Вы тут

Секс у нас ёсць, а вось сексуальнай культуры няма


Развіццё медыцыны абумовіла з'яўленне такога паняцця як сексуальнае здароўе. Адпаведна, можна гаварыць і аб нездароўі — сексуальных парушэннях або расстройствах. На працягу свайго жыцця кожны з нас — хто раней, хто з узростам — мае магчымасць даведацца, што гэта такое. Аб тым, чаму сексуальнае нездароўе настолькі распаўсюджанае і ці можна тут штосьці выправіць, расказвае ўрач-сексолаг-псіхатэрапеўт Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Васіль ШЭЎЛЯКОЎ.


— Сексуальнае здароўе — гэта фізічны, псіхалагічны і сацыяльны дабрабыт, які дазваляе нам адэкватна і якасна рэалізаваць свае сексуальныя патрэбы. Нездароўе праяўляецца ў той момант, калі мы незадаволены, занепакоены тым, што маем у гэтым сэнсе. Гэта можа быць часовым, надуманым, а можа і перарасці ў расстройства, калі спатрэбіцца спецыяліст.

— Што ўсё ж такі важнейшае для сексуальнага здароўя — фізіялогія, псіхалогія або сацыяльны складнік?

— Сексуальны акт заўсёды мае пад сабой перадумовы не толькі фізіялагічнага і псіхалагічнага характару, але і сацыяльнага, бо нам неабходна спачатку выбраць у соцыуме партнёра. Збой у любым з гэтых складнікаў прыводзіць да праблемы. Што да фізіялагічных прычын сексуальных расстройстваў, то яны збольшага вывучаны. У аснове расстройства эрэкцыі, напрыклад, менавіта фізіялогія будзе іграць вельмі важную ролю, таму што эрэктыльная функцыя — гэта якасная работа сасудаў, перыферычнай нервовай сістэмы, а таксама цэнтральнай нервовай сістэмы, якая дасылае сасудам адпаведную інфармацыю, удзельнічае ў працэсе ўзбуджэння, забяспечвае работу нервовых канчаткаў і рэцэптараў — эрагенных зон.

Псіхалагічны складнік — гэта блізкасць, якасць стасункаў і гатоўнасць да палавога акта з выбраным партнёрам. Для той жа эрэкцыі ўсё гэта таксама вельмі важна, аднак якімі б добрымі ні былі стасункі, эрэкцыі не будзе, калі на этапе закладкі сасудаў, што павінны напампоўваць кроў, адбылося нейкае парушэнне. Дэфект, дарэчы, можна выявіць з дапамогай сучасных метадаў даследавання, а потым выправіць.

— Колькі сексуальных расстройстваў вядома на сёння?

— Сексуальная дысфункцыя — гэта не толькі адсутнасць функцыі наогул, але і яе зніжэнне або павышэнне. Вылучаюць сем самых распаўсюджаных праблем: парушэнне генітальнай рэакцыі, куды адносіцца не толькі эрэктыльная дысфункцыя, але і падобныя станы ў жанчын; адсутнасць або зніжэнне лібіда — сексуальнага жадання; болевыя адчуванні, звязаныя з палавым актам, вагінізм (спастычнае скарачэнне мышцаў у жанчын), павялічанае сексуальнае жаданне і непрыняцце сексуальных кантактаў. Лічыцца, што кожны другі-трэці чалавек, незалежна ад полу, пакутуе на нейкую дысфункцыю. Кожная трэцяя жанчына не мае або не дасягае аргазму. Парушэнні на працягу жыцця могуць мяняцца. Кожны мужчына ва ўзросце пасля 50 сутыкаецца з цяжкасцю дасягнення якаснай эрэкцыі, эякуляцыі, а многія жанчыны з узростам — з праблемай знікнення або зніжэння лібіда.

— Аднак калі гэта не турбуе, то...

— ...то можна жыць — і без сексу, і без аргазму. Праўда, гэта зусім іншая якасць жыцця!

— Ці існуюць пары без сексуальных праблем?

— Гэта як пражыць жыццё без спрэчак — нерэальна. На жаль, стасункі ў нашых парах наогул, як правіла, не назавеш гарманічнымі. Бо адсутнічае культура вядзення дыялогу. У сексуальным жыцці большасць праблем узнікае менавіта з-за таго, што людзі не здольны гаварыць пра гэта. Аб праблемах часцей за ўсё ведаюць, але маўчаць, трываюць і нават звыкаюцца з імі.

— Мяркую, самымі няздольнымі да дыялогу з'яўляюцца мужчыны...

— Ім цяжэй даецца дыялог з прычыны «камсамольскага» выхавання. У нас дагэтуль не вучаць дзяцей, а хлопчыкаў асабліва, дзяліцца сваімі перажываннямі, прызнавацца ў няўдачах.

— А такія размовы не заб'юць само жаданне?

— Калі пасля ласкі і пацалункаў мы сядзем размаўляць пра секс, то гэта будзе, мякка кажучы, дзіўна. Гаварыць трэба ў любыя іншыя моманты, бо гэта проста яшчэ адна прыемная тэма. На практыцы атрымліваецца так, што як толькі ў мужчыны з'яўляецца праблема, ён замыкаецца, а жанчына празмерна драматызуе. Бывае, што і праблемы, па сутнасці, няма, — напрыклад, аднаму трэба «шмат», а другому «менш» (розная палавая канстытуцыя). Дастаткова аднаго дыялогу...

