Вы тут

"Маёй песні ніхто не ачэрніць…ͫ


Роздум над радкамі і лёсам паэта Язэпа Пушчы

Ён быў вялікім працаўніком і дзівосным паэтам, які аддана любіў свой край. Можаце мне запярэчыць: «А хто ж не любіць сваёй Бацькаўшчыны?..»


І сапраўды, радзіму любяць усе. Але так шчыра і дасканала выказаць паэтычным словам любоў да роднай зямлі, да красы яе непаўторных краявідаў, як рабіў гэта Язэп Пушча, могуць нямногія… У далёкія 20-я гады мінулага стагоддзя на ўроках роднай літаратуры дзеці завучвалі на памяць яго вершы і імкнуліся, як і паэт, палюбіць хараство Бацькаўшчыны-Беларусі. Хіба маглі не зачараваць радкі:

Чаму так сэрца любіць

Вясны зялёны шум?

Для Беларусі любай

Я радасць дзён нашу…

Або:

Рэчанькі сінія хвалі

Сонца вясны калыхалі,

Ласку ўсю сонцу аддалі,

Коцяцца, коцяцца далей…

Аднак тыя маладыя беларусы, хто прыйшоў у школу ў 1930-я гады, ужо не змаглі прачытаць вершы Язэпа Пушчы, як і Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Жылкі…

Сын гаспадарлівых сялян з недалёкай ад Мінска вёскі Іосіф Плашчынскі (гэта сапраўднае імя паэта) змалку прывык да працы. Стаўшы паэтам, успамінаў: «Рана, з дзіцячых гадоў, стаў пастушком, узыход сонца часта сустракаў на выгане разам з каровамі; я слухаў у полі і чуў, як раніца рыкае. Гэты вобраз пазней увайшоў у маю паэзію. Я рана навучыўся араць і касіць і ў дванаццаць гадоў у касьбе амаль не адставаў ад дарослых…»

Ён заўсёды з цікавасцю вучыўся: у пачатковай вясковай школе, у Мінскім вышэйшым пачатковым, затым рэальным вучылішчы, на курсах беларусазнаўства пры Наркамасветы БССР, дзе слухаў Купалу, Коласа, Бядулю… Затым працаваў ва ўстановах народнай асветы ў Мазыры і Мінску. Пісаў вершы, клапаціўся пра адукаванасць беларускай моладзі і сам зноў вучыўся: спачатку на педфаку БДУ (1925 — 1927 гг.), затым перавёўся ў Ленінградскі ўніверсітэт (1927 — 1929 гг.).

Язэп Пушча хутка стаў вядомым паэтам. У 1922 г. у друку з’явіліся яго першыя вершы, а ўжо ў 1925 г. чытачы трымалі ў руках першую кнігу маладога паэта, апантанага радасцю жыць, бачыць і апяваць красу роднай зямлі, верыць у бясхмарную будучыню, — «Раніца рыкае». Потым адна за адной выходзяць кнігі «Vita» (1926), «Дні вясны» (1927), «Песні на руінах» (1929). Акрамя вершаў пішуцца паэмы «Крывавы плакат» («Крывавы год»), «Песня вайны», «Цень консула», «Сады вятроў».

Ён належаў да лідараў, авангардыстаў беларускай паэзіі, пачынаў з маладнякоўцамі і шчыра сябраваў з Міхасём Чаротам. Але імкненне да творчай самадасканаласці, да грамадзянскага і эстэтычнага самавыяўлення, іншае, чым у «Маладняку», разуменне прызначэння літаратуры і ўласных творчых задач стала прычынай выхаду з гэтай арганізацыі. Язэп Пушча разам у У. Дубоўкам, А. Бабарэкам быў у кагорце заснавальнікаў «Узвышша».

Яго творы, як і творы яго таленавітых сучаснікаў У. Жылкі, В. Маракова, У. Дубоўкі, Т. Кляшторнага, іншых узвышаўцаў былі пастаянна ў цэнтры ўвагі крытыкаў. Паэта крытыкавалі за імажынісцкія «завіхрэнні», за празмерную «ясенінскую» вобразатворчасць, строга ўказвалі, што ён павінен скіраваць свой талент на галоўныя тэмы — услаўленне рэвалюцыі, новага жыцця, «сацыялістычнага будаўніцтва». А Язэп Пушча з нязменным натхненнем пісаў пра беларускую вёску, яе святлістыя сонечныя раніцы, пра бязмежжа лясоў і дуброў, пра спеў птушак, пра шэпт стромкіх сосен, песні гаёў, святлісты бляск рэчак і крыніц… Ды ваяўнічая крытыка не сціхала, прыдзірліва ўчытвалася ў радкі Язэпа Пушчы, асабліва твораў, што пісаліся ў Ленінградзе і друкаваліся на старонках часопіса «Узвышша» — вершаў пад агульным загалоўкам «Асеннія песні».

