заказваць тавары ў інтэрнэт-краме. Праграму плануюць запусціць у пачатку наступнага года.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Мінскі раён

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Кастынг у супераддзел і сватанне кур'ера

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.