Вы тут

Яго залатыя мары


З прысваеннем бібліятэцы імя славутага земляка даследчай працы не паменела

Амаль пяць гадоў гэтае імя носіць бабруйская гарадская бібліятэка № 4. І дзесяць гадоў мы, супрацоўнікі бібліятэкі, прапагандуем яго творчасць, якая, на вялікі жаль, мала вядомая нашаму чытачу. Нядаўна споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння таленавітага пісьменніка Барыса Мікуліча.


Больш чым пятнаццаць гадоў гэтага сумленнага творцы былі выкрасленыя з яго жыцця. Не па сваёй волі ён правёў іх у далёкай Сібіры, ды так і застаўся там назаўжды — пайшоў з жыцця ў 1954-м, не дажыўшы двух месяцаў да свайго 42-годдзя і трох — да поўнай рэабілітацыі. Засталіся яго творы, многія з якіх дагэтуль ненадрукаваныя, рукапісы беражліва захоўваюцца ў музеях і архівах Беларусі. Ён пакінуў пасля сябе значную творчую спадчыну: «Цяжкая гадзіна», «Жыццяпіс Вінцэся Шастака», «Палеская аповесць», «Дужасць», «Развітанне», «Адвечнае», «Аповесць для сябе»…

У сваім дзённіку «Аповесць для сябе» ён пісаў: «…Вобразы ненапісаных кніг лунаюць вакол мяне, сняцца мне, са мною ходзіць поруч прыгожая мая мара, якая падтрымлівала мяне і ў ветраным навасібірскім стэпе, і ў марозах Краснаярска, і ў брудзе этапаў, і ў вугальным пыле “пяцьсот вясёлага”… Яна ўсміхалася мне на чарнаморскім узбярэжжы, на домнах Магніткі, на праспекце Сталіна ў Краснаярску, на Дварцовай плошчы і на Астожанцы. Яна была і на беразе Гайны, і ў тайзе… Няўжо ты пакінеш мяне цяпер, мая залатая сяброўка — мара?!».

Барыс Мікуліч не змог здзейсніць залатую мару — выдаць шмат кніг, убачыць надрукаванымі свае творы. Не паспеў… Але праз 70 гадоў мы спрабуем выканаць яго запаветную мару — быць карысным беларускаму народу, сваёй краіне. Так, у 2012 годзе да 100-годдзя пісьменніка бабруйскай гарадской бібліятэцы № 4 было прысвоена імя Барыса Мікуліча. Гэтай падзеі папярэднічала вялікая карпатлівая работа: збіралі матэрыялы пра жыццё і творчасць беларускага пісьменніка, што працягваем і па сёння. Штуршком да выбару імя стаў і зварот у Бабруйскі краязнаўчы музей па дапамогу настаўніка гісторыі — краязнаўцы Машукоўскай сярэдняй школы Краснаярскага края Міхаіла Захарцова. Ён досыць рупіцца пра ўвекавечванне памяці нашага земляка, які пахаваны ў пасёлку Машукоўка. Дзякуючы перапісцы з ім у нас у архіве ёсць фатаграфіі Б. Мікуліча і яго родных з Лагойшчыны, здымкі з адкрыцця новага помніка, нарысы з газет, якія выдаваліся ў Краснаярскім краі, вершы мясцовага паэта пра беларускага пісьменніка.

 Кожнага наведвальніка бібліятэкі сустракае партрэт Барыса Мікуліча, які аздабляе выстаўку-экспазіцыю «Вечна малады пакутнік». Галоўным здабыткам экспазіцыі стала асабістая бібліятэка сям’і Барыса Мікуліча, якую нам перадалі ў год яго 100-годдзя. А самы каштоўны экспанат — кніга М. Шолахава «Поднятая целина» 1946 года выдання з аўтографам уладальніка.

 З прысваеннем бібліятэцы імя славутага земляка даследчай працы не паменела. Адкрылася аматарскае аб’яднанне «Таварыства сяброў кніг», у якім сабраліся самыя адданыя сябры кнігі — паэты з літаратурнага аб’яднання «Вясна». Такім чынам адрадзілася традыцыя, якая існавала ў горадзе ў 1920-я — 1930-я гады мінулага стагоддзя: пры газеце «Камуніст» рэгулярна выходзіў літаратурна-мастацкі дадатак «Вясна», дзе друкаваліся творы таленавітых маладых літаратараў Бабруйшчыны. Дзякуючы «Вясне» і «Уздыму» заўважылі, падтрымалі і адкрылі Барыса Мікуліча, Васіля Вітку, Фядоса Шынклера, Алеся Жаўрука, Яфіма Кохана, Аляксея Зарыцкага, Рыгора Суніцу, Сяргея Грахоўскага… Юнаком Барыс Мікуліч быў актыўным удзельнікам «Таварыства сяброў кніг» пры бібліятэцы, у якой працаваў.

Залатыя мары Барыса Мікуліча сталі і нашымі марамі. Зараз мы марым выдаць кнігу яго твораў да 105-годдзя з дня нараджэння, ды так і назваць — «Мае залатыя мары». У кнігу ўвойдуць аповесці «Наша сонца», «Палеская аповесць», «Вецер на світанні», «Жыццяпіс Вінцэся Шастака», апавяданні «Прарыў», «Машина на берегу реки», «Каким он был», «Пасхальное яйцо», «Жеребёнок», «Звычайны дзень», п’еса «Rot Front», вершы, пераклады, лісты з сібірскай няволі да родных, сяброў, знаёмых. У падрыхтоўцы кнігі да выдання бралі ўдзел не толькі супрацоўнікі бібліятэкі і адміністрацыя ўстановы культуры «Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г. Бабруйска». Праца не была б паспяховай без дапамогі вялікай энтузіясткі, захавальніцы роду Мікулічаў, стрыечнай унучатай пляменніцы пісьменніка Тамары Сакаловай, жыхаркі Мінска. Разам з намі яна шмат робіць для таго, каб імя Барыса Мікуліча вярнулася з нябыту. Гэта яна расчытвала рукапісы свайго знакамітага дзеда ў архівах, музеях, бібліятэках. Яна збірае, сістэматызуе лісты, рукапісы ды іншыя дакументы, якія захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа АН Беларусі ды інш. Маем спадзеў, што ў межах статусу «Бабруйск — культурная сталіца Беларусі» зборнік убачыць свет, а чытачы адкрыюць для сябе багатую творчую спадчыну Барыса Мікуліча.

Гэты год для нас знамянальны: бібліятэка брала ўдзел у XХV Рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры». У намінацыі «За пошукавую і даследчую работу» гарадская бібліятэка № 4 імя Б. Мікуліча ўзнагароджана дыпломам II ступені. На конкурс быў прадстаўлены работы па ўвекавечванні памяці пісьменніка — земляка Барыса Мікуліча. Гэта натхняе на новыя здзяйсненні: плануем з юнымі краязнаўцамі наладзіць яшчэ адну экспедыцыю на Лагойшчыну і Барысаўшчыну, каб сабраць новыя факты для пашырэння генеалагічнага дрэва роду Мікулічаў; марым наведаць разам з пісьменніцкай дэлегацыяй магілу Барыса Міхайлавіча ў далёкім Краснаярскім краі, выказаць словы ўдзячнасці сібіракам, якія ўшаноўваюць памяць таленавітага беларуса.

Святлана КАЛЮТА, загадчыца бабруйскай гарадской бібліятэкі № 4 імя Б. М. Мікуліча

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».