Сапраўды, талент паэта сталеў, светапогляд мяняўся. Вясёлкавая, святлістая імажынісцкая летуценнасць, наватарская вобразная раскаванасць у радках вершаў саступае ўвасабленню матываў неўладкаванасці грамадскага і чалавечага жыцця, самотнай адзіноты ў чужым горадзе, трывожных прадчуванняў, абумоўленых напружанай грамадскапалітычнай атмасферай канца 1920-х гг. А літаратурная палеміка на Беларусі ў гэты час набывала палітычны характар. Крытычныя рэцэнзіі станавіліся фактычна публічным палітычным даносам. Ідэалагічна пільныя крытыкі адкрыта пагражалі паэту камерай, якая палечыць яго ад песімізму, абразліва параўноўвалі яго з «гнілазубым старычком», які намагаецца «ўкусіць новае», вінавацілі ва ўпадніцкіх настроях, нацдэмаўшчыне…

Паэт спрабаваў тлумачыць крытыкам вытокі самотных матываў сваіх «ленінградскіх» вершаў сумам па роднай Беларусі. Прыгадаў і пра сабаку, які доўгі час жыў на бацькоўскім двары і быў верным ахоўнікам іх сям’і… «Ленінград здзівіў мяне сваім хараством, строгай і велічнай архітэктурай, сваімі палацамі, помнікамі. Мне было балюча, што ў Беларусі нічога гэтага няма, і гэта навеяла песімізм, які так выразна адчуваецца ў маіх ленінградскіх вершах… Шмат думаю над шляхам далейшага развіцця сваёй паэзіі, імкнуся выйсці на светлую дарогу». У 1930-м г. паэт працаваў над новай паэмай «Сады вятроў», пра якую, несумненна, для крытыкаў-вульгарызатараў, быццам апраўдваючыся, пісаў, што паэма «па задуме маёй павінна была вывесці… на шырокія прасторы вялікай паэзіі».

Ды з песні слоў не выкінеш:

Азябла цела ў трагічным уздыме;

Зямлі нагату акрывае лістота.

Хто з крыжа краіну распятую здыме?

Узываю, малюся у грэшнай істоце…

І хоць паэт тлумачыў, што ім маюцца на ўвазе драматычныя гады Першай сусветнай вайны, ды вельмі ж сугучнымі былі гэтыя і іншыя радкі з пагрозлівым часам усталявання дыктатуры, таталітарызму ў БССР канца 1920-х гг. Матывы душэўнага болю паэта, адданага сына распятай маці-Беларусі, здрады грамадскім ідэалам дабрыні, справядлівасці, немагчымасці пакараць здраднікаў-«харыстаў», сімвалічны вобраз чорных сіл, што раскрыліліся над родным краем — вызначальныя ў творах Язэпа Пушчы, які марыў пра вольную, натхнёную творчасць дзеля шчасця і ўслаўлення свайго працавітага і шматпакутнага народа. Яго «Асеннія песні», паэма «Цень Консула», пра што слушна пісалі даследчыкі М. Мішчанчук, І. Багдановіч, В. Максімовіч, іншыя, уяўляюцца «паэтычным прысудам тагачаснай таталітарнай сістэме партыйнага кіраўніцтва (анаграма ЦК прачытваецца ў назве паэмы), што душыла ўсе парасткі жывога нацыянальнага жыцця».

Консул у паэме Язэпа Пушчы — жорсткі і ўсемагутны ўладар. Ён выносіць бязлітасныя прысуды вальнадумцам, будуе новае грамадства, але самы яго галоўны будынак-гмах — турма. Вобраз Маці, якая смуткуе над лёсам свайго сына-вязня, бясспрэчна сімвалізуе пакорную Беларусь. Так прароча яшчэ ў канцы 1920-х гг. паэт прадказаў лёс Беларусі і яе лепшых сыноў у час сталінскіх рэпрэсій.

Прадказаў і свой уласны лёс.

Язэп Пушча быў арыштаваны летам 1930 года. Пасля арышту сына былі раскулачаны і яго бацькі. З 1931 па 1958 гг. асуджаны паэт жыў у выгнанні — на Урале, у Шчадрынску з 1931 па 1935 гады, пра якія пісаў: «працую бугалтарам і зрэдзь вяртаюся да паэзіі»; з 1935 па 1936 гады — у Анапе: «працую бугалтарам… напісаў некалькі вершаў»; з 1937 па 1958 гады — на Мурамшчыне, дзе працаваў спачатку настаўнікам, а потым дзявятнаццаць год — дырэктарам Чаадаеўскай школы.

Беларускі паэт у сяле Чаадаева Уладзімірскай вобласці стаў педагогам, сапраўдным настаўнікам многім вучням, паважаным калегам для тых, хто працаваў з ім побач.

Дзе б ён ні жыў, ні працаваў — нават у высылцы! — саджаў дрэвы і кветкі. У Чаадаве пасадзіў з вучнямі сад. Дырэктар школы, сын працавітых беларусаў, сам рамантаваў парты і дзверы, уразаў замкі, даглядаў прышкольны ўчастак. Мабыць, і сёння там захоўваюцца цёплыя ўспаміны пра беларускага паэта.