— А ўсё ж такі, што рабіць, калі яму трэба больш?

— Заняцца спортам, танцамі, рабіць тое, што і без нашай падказкі робяць мужчыны... Наогул, гэта трэба мець на ўвазе любому мужчыну, у сям'і якога нараджаецца дзіця. Першыя год ці нават болей пара знаходзіцца ў вялікім стрэсе, у тым ліку з-за перамен у сексе — ён становіцца больш рэдкім. Гэтай праблемай сексолаг можа займацца, працуючы менавіта з парай. Калі мужчына вырашыў гэту праблему з дапамогай паходаў налева, то гэта яго права, але ён павінен усведамляць, што рызыкуе страціць стасункі ў той пары, з якой «пайшоў».

— Даступнасць эратычнага і парнаграфічнага відэаматэрыялу неяк адбіваецца на сексуальным жыцці?

— Падобны кантэнт уплывае на разуменне і развіццё сексуальнасці ў падлеткаў, што, з аднаго боку, з'яўляецца станоўчым момантам. З іншага боку, тое, што падлеткі бачаць, рэдка супадае з рэальным жыццём, бо яны, як правіла, спажываюць тое, што прызначана для людзей, якія ўсведамляюць уласную адказнасць за падобныя формы сексуальнасці, напрыклад садамазахізм. На вялікі жаль, у нас была і застаецца нізкая сексуальная адукаванасць моладзі. Для таго каб даць такія веды, трэба атрымаць згоду бацькоў, а большасці нашых бацькоў самім спачатку трэба праслухаць лекцыі па гэтай тэме, каб зразумець, што і навошта. Акрамя таго, сексуальная асвета не падтрымліваецца ні на якім узроўні, няма спецыяльных праграм і дзяржаўнай падтрымкі. Пры гэтым ёсць і добрыя фільмы, і кнігі, і спецыялісты... Людзі ў выніку карыстаюцца кантэнтам, які не вытрымлівае ніякай крытыкі. А ў падлетка яна наогул зніжана. Атрымліваецца так, што інфармаваныя ў нас — усе, а вось адукаваных... Веды ёсць, а як іх прымяніць, ніхто не ведае.

— Парадокс...

— А ўсё таму, што адсутнічае паняцце сексуальнай культуры — сексуальнае ўзаемадзеянне партнёраў, скіраванае на дасягненне камфорту. Гэта вельмі складана, бо пачынаецца з неабходнасці атрымаць нейкія веды ад бацькоў, потым — у садку і школе... Таму па меры сталення імкліва нарастае колькасць сітуацый, звязаных з дыскамфортам сексуальнага жыцця... Вось у часы Вялікага Княства Літоўскага існавалі пэўныя правілы сексуальнага жыцця — з паняццямі нормы, пэўнымі рытуаламі, маральнымі ўстоямі, устаноўкамі на тое, калі выходзіць замуж... Сёння паняцце нормы кожны ўвасабляе так, як ён гэта разумее. Пры гэтым ніхто нам вось зараз не раскажа, як вызначыць, калі мы гатовыя да пачатку сексуальнага жыцця або да новых сексуальных стасункаў.

— І што неабходна, каб уступіць у першыя ці новыя стасункі?

— Усведамляць сваю сексуальнасць, гатоўнасць прымяніць сваю сексуальнасць у дачыненні да партнёра. Секс мае на ўвазе сустрэчу дзвюх спелых асоб, якія ўсведамляюць адказнасць адносна таго, што мае адбыцца, абое разумеюць, з якімі наступствамі могуць сутыкнуцца — захворванні, зачацце дзіцяці. Адсюль гігіена, засцярога... Плюс адказнасць у сэнсе канфідэнцыяльнасці, вытрымліванне пэўных межаў інтымнасці.

— У сексуальных стасункаў ёсць узроставая мяжа?

— З узростам з'яўляюцца, безумоўна, нейкія саматычныя захворванні, аднак застаецца псіхалагічны аспект — нашы ўяўленні, чаканні, якія нікуды не знікаюць, нават калі фізічнай магчымасці няма. Гэта тое самае, як думаць пра торцік, седзячы на дыеце. Рэалізаваць паяданне мы не можам, але ж думкі круцяцца! Калі раптам пагоршылася эрэкцыя, знікла жаданне, узнік фізічны дыскамфорт, а стасункі хочацца захаваць, то трэба звярнуцца да спецыяліста і высветліць, наколькі праблема сур'ёзная. Вельмі асцярожнымі трэба быць з рознымі стымулятарамі, цацкамі з секс-шопа. Тэарэтычна яны павінны вырашаць праблему, а на практыцы прымяненне такіх атрыбутаў без асаблівых ведаў прыводзіць да адваротнага эфекту — пагаршэння сексуальнага жыцця.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Эрагенны дыскамфорт

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькі прадуктаў і адзення нам неабходна для нармальнага жыцця?

Колькі прадуктаў і адзення нам неабходна для нармальнага жыцця?

Колькі малака і яек беларус ужывае за месяц? 

Грамадства

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў

29—30 лістапада ў Мінску пройдзе міжнародная спецыялізаваная навукова-тэхнічная выстава-форум «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» (ІTE-2017). 

Грамадства

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Што стрымлівае развіццё турыстычна-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал».

Калейдаскоп

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

Раніца ўжо дыхае ў спіну зімовым холадам.