Вы тут

Як у бізнес-інкубатары БДУІР вырошчваюць маладыя таленты


Калі вы дзесьці ўбачыце статак кароў, а пасярод яго будуць хадзіць людзі з планшэтамі ці смартфонамі і штосьці здымаць, не спяшайцеся ўсміхацца. Вы не сталі сведкам флэшмоба. І ніхто не спрабуе зрабіць фота рагуль сабе на памяць. Хутчэй за ўсё, гэта будзе азначаць толькі адно: у каманды стартапа БДУІР атрымалася давесці сваю ідэю да лагічнага завяршэння...


Сяр­гей Краў­цоў: «Спо­саб бес­кан­такт­на­га ўзваж­ван­ня не толь­кі зэка­но­міць час, але і па­зба­віць жы­вёл ад не­па­трэб­на­га стрэ­су».

Лектар — на відэасувязі

Новы навучальны год у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі распачаўся з доўгачаканага наваселля. Напярэдадні святкавання 950-годдзя сталіцы на вуліцы Казлова, 28 адбылося адкрыццё восьмага вучэбна-лабараторнага корпуса БДУІР. Яго будаўніцтва распачыналася за бюджэтныя грошы, праект быў унесены ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму, але праз некалькі гадоў фінансаванне спынілася з эканамічных прычын.

— Дабудоўвалі аб'ект мы ўжо за свае грошы. Будаўніцтва абышлося ў 46 мільярдаў недэнамінаваных рублёў, прыкладна 20 мільярдаў з іх — бюджэтныя сродкі, астатняе — пазабюджэтныя сродкі ўніверсітэта. Затое сёння мы можам пахваліцца стварэннем суперсучаснага адукацыйнага асяроддзя — менавіта тут будуць рэалізаваныя самыя інавацыйныя рашэнні ў адукацыі, — адзначыў падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця новага корпуса рэктар БДУІР, прафесар Міхаіл БАТУРА.

У восьмым корпусе прапісаліся структурныя падраздзяленні Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі, навукова-даследчая частка, факультэт інавацыйнай бесперапыннай адукацыі і студэнцкі бізнес-інкубатар.

Новы корпус у многім унікальны. У будынку размешчаны не толькі лекцыйныя залы, вучэбныя лабараторыі і камп'ютарныя класы. Маюцца таксама цэнтр відэа-канферэнц-сувязі і анлайн-заняткаў для слухачоў факультэта інавацыйнай і бесперапыннай адукацыі, якія навучаюцца дыстанцыйна. Тут жа будзе арганізавана сеткавае навучанне для прадстаўнікоў іншых універсітэтаў. На плошчы ў тры тысячы квадратных метраў створана безбар'ернае асяроддзе.

Самым маладым стартаперам бізнес-інкубатара БДУІР яшчэ не споўнілася і 18 гадоў: Яўген Богінаў, Павел Лабанок і Дзмітрый Хамельянскі — навучэнцы Мінскага радыётэхнічнага каледжа БДУІР.

Смартфон для жывёлавода

Цэлы паверх у новым корпусе аддадзены пад студэнцкі бізнес-інкубатар, дзе маладыя людзі — аўтары цікавых ідэй — змогуць атрымаць дапамогу ў рэалізацыі сваіх задум, іх ператварэнні ў бізнес і выхадзе на рынак. Для крэатыўнай моладзі тут створана 10 пляцовак, абсталяваных мэбляй і аргтэхнікай для работы камандаў. Ужо зараз у бізнес-інкубатары «прапісаліся» шэсць рэальных праектаў, якія прайшлі конкурсны адбор, кожны з іх курыруе ментар — супрацоўнік БДУІР, спецыяліст з Парка высокіх тэхналогій ці вучоны з Нацыянальнай акадэміі навук.

Магістранты кафедры ЭВМ БДУІР Мікалай Ляшкевіч і Сяргей Краўцоў працуюць над праграмна-апаратным комплексам бескантактнага трохмернага сканіравання сельскагаспадарчых жывёл. Праграма складаецца з двух узаемазвязаных модуляў: модуля пабудовы 3D-мадэляў жывёл на базе мабільных устройстваў і модуля разліку характарыстык сельскагаспадарчых жывёл на падставе трохмерных мадэляў.

— Мы цікавіліся, ці існуюць аналагі нашаму комплексу ў свеце, і высветлілася, што на бягучы момант нешта падобнае стварылі немцы, але толькі для «малагабарытных» жывёл і на падставе двухмернай выявы, — расказвае навуковы кіраўнік праекта, загадчык кафедры ЭВМ БДУІР Дзмітрый САМАЛЬ. — Наша задача — больш сур'ёзная. Мы будуем трохмерную мадэль жывёл: з дапамогай дальнамера з інфрачырвоным выпраменьваннем ствараецца воблака кропак, на іх падставе — трохмерная мадэль і ўжо пасля апрацоўкі атрыманых біяметрычных параметраў жывёлы (аб'ёму і плошчы шкуры), падлічваем яе масу без узважвання.

