Вы тут

Магічныя ноты беларускай гісторыі


Гісторыя і сучаснасць, фольк і рок аб’яднаюцца на сцэне Вялікай залы Беларускай дзяржаўнай філармоніі 14 верасня. Прафесійныя музыкі прадставяць фолькрок-оперу «Чарадзей», створаную па матывах летапісных крыніц. Ідэя, музыка і лібрэта належаць беларускаму музыку Раману Арлову.


З пастаноўкі «Чарадзей».

Доўгі час ён быў гітарыстам і аўтарам некаторых песень гурта J:Mors. Затым сабраў гурт «У нескладовае», з якім выдаў некалькі альбомаў беларускай рок-музыкі, а таксама граў перад выступленнем Deep Purple на «Мінск-Арэне». Гурт «У нескладовае» стаў асноўнай музычнай сілай «Чарадзея». Ідэя стварыць фолькрок-оперу прыйшла праз іншы праект. У 2013 годзе беларускі тэлеканал прапанаваў Раману Арлову зрабіць музычнае афармленне Дня Незалежнасці, што трансляваўся ў прамым эфіры. Праект складаўся з музыкі чатырох розных эпох: старадаўняй Беларусі, перыяду Вялікага Княства Літоўскага, музыкі XVIII — XIX стагоддзяў і XX стагоддзяў. Разам з Генадзем Сыраквашам Раман напісаў тэкст і музыку. Атрымаўся 15-хвілінны міні-мюзікл.

 — Пасля гэтага я пачуў меркаванні, што добра было б зрабіць паўнавартасны мюзікл ці рок-оперу, — расказвае Раман Арлоў.

З гэтага моманту ён стаў збіраць матэрыял для больш маштабнага твора. Так з’явіўся цэнтральны персанаж, вакол якога пачаў фарміравацца сюжэт. Героем твора стаў полацкі князь Усяслаў Чарадзей. Дзеянне пачынаецца ў 1068 годзе. Галоўны герой знаходзіцца ў кіеўскай вязніцы, куды яго падманам захапіў родны дзядзька Ізяслаў. З Чарадзеем яны непрымірымыя сапернікі, таму што Ізяслаў жадае ўзяць Полацкую зямлю пад уладу Кіева. Галоўны герой — у небяспецы і ўцячы магчымасці няма. Але не быў бы Чарадзей Чарадзеем, калі б не меў магічных здольнасцяў. Дзякуючы ім ён выклікае з сучаснай Беларусі дзяўчыну Касю. Яна дапамагае Усяславу выбрацца з вязніцы, зноў паверыць у сябе і адстаяць беларускую зямлю.

— На мой погляд, фольк-рок-опера — гэта выдатны спосаб зацікавіць аўдыторыю беларускай гісторыяй і беларускай рок-музыкай. Многія музыкі, якія задзейнічаны ў «Чарадзеі», якраз былыя ці цяперашнія ўдзельнікі беларускіх рокгуртоў.

Фольк-рок-опера «Чарадзей» цікавая тым, што згуртавала вялікую каманду прафесійных музыкаў і артыстаў. У ролі Мары, якая ладзіць падарожжы герояў у часе і прасторы, — салістка фальклорнага гурта «Купалінка» Вольга Касцючэнка. У ролі Касі — Кацярына Поцюс, салістка гурта «У нескладовае». Музыканты гэтай каманды забяспечылі музычнае суправаджэнне ўсёй пастаноўкі. Наталля Чайко, Кацярына Гладкова, Яна Чарнышэвіч вядуць харавую партыю. Ёсць некалькі роляў, выканаўцы якіх змяняюцца ў залежнасці ад складу. На прэм’еры ў лістападзе мінулага года ў ролі Чарадзея быў Уладзімір Сцепанкоў, саліст фальклорнага гурта «Купалінка», а падчас гастроляў у Польшчы гэтую ролю выканаў аўтар твора Раман Арлоў. Часам у паказах бярэ ўдзел тэатр танца «Альтана» пад кіраўніцтвам Ганны Корзік.

Прэм’ера «Чарадзея» адбылася ў лістападзе мінулага года на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Але паміж першым паказам фольк-рок-оперы ў Беларусі і другім, які адбыўся 13 чэрвеня ізноў на той жа сцэне, ёсць розніца. Гэтым разам над праектам працаваў рэжысёр тэатра «Рэха» Андрэй Жураўскі. Ён мае намер пераўвасобіць фольк-рок-оперу. Водгукі пра прэм’еру далі ўпэўненасць, што такая музыка запатрабавана і можа мець сапраўдны поспех.

Да гістарычнай тэмы скіравалі карані. Бацька Рамана — Уладзімір Арлоў — вядомы пісьменнік і гісторык. Яму падабаецца Полацк і ўсё, што з горадам звязана. Часта героі твораў Уладзіміра Арлова знаходзяцца менавіта ў Полацку. Гэты край падараваў нам не толькі Усяслава Чарадзея, але і Ефрасінню Полацкую, Рагнеду, Рагвалода, Сімяона Полацкага і іншых значных асоб, якія паўплывалі на гісторыю Беларусі. Некаторы час Раман Арлоў працаваў і жыў у Маскве.

 — Менавіта там я востра адчуў, што павінен вярнуцца і зрабіць фольк-рокоперу. Многія часткі твора былі напісаныя ў Маскве. Калі параўнаць музыку з іншымі відамі мастацтва, то рок-опера — гэта манументалізм, а песня — пейзаж. Пейзажамі я займаўся доўгі час.

Раман Арлоў пісаў песні не толькі для гуртоў J:Mors і «У нескладовае». Нават расійскіх спевакоў упэўніў спяваць на беларускай мове: падчас сумеснай працы з «Братамі Грым» запісаў песню «Станцыя». Кліп на гэтую кампазіцыю атрымаў Беларускую нацыянальную музычную прэмію ў 2013 годзе.

«Чарадзей» з’яўляўся паступова. Асоба галоўнага героя шматгранная, цікавая, аб’ёмная. Таму матэрыялу — тэксту і музыкі — атрымалася значна больш, чым патрэбна для сцэнічнай формы. Адсячы другаснае і пакінуць самае цікавае і важнае — задача нялёгкая. Асабліва для аўтара. Таму рэдагаванне ўзяла на сябе Кацярына Поцюс, якая выконвае адну з галоўных роляў і ў пастаноўцы. У выніку гледачы не заўважаюць, як пралятаюць 90 хвілін фольк-рок-оперы.

— Цяпер важна прыйсці да фармату працы па прынцыпе тэатра. Напрыклад, рабіць адзін паказ у месяц, — лічыць Раман Арлоў. — Акрамя гістарычнага ў фольк-рок-оперы ёсць яшчэ адзін падтэкст, які нам хацелася б данесці да гледачоў: уважліва паглядзіце вакол: магчыма, Чарадзей прытаіўся дзесьці побач і назірае, як мы жывём, ці любім і шануем свае культуру і мову, ці ганарымся гэтым скарбам.

Юлія КАРДАШ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».