Вы тут

Беспрытульным жывёлам таксама патрэбны закон


У беларусаў ёсць прыказка: «Добры гаспадар і сабаку з хаты не выганіць у такое надвор'е». Згадваю, як у моцныя маразы, завею бацька забіраў у дом нашага любімца Бобіка — у цяпло, на мяккую посцілку. Наогул, гадоў трыццаць таму на вясковых вуліцах немагчыма было сустрэць ні бадзяжных сабак, ні бадзяжных катоў. Але з цягам часу чатырохногіх беспрытульнікаў у сельскай мясцовасці з'яўлялася ўсё больш і больш.


Толькі летась у Беларусі, як сведчыць статыстыка, было адлоўлена 69 тыс. бяздомных жывёлін, у тым ліку ў Мінску — 4 тыс. сабак і катоў. Для 3 тыс. з іх знайшлі новых гаспадароў. Вядома, у тым, што армія былых хатніх гадаванцаў з кожным годам павялічваецца, вінаваты чалавек. Заканчваецца дачны сезон, гараджане загружаюць, што называецца, пад завязку багажнікі і салоны аўтамабіляў хатнімі нарыхтоўкамі і вяртаюцца ва ўтульныя кватэры. А вось месца катам і сабакам, якія на лета былі вывезены на прыроду, часта не знаходзіцца. Магчыма, хтосьці з «жаласлівых» уладальнікаў і пусціць скупую слязу, ды з набліжэннем да горада яна хутка высахне. І кожны знойдзе апраўданне сваёй здрадзе: гэта ж жывёла, пракорміцца неяк у полі, лесе... З цягам часу сабакі, якіх не дабілі зімняя сцюжа і голад, збіваюцца ў зграі — так лягчэй выжыць, і ствараюць пагрозу для людзей.

У рэдакцыю «Мясцовага самакіравання» патэлефанавала жанчына з Валожынскага раёна. Маўляў, адны непрыемнасці ад бадзяжных сабак. Збіраюцца каля жывёлагадоўчых фермаў і нават на адной з іх загрызлі цяля. «Няўжо праўда?» — не зусім верылася ў гэта. Такое надзвычайнае здарэнне мясцовага маштабу стала б набыткам грамадскасці праз інтэрнэт. Але чаго толькі не бывае ў гэтым жыцці. І журналіст «МС» вырашыла праверыць інфармацыю.

— Не выключаю: чыста тэарэтычна такое можа быць. Але пра тое, што ў нашым раёне бадзяжныя сабакі прычынілі шкоду маладняку, мы не чулі. Скаргі ад кіраўнікоў гаспадарак, грамадзян не паступалі, як і заяўкі на адлоў «агрэсараў», — кажа начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Валожынскага райвыканкама Анатоль Аліеў.

Ды і, на маю думку, утаіць такі выпадак немагчыма, людская погаласка даўно б разнесла навіну па ўсёй ваколіцы.

— У Валожынскім раёне налічваецца 430 населеных пунктаў, — працягвае Анатоль Ядулаевіч. — На яго тэрыторыі безліч садовых таварыстваў, асабліва вакол пасёлка Ракаў, што бліжэй да сталіцы. Калі ў раёне пражывае 30 тыс. чалавек, то летам у тую ж ракаўскую зону прыязджае яшчэ 25 тыс. дачнікаў. І многія прывозяць з сабой хатніх гадаванцаў. Самі па сабе каты і сабакі бадзяжнымі не становяцца. Тут адназначна прысутнічае чалавечы фактар. Таму праблема нічыйных чатырохногіх ёсць, але не скажу, што яна стаіць асабліва востра.

На тэрыторыях аграгарадкоў пытаннямі арганізацыі адлову безнаглядных жывёл займаюцца арганізацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. А ў асобных населеных пунктах абавязкі па адлове бадзяжных катоў і сабак ускладзены на сельвыканкамы.

— Мы заказваем спецыялізаваную арганізацыю, якая мае адпаведную ліцэнзію на адлоў бадзяжных жывёлін. Іх не страляюць, як мяркуюць людзі, а спецыяльнымі сродкамі ўводзяць у стан сну. Аналагічную работу праводзяць і сельскія Саветы. Адлоўленых жывёлін адвозяць у пункты часовага ўтрымання. Пакінуць у сябе безнаглядных чатырохногіх мы не можам. Паколькі для іх павінна быць адведзена спецыяльнае памяшканне, уладкаваны вальеры. Акрамя таго, іх трэба забяспечыць харчаваннем, прывіць, наняць абслугоўваючы штат, ветэрынара. А гэта вялікія расходы... У сельскіх Саветах прадугледжана фінансаванне на адлоў з тых сродкаў, якія ідуць на добраўпарадкаванне, ды яно вельмі абмежаванае, — тлумачыць мой суразмоўнік. — Справа яшчэ ў тым, што пры адлове цяжка вызначыць, ці ёсць у сабакі ўладальнік. Як правіла, яны без ашыйнікаў. Калі ў ашыйніку, то шукаем гаспадара.

Звычайна ў квартал адлоўліваюць да 10 катоў і сабак, канстатуе Анатоль Аліеў. Усё залежыць ад паступлення заявак ад насельніцтва, юрыдычных асоб.

Бясспрэчна, гуманнасць у адносінах да братоў нашых меншых з боку чалавека, адказнасць за тых, каго прыручыў, магла б зменшыць маштабы бедства. І яшчэ, на маю думку, павінен быць больш жорсткі закон для тых, хто бесчалавечна абыходзіцца з хатнімі гадаванцамі, — да пазбаўлення волі. Закон «Аб абыходжанні з жывёламі» спрабавалі прыняць яшчэ ў 2001 годзе. З тых часоў законапраект рэгулярна адкладваўся, у яго ўносіліся дапаўненні, змяненні. У 2011-м ён не прайшоў праз другое чытанне. І вось чарговы раз з'явілася надзея, што хутка закон будзе прыняты. Як лічаць абаронцы жывёл, у ім палепшаны правілы адлову жывёл, прадугледжана дакладная забарона на адстрэл. (Не сакрэт, што часта няшчасных забівалі на вачах дзяцей і дарослых, асабліва не цырымоніліся з гэтым у сельскай мясцовасці.) Законапраект прадугледжвае стварэнне месцаў часовага ўтрымання ў раённых цэнтрах, а пры неабходнасці і ў меншых населеных пунктах. Прычым тэрмін утрымання тут жывёл павялічваецца. Стане больш жорсткай і адказнасць за парушэнне асобных нормаў утрымання. У нядобрасумленных уладальнікаў могуць забраць гадаванца або абмежаваць правы на яго.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Чый ты, нічыйны Шарык?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».