Вы тут

Урокі мужнасці і любові


Зніжэнне ўвагі да патрыятычнага выхавання пагражае нацыянальнай бяспецы краіны.

Днямі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Пётр АТРОШЧАНКА вярнуўся з ваенна-патрыятычнай змены навучэнцаў сувораўскіх і кадэцкіх вучылішчаў Беларусі і Расіі, якая праходзіла ва Усерасійскім дзіцячым цэнтры «Арляня», што ў Краснадарскім краі. Вядома, парламентарый там не адпачываў. Убачанае яго настолькі ўразіла, што сваімі думкамі вырашыў падзяліцца з чытачамі «Звязды».


— На працягу амаль месяца больш як 380 хлопцаў і дзяўчат з 15 навучальных устаноў Беларусі і Расіі адпачывалі на чарнаморскім узбярэжжы, а таксама ўдасканальвалі там сваю фізічную падрыхтоўку, вайсковую навуку і дысцыпліну. Акрамя сталічных сувораўцаў, у ваенна-патрыятычную змену трапілі найлепшыя выхаванцы кадэцкіх вучылішчаў з Віцебска, Гродна, Магілёва і Мінска. З Расіі пуцёўкі ў «Арляня» атрымалі сувораўцы з Екацярынбурга, Казані, Пярмі, Чыты, Ульянаўска і Грознага, кадэты з Краснадара і Арэнбурга.

— Пётр Аляксеевіч, некалькі гадоў таму мне давялося асвятляць работу падобнай ваенна-патрыятычнай змены ў Анапе. Як сёння помню, з якім энтузіязмам падлеткі «гулялі» ў вайскоўцаў...

— Усе яны — патрыёты сваёй радзімы. Ваенна-патрыятычныя змены, якія ўжо на працягу 11 гадоў праходзяць па ініцыятыве камісіі Парламенцкага сходу па бяспецы, абароне і барацьбе са злачыннасцю Саюзнай дзяржавы, дазваляюць наладзіць шчыльныя прафесійныя і сяброўскія сувязі паміж будучай ваеннай элітай Беларусі і Расіі. Падобныя змены — эталон таго, як трэба выхоўваць нашу моладзь. Вельмі добра было б, каб у наступным годзе на ваенна-патрыятычную змену трапілі не толькі сувораўцы, нахімаўцы і кадэты, а і выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў.

— Адзін з іх — «Рубеж» — дзейнічае на тэрыторыі вашай выбарчай акругі...

— І я ўдзяляю яму шмат увагі. Ваенна-патрыятычны клуб у Крупках быў створаны некалькі гадоў таму. Цяпер ён аб'ядноўвае каля 120 школьнікаў. Пад кіраўніцтвам былога ваеннаслужачага, фаната сваёй справы, выхаванцы «Рубяжа» вывучаюць гісторыю краіны, удасканальваюць сваю фізічную падрыхтоўку, сустракаюцца з ваеннаслужачымі, ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і вайны ў Афганістане. Падлеткі выхоўваюцца ў духу патрыятызму, мараць насіць афіцэрскія пагоны. Будзем рэалістамі: не ўсе з іх стануць вайскоўцамі. Але тое, што яны атрымліваюць падчас так званых урокаў мужнасці, абавязкова спатрэбіцца ім у жыцці.

— Адной з пагроз нацыянальнай бяспекі разам з тэрарызмам вы называеце змяншэнне ўвагі да патрыятычнага выхавання, зніжэнне патрыятычнага настрою. Пры гэтым ваенныя пагрозы ставіце на самае апошняе месца з магчымых...

— У выпадку ваеннай пагрозы абарона сваёй зямлі без патрыятычных настрояў практычна немагчымая. Вось чаму так важна сёння на ўсіх узроўнях удзяляць увагу выхаванню будучых патрыётаў.

— Лічыце, можна навучыць любіць Радзіму?

— Вядома, можна! І каб любіць сваю Айчыну, размаўляць на роднай мове не самае галоўнае. Можна думаць па-англійску або па-нямецку і ў той жа час шмат карыснага рабіць на сваёй зямлі, праслаўляць яе. Праўда, у апошні час ваенна-патрыятычнае выхаванне ў нас «кульгае». І не таму, што мы нешта няправільна робім, проста час цяпер іншы. Калі я вучыўся ў 8—9-м класах, усе мае аднакласнікі хацелі паступаць у ваенныя вучылішчы, марылі пайсці ў армію. Гэта было святое! Цяпер жа большасць маладых людзей думае, як «адкасіць» ад службы ў войску. Адкуль у іх такі стэрэатып пра армію? Я лічу, што ўсе вытокі — у выхаванні, у першую чаргу бацькоўскім. Многія ўжо з самага дзяцінства нацэльваюць сваіх нашчадкаў на тое, што вучыцца ў Англіі ці дзесьці яшчэ за мяжой больш прэстыжна. Пра які патрыятызм у такіх сем'ях можа ісці гаворка? Праўда, падчас ваенна-патрыятычнай змены я пераканаўся, што не ўсё страчана.

— У першым чытанні ўнесены змены ў Закон «Аб барацьбе з тэрарызмам», над якім вы актыўна працуеце. На гэта падштурхнулі тыя трагічныя падзеі, якія ў апошні час адна за адной ускалыхваюць увесь свет?

— На цяперашні момант у нас дзейнічае Закон «Аб барацьбе з тэрарызмам»
2002 года. Але час ідзе, свет уступіў у эпоху глабалізацыі. З'яўляюцца новыя пагрозы і рызыкі. Таму наспела неабходнасць унесці дапаўненні і змены ў закон. Безумоўна, з улікам міжнароднай практыкі. Найбольш актуальнае — вызначэнне тэрміна «крытычна важныя аб'екты». Гэта неабавязкова аб'екты абароннай прамысловасці. Гэта арганізацыі, а іх у краіне налічваецца звыш 500, якія найбольш падыходзяць для здзяйснення тэрарыстычнага акта. Акрамя таго, у законапраекце размяжоўваюцца функцыі праваахоўных органаў па ажыццяўленні барацьбы з тэрарызмам, удасканальваецца механізм прызнання арганізацыі тэрарыстычнай.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.