— Жывёлаводы, што рабілі заказ, распрацавалі формы, якія дазваляюць аб'ём і плошчу шкуры перавесці ў масу жывёліны, — удакладняе Сяргей Краўцоў. — Апаратны комплекс у нас ужо ёсць, зараз вучымся будаваць мадэлі і працуем над мабільнай праграмай для планшэта ці смартфона.

На пытанне «А ці не прасцей жывёліну проста ўзважыць?» хлопцы цярпліва тлумачаць: «Не прасцей!» Уявіце, колькі намаганняў патрабуецца, каб узважыць увесь статак: для гэтага трэба кожную жывёліну аддзяліць ад іншых і загнаць у загон на вагі. А калі жывёла хварэе, то ўзважваць яе трэба часцей. Спосаб бескантактнага ўзважвання, над якім працуюць магістранты БДУІР, не толькі зэканоміць час, але і пазбавіць жывёл ад непатрэбнага стрэсу. Іх распрацоўкай ужо зацікавіліся гаспадаркі, у прыватнасці СВК «Прагрэс-Верцялішкі» Гродзенскай вобласці.

Ха­лід Рус­та­маў: «Га­лоў­ная мэ­та ма­біль­на­га трэ­на­жо­ра —  да­па­маг­чы лю­дзям ад­на­віць мі­мі­ку тва­ру».

Гімнастыка для твару

Над стварэннем комплекснай сістэмы генерацыі плазмы атмасфернага разраду для нанаразмернай ачысткі і мадыфікацыі паверхні матэрыялаў рознай прыроды працуюць пяць чалавек: студэнты чацвёртага курса факультэта радыёэлектронікі БДУІР Аляксандр Аксючыц, Мікіта Леановіч і магістранты кафедры мікра- і нанаэлектронікі Сяргей Нікіцюк і Андрэй Занько.

— Плазма атмасфернага разраду, якую мы будзем распрацоўваць, — нізкатэмпературная (30—40 градусаў), гэта значыць, што яе можна прымяняць не толькі для мікра-, нанаэлектронікі і нанатэхналогій, але таксама ў медыцыне, біялогіі, сельскай гаспадарцы, авіяцыі, стаматалогіі, касметалогіі, для лячэння скурных захворванняў, у тым ліку раку скуры і меланомы, — тлумачыць навуковы кіраўнік праекта, дацэнт кафедры мікра- і нанаэлектронікі, кандыдат тэхнічных навук Дзмітрый КОТАЎ. — На першым этапе мы ствараем кампактную сістэму, а ў далейшым будзем яе адаптаваць пад практычнае прымяненне. Плазменныя тэхналогіі сёння шырока прымяняюцца на Захадзе, іх актыўна ўкараняюць немцы, японцы, карэйцы, а мы ў гэтым плане пакуль адстаём. Чэхі, напрыклад, адаптавалі іх для касметалогіі, але гэта вельмі дарагія камерцыйныя распрацоўкі. Важна, што навукаёмістасць нашай распрацоўкі — вялікая, а матэрыялаёмістасць — нязначная. За кітайцамі з іх рэсурсамі мы ніколі не ўгонімся, а вось стварыць штосьці навукаёмістае — цалкам у нашых сілах.

Другакурснікі факультэта камп'ютарных сістэм і сетак БДУІР Глеб Ліннік, Ян Хамутоўскі, Наталля Штанюк і аспірант кафедры пластычнай хірургіі і камбустыялогіі БелМАПА Халід Рустамаў распрацоўваюць мабільны трэнажор для навучання людзей мімічнай гімнастыцы. Каманда Mіmіса сфарміравалася на навуковым хакатоне некалькі месяцаў таму. Да аўтара ідэі ўрача-хірурга Халіда Рустамава далучыліся ІОS-распрацоўшчыкі і прадукт-менеджар.

— Галоўная наша мэта — дапамагчы людзям з паралічам твару пасля аператыўных умяшанняў або з наступствамі запалення твару нерва, калі мышцы трэба навучаць рухацца наноў, — тлумачыць Халід.— Прадукт, над якім працуе наша каманда, з дапамогай алгарытмаў камп'ютарнага зроку і франтальнай камеры смартфона будзе распазнаваць здаровыя ўчасткі твару і паралізаваныя. А элементы дапоўненай рэальнасці (аніміраваныя падказкі, стрэлкі, прывязаныя да пэўных кропак) будуць падказваць пацыенту, якія практыкаванні і для якой часткі твару яму выконваць, што і як трэба зрабіць, каб усе мышцы зноў уключыліся ў работу.