Любіць прыроду і ўсё жывое ў ёй Язэп Пушча навучыў і сваю сям’ю — жонку і чатырох дзетак. У якіх бы цяжкіх умовах ні жыла сям’я, абавязкова былі кот, сабака. А калі ўмовы дазвалялі, то абзаводзіліся казой, каровай, курамі, гусямі… І не толькі таму, што было голадна і дзецям хацелася есці…

Усё, што саджаў, да чаго дакраналіся працавітыя рукі Язэпа Пушчы, расло добра, радзіла на дзіва! Мала хто на Мурамшчыне ведаў, што дырэктар школы быў некалі авангардным паэтам на радзіме.

 Ён любіў лес. Ад любові да лесу, да роднай беларускай прыроды паходзіў і яго псеўданім — Пушча. Уставаў рана і да снядання любіў паблукаць адзін па лясных сцежках у ваколіцах рускай вёскі Чаадаева, падумаць, прыгадаць, памарыць. Вяртаўся свежы, адухоўлены, бадзёры. Часта тут жа сядаў за стол, каб запісаць вершаваныя радкі. Лес яго і супакойваў, і хваляваў, бо нагадваў родную Беларусь:

Люблю прайсці сцяжынкамі ляснымі,

Пад елкамі і соснамі густымі,

 Пад клёнамі з лістамі залатымі…

 У стол клаліся вершы-споведзі, вершыапраўданні, вершы-абвінавачванні таталітарнай сістэме, яе паслугачам — крытыкам-вульгарызатарам і былым сябрамзайздроснікам.

Не закрыў пакуль павекі,

Ты ў душу маю не плюй:

Маю годнасць чалавека

І знявагі не сцярплю.

Паэт памятаў, хто ў яго «адбіраў на песню права, / Выдзіраў душу з грудзей… / Вёў мяне ў турму пад рукі… / Зневажаў, штодзень у друку / Лаяў на чым свет стаіць…»

Ты крапіў сваім кадзілам,

Уздыхаў ледзь не да слёз…

Беларусь, мая Радзіма,

Вось які пяснярскі лёс…

У вершах, напісаных у выгнанні, паэт параўноўваў сваю долю з лёсам вядомых паэтаў-вальнадумцаў, ад якіх спрабавалі пазбавіцца тыраны і ўладатрымцы, — Катула, Гарацыя, Дантэ. Ён заўсёды марыў пра вяртанне на радзіму, пра час, калі яго добрае імя будзе гучаць годна, вольна, калі будзе адноўлены яго гонар — паэта і чалавека. У вершах даводзіў, што ён ніколі «не быў піратам», не нападаў «з-за вугла на брата», выказваў перакананне, што нашчадкі вынесуць справядлівы прысуд той страшнай эпосе, якая знішчала сваіх лепшых сыноў-паэтаў. Ён рыхтаваўся да сустрэчы з Бацькаўшчынай: «Ў дарозе шчасця марна не растрачу, / Аддам радзіме з песняю гарачай…».

Пасля вяртання ў родныя мясціны праз дваццаць восем год паэт ажыў душою, радаваўся, што яго памятаюць, рыхтаваў новыя вершы для друку, падпраўляў ранейшыя, марыў пра новыя выданні яго твораў.

Як дыхаць вольна, лёгка, на ўсе грудзі;

І свежы водар хвойны піць душой!

Шумяць бярозкі на зялёным грудзе:

Да вас з паклонам, родныя, прыйшоў.

 

Як падраслі пад родным небам, сонцам,

Пакінуў вас падлеткамі зусім.

Аддам паклон яшчэ сваёй сасонцы:

Не раз я вас успамінаў і сніў.

 

Шуміце, родныя, і не старэйце.

Не лётае ні ястраб, ні каршун,

Над галавой маёй зялёны шум…

…Я рад: паклон мой нізкі Беларусі.

І яго мары паступова здзяйсняліся. Балюча перажываў паэт прыкрасці, з якімі ўсё ж сутыкаўся, калі вымушаны быў «прасіцца ў друк», апраўдвацца, зноў перапісваць творы пад дыктоўку рэдактараў і выдаўцоў ужо пасля вяртання. І тады зноў нараджаліся пякучыя, балючыя радкі: «Выстрыгалі з фатакартак, / Выстрыгаюць і цяпер. / “Ўспамінаць яго не варта / Ні ў нядзелю, ні ў чацвер…” / … Вось як сталася яно… / Чэмер п’еш, а не віно…» (1960 г.).

Паэта не стала ў верасні 1964 г. Сёння яго творы з цікавасцю перачытваюцца і даследуюцца новымі пакаленнямі чытачоў і навукоўцаў. Нас уражвае прарочая сіла радкоў паэта, які трывожыўся, каб родная краіна не стала здабычай чужых людзей («чужыя людзі ходзяць каля склепу»), імкнуўся шчырым словам «чала краіны вырваць… церні».

Цеплыня і ўзнёсласць душы Паэта, як ён і прадбачыў, засталася ў Яго радках:

Душа мая і голас мой

У вершах застануцца жыць.

Зоя МЕЛЬНІКАВА, доктар філалагічных навук, прафесар

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.