Вы тут

Як малады эканаміст стаў цыркавым фрыстайлерам


«Калі ты не арыгінальны, ты не можаш быць першым», — разважае гамяльчанін Уладзіслаў Касцючэнка ў прома-роліку да свайго выступлення ў знакамітай тэлеперадачы «Хвіліна славы». Дваццацічатырохгадовы эканаміст віртуозна валодае футбольным мячом. Праўда, не на полі, а на сцэне. Пра тое, чаму сёння футбольны фрыстайл — гэта мастацтва, Улад расказаў «Чырвонцы. Чырвонай змене».


За апош­ні год та­ле­на­ві­ты гамяльчанін вы­сту­піў на цыр­ка­вых пля­цоў­ках Фран­цыі, Ізраіля, Ка­зах­ста­на і Ра­сіі.

— Мая гісторыя пачалася даволі банальна. У дзяцінстве я мог пагуляць у футбол з сябрамі, але, па шчырасці, асаблівай цікавасці да яго ў мяне ніколі не было. Затое калі аднойчы на вочы трапіла відэа з трукамі футбольных фрыстайлераў, мне вельмі захацелася навучыцца рабіць гэтак жа, — кажа Уладзіслаў.

Дарэчы, відэаролікі ў інтэрнэце замянілі пачаткоўцу трэнера. Хлопец глядзеў іх і спрабаваў паўтарыць тое, што бачыў на экране. Некаторы час Улад трэніраваўся разам з сябрам, але таму гэты занятак хутка надакучыў.

— Футбольны фрыстайл, асабліва спачатку, — гэта руціна, мільёны паўтораў адных і тых жа рухаў. Безумоўна, не кожнаму такое будзе даспадобы. Аднак калі рэгулярныя шматлікія трэніроўкі не палохаюць, то можна авалодаць абсалютна любымі, нават самымі цяжкімі элементамі, якія на першы погляд здаюцца нерэальнымі. Мною кіравала вялікае жаданне навучыцца рабіць адзін трук, пасля яшчэ адзін, і яшчэ... Ніхто не тлумачыў, як і што трэба рабіць, дзе і колькі па часе трэніравацца. Тым не менш мяне гэта ніколі не спыняла.

Спецыяльных пляцовак для заняткаў фрыстайлам ва Улада няма. Летам ён ходзіць на стадыён «Гомсельмаш», а калі на вуліцы холадна, у школу №12, дзе калісьці вучыўся. Усё, што яму трэба, — крыху вольнай прасторы. Калі Улад бярэ мяч, увесь свет для яго перастае існаваць: ёсць толькі ён і канцэнтрацыя на адным прадмеце.

— Тэхніка выканання, канешне, мае вялікае значэнне ў фрыстайле, і каб яе выпрацаваць, неабходныя гады. Але самае складанае — прыдумляць нешта сваё (новыя трукі ці камбінацыі з ужо вядомых). У той жа момант гэта самае цікавае і каштоўнае для мяне як артыста, а сёння я сябе пазіцыяную менавіта так, — тлумачыць хлопец.

Раней Уладзіслаў быў звычайным фрыстайлерам, якіх шмат. Ён дэманстраваў свае ўменні на адмысловых фестывалях і чэмпіянатах і займаўся больш «для сябе», чым для публікі.

— Гэтак магло працягвацца і далей. Пакуль аднойчы, пасля чарговага фестывалю ва Украіне, члены журы не далі мне прафесіянальную параду — знайсці рэжысёра, каб той дапамог зрабіць мае выступленні больш «прадуманымі і зарыентаванымі на гледачоў», — успамінае хлопец. — І я пачаў шукаць, хоць было даволі складана, бо ніхто не хацеў брацца за новы для нашай краіны кірунак. Адзіны, хто зацікавіўся маімі ўменнямі, — артыст Маскоўскага цырка Нікуліна Дзмітрый Чарноў. Ён жанглёр, а фрыстайл у некаторым сэнсе — таксама жангліраванне, толькі з мячом. Разам з Дзімам мы прыдумалі для мяне вобраз і паставілі нумар, які цяпер з'яўляецца маёй візітнай карткай.

Крэатыўная падача трукаў з футбольным мячом, грым і акцёрская гульня вылучылі Улада сярод звычайных фрыстайлераў і адкрылі яму дарогу да цыркавой арэны. За апошні год ён паспеў прыняць удзел у знакамітым французскім фестывалі «Сіrquе dе Dеmаіn», стаць прызёрам міжнароднага цыркавога фестывалю ў Ізраілі, месяц папрацаваць па кантракце ў Казахстане, і гэта не ўлічваючы выступленняў на шматлікіх беларускіх і расійскіх чэмпіянатах па фрыстайле.

— Вобраз стварае інтрыгу і напаўняе нумар антуражам. Гледачам нават у галаву не прыходзіць думка пра тое, што мой фрыстайл неяк звязаны з футболам. Людзі бачаць ува мне цыркавога артыста, які працуе ў новай плыні мастацтва.

Калі Улад пачынаў займацца з мячом, то нават не думаў, што гэта можа стаць для яго чымсьці большым, чым проста хобі. Першыя пяць гадоў нічога, акрамя ўласнага задавальнення, хлопец не атрымліваў. Затое цяпер, дзякуючы футбольнаму фрыстайлу, ён пабываў у трох новых краінах за кошт арганізатараў цыркавых фестываляў і шоу.

— Калі вучыўся ва ўніверсітэце, шмат часу праводзіў з мячом. Бацькі тады перажывалі, каб не закінуў вучобу, да якой я заўсёды ставіўся адказна (скончыў школу з залатым медалём, пасля таксама меў даволі высокі сярэдні бал паспяховасці). Сёння працую па спецыяльнасці і не магу сказаць, што мне гэта падабаецца. Магчыма, я нават крыху шкадую, што так шмат часу выдаткаваў на вывучэнне эканомікі, — прызнаецца Уладзіслаў. — З фрыстайлам усё наадварот: я рады, што ён выпадкова з'явіўся ў маім жыцці і так моцна змяніў яго. Больш за тое, спадзяюся, што калі скончыцца адпрацоўка па размеркаванні, выступленні з мячом стануць маім пастаянным заняткам.

Ганна Курак

Загаловак у газеце: Фінт з мячом

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».