Карыстальнікаў у Mіmіса будзе некалькі: тыя, хто даведаўся аб мабільнай праграме ад урача, тыя, хто прайшоў аператыўнае ўмяшанне, і тыя, хто проста хоча палепшыць сваю знешнасць, напрыклад, папрацаваць над сваёй мімікай змогуць і артысты. Для кожнай групы будуць асобныя профілі карыстальнікаў са сваімі відэаўрокамі і праграмамі рэабілітацыі. Фатаграфіі пацыентаў да пачатку і пасля праходжання курсу хутчэй за ўсё будуць аналізаваць нейронныя сеткі. Па словах аўтара праекта, распазнанне твару ў Mіmіса павінна адбывацца на смартфоне, а не на серверы — у гэтым уся складанасць рэалізацыі ідэі.

Плаз­му ат­мас­фер­на­га раз­ра­ду мож­на пры­мя­няць у ме­ды­цы­не, бія­ло­гіі,  сель­скай гас­па­дар­цы, авія­цыі, ста­ма­та­ло­гіі, кас­ме­та­ло­гіі...

Маладыя і амбіцыйныя

Між іншым, самым маладым стартаперам бізнес-інкубатара БДУІР яшчэ не споўнілася і 18 гадоў. Яўген Богінаў, Павел Лабанок і Дзмітрый Хамельянскі вучацца на другім курсе Мінскага радыётэхнічнага каледжа БДУІР і працуюць над стварэннем вэб-праграмы, якая забяспечыць максімальна хуткі і зручны пошук сэрвіснага цэнтра для любой тэхнікі.

— Магчыма, для мінчан праблема з пошукам сэрвіснага цэнтра — не такая вострая, як для жыхароў невялікіх населеных пунктаў, хоць і тут можна сутыкнуцца з рознай якасцю паслуг, — кажа навуковы кіраўнік праекта, намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Мінскага каледжа радыёэлектронікі Кацярына КРЫШТОПАВА. — А што рабіць, скажам, жыхару аграгарадка, да каго звяртацца? Везці свой халадзільнік ці тэлевізар у сталіцу ці ў абласны цэнтр? А, можа, у суседнім населеным пункце ёсць майстар, які яму дапаможа? На партале можна будзе пакінуць заяўку і атрымаць паслугу, спадзяёмся, што якасную паслугу.

Стартаперы кажуць, што ў інтэрнэце хапае каталогаў, дзе згадваюцца толькі тэлефоны і адрасы сэрвісных цэнтраў, але па згаданых нумарах можна званіць не адзін дзень. Платформа са зваротнай сувяззю, якую яны ствараюць, стане фактычна трэцім давераным бокам паміж кліентам і сэрвісным цэнтрам. Тут будуць прадстаўлены апошнія навіны, асвятляцца актуальныя тэмы. Можна будзе пакінуць водгук на якасць паслуг, прычым усе водгукі будуць не заказныя, а цалкам праўдзівыя, паколькі іх ніхто рэдагаваць не будзе.

— Мы ўпэўнены, што стартап, — які аб'яднаў нашых навучэнцаў, гэта цудоўны практычны досвед, — падкрэслівае Кацярына Крыштопава. — Тут трэніруюцца і ўменне працаваць у камандзе, і самаарганізацыя, выхоўваюцца арганізатарскія здольнасці. Яны вучацца не толькі ствараць прадукт, але і выводзіць яго на рынак, арганізоўваць уласную справу. Нават самая найлепшая навучальная праграма ніколі гэтага не заменіць.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Ініцыятывам — зялёнае святло

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

Пра гэта ўчора казалі высокія госці на ўрачыстым мерапрыемстве, прымеркаваным да юбілею газеты.

Спорт

Анастасія Марыніна: Баскетбол 3х3 — гэта заўсёды відовішча

Анастасія Марыніна: Баскетбол 3х3 — гэта заўсёды відовішча

Гэта адзін з нямногіх гульнявых відаў спорту, што былі ўключаны ў праграму ІІ Еўрапейскіх гульняў. 

Грамадства

«Захад-2017». Постфактум

«Захад-2017». Постфактум

Задачы сумеснага стратэгічнага вучэння выкананы на высокім узроўні.

Грамадства

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

Самабытныя, смачныя і пазнавальна-творчыя святы адбыліся сёлета ў розных раёнах Гродзеншчыны.