Вы тут

Як адбываецца размнажэнне гіяцынтаў


Гіяцынт досыць непатрабавальная расліна. Яго паспяхова могуць вырошчваць як вопытныя, так і маладыя кветкаводы-аматары.


Натуральнае размнажэнне гіяцынтаў адбываецца павольна. За год дарослая цыбуліна ў залежнасці ад сорту ўтварае 1—2 дзеткі, рэдка 3 ці 4, а яшчэ радзей колькасць іх можа дасягаць 5—8. Калі дзеткі добра адлучаюцца ад мацярынскай цыбуліны, іх дагадоўваюць асобна. Калі дзеткі адлучаюцца дрэнна, даччыныя цыбулінкі не абломваюць і высаджваюць матчыну цыбуліну з дзеткамі. У прамысловым кветкаводстве
гіяцынты не размножваюць шляхам натуральнага дзялення, а практыкуюць штучны спосаб размнажэння.

Цыбуліны, прызначаныя для штучнага размнажэння, павінны прайсці папярэднюю апрацоўку: іх дэзынфікуюць у 1-працэнтным растворы марганцавакіслага калію, а затым прасушваюць не менш за два дні пры тэмпературы 20—23 °С.

Выразанне донца цыбулін

Гэтую аперацыю праводзяць у канцы перыяду спакою цыбулін. Каб паспяхова выразаць донца, мінімальна пашкодзіўшы цыбуліну, трэба падабраць інструмент. Лепш за ўсё для гэтага выкарыстоўваць чайную лыжку з вострым краем. Астатнюю частку цыбуліны пакідаюць некранутай, а затым правяраюць, ці ва ўсіх лускападобных лістоў выдаленыя іх асновы. Гэта можна зрабіць і нажом, аднак ім лёгка пашкодзіць цэнтр цыбуліны.

Каб знізіць магчымасць з'яўлення захворванняў, паверхню зрэзаў лускападобнага лісця апрацоўваюць фунгіцыдам. Цыбуліны размяшчаюць у скрынях, перавярнуўшы зрэзам уверх. Іх таксама можна захоўваць на драцяной сетцы або падносе з сухім пяском. Каб выклікаць утварэнне калуса ў асновы лускі і затрымаць магчымае распаўсюджванне хвароб, цыбуліны вытрымліваюць пры тэмпературы не ніжэй за +21 °С. Прыкладна праз два-тры месяцы на зрэзах лускі ўтвараюцца маладыя цыбулінкі. На адной цыбуліне могуць утварыцца 20—40 дзетак.

Матчыну цыбуліну высаджваюць у гаршчок у тым жа перакуленым стане так, каб дзеткі былі злёгку прыкрытыя субстратам. Расліны гартуюць і далей трымаюць у халодным парніку. Вясной цыбулінкі крануцца ў рост і ўтвораць лісце, а старая цыбуліна паступова разбурыцца. У канцы вегетацыйнага сезона маладыя цыбуліны выкопваюць, раздзяляюць і рассаджваюць для дагадоўвання. Маладыя расліны могуць зацвісці праз 3—4 гады.

Надразанне донца цыбулін

Гіяцынты можна размножваць хутчэй, калі замест выразання донца на ніжняй частцы цыбуліны зрабіць толькі некалькі надрэзаў глыбінёй да 0,6 см. На буйной цыбуліне робяць звычайна чатыры надрэзы пад прамым вуглом адзін да аднаго (два перасякальныя крыжападобныя), а на больш дробных дастаткова зрабіць два надрэзы. У гэтым выпадку колькасць цыбулінак, якія ўтвараюцца, памяншаецца, але яны бываюць буйнейшымі. Цыбуліны гіяцынтаў папярэдне дэзынфікуюць гэтак жа, як і пры выразанні донца. Надрэзаныя цыбуліны змяшчаюць на дзень у сухое цёплае месца (+21 °С): у гэтых умовах надрэзы лепш раскрываюцца. Калі надрэзы раскрыюцца, іх апрацоўваюць фунгіцыдам. Наступныя аперацыі і ўмовы захоўвання цыбулін тыя ж, што і ў папярэднім метадзе. У выніку ўтвараюцца цыбулінкі ў колькасці 8—15 штук, для дагадоўвання якіх спатрэбіцца 2—3 гады. Выразанне і надразанне донца выкарыстоўваюць не толькі для размнажэння гіяцынтаў. Гэтыя метады ўжываюцца і пры вырошчванні нарцысаў, падснежнікаў, мускары, пралесак.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.