Вы тут

След уяўлення


Мабыць, усе чытачы жнівеньскага нумара «Маладосці» звернуць увагу на два (паэтычнае і празаічнае) абліччы аднаго аўтара. Дзмітрый Рубін прадставіў нізку вершаў «Артэрыяльнае неба» і чатыры апавяданні. Перад намі сапраўды два розныя аўтары. Калі ў паэзіі значна больш пазнавальных сучасных паэтычных тэндэнцый, то да прозы Д.  Рубіна вельмі няпроста падабраць азначэнне ці характарыстыку.


«Часам на твары не бачу і твару», — прызнаецца герой Дзмітрыя Рубіна. Гэты адзін з вызначальных радкоў для паэта — прынамсі, для таго паэтычнага аблічча, якое прадстаўлена ў прапанаванай нізцы. Пошук сапраўднага, але няўлоўнага, невымоўнага, за падманлівым, хаця і відавочным, ярка-крыклівым, — галоўная тэма вершаў:

Лісты ўхапілі бярозу за рукі

Пачалі вырываць яе разам з коранем

Людзі сказалі

Вось гэта вецер

У радках Д. Рубіна шмат алюзій на сучаснасць, але зразумелыя яны будуць, бадай, толькі таму пакаленню, што ўзгадаванае на тых жа літаратурных тэкстах, тых жа фільмах і героях-кумірах. Для іншых перыфраз не будзе чытацца, але гэта не пазбаўляе вершы сэнсавай напоўненасці. Там, дзе адзін убачыць алегорыю, іншы ўспрыме канкрэтыку вобраза.

А вось апавяданні, змешчаныя ў часопісе, — гэта сапраўдная эстэтычная пастка для неспакушанага чытача. Усе сэнсавыя дарожкі вядуць зусім не туды, куды кіруецца чытацкая логіка (бо ўвогуле ніякай логікі ў дзеяннях герояў няма), ілюзія сюжэта — напраўду толькі ілюзія (бо наяўнасць сюжэта — гэта анахранізм), імкненне герояў дайсці да мэты, адпавядаць чаканым вобразам «нармальнасці» — хлусня (насамрэч ніхто не хоча быць уратаваным. Усе мы прагнем «плесці сеціва сваёй павуціны» на самоце).

Празаічныя тэксты Д. Рубіна не маюць падвойнага дна, як можа падацца на першы погляд: словы хаваюць другасныя адценні значэнняў, аднак ідэя — на паверхні. Словы, што мы прамаўляем адно да аднаго, ужо даўно толькі камяні ў пустэчу сусвету. Няма арыенціраў, няма межаў прафанацыі, няма суладдзя душаў — ёсць толькі бязмежная адзінота кожнага асобнага чалавека.

Усе героі апавяданняў Д.  Рубіна хворыя на «сіндром хранічнага невяртання», акрамя, бадай, Ганначкі — галоўнай гераіні апавядання «Права на праўкі». Ганначка — adkusher, менавіта яна правіць людзей, каб яны былі «пасрэднымі, стандартнымі, адпавядалі патрэбам соцыуму, патрэбам статыстыкі». Адным словам — прыгожымі. Бунт супраць такога ўспрымання прыгажосці, нармальнасці — ці не адна з асноўных тэм літаратурнай творчасці сучаснай моладзі.

 У кагорту спрэчных каштоўнасцяў, супраць якіх уздымаецца бунт, часта трапляюць і класічныя жанравыя азначэнні. Вядома, ведучы гаворку пра мастацкія здабыткі апошніх дзесяцігоддзяў, немагчыма карыстацца тэрмінамі з даведніка па тэорыі літаратуры, створанага ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Празаічныя творы Д.  Рубіна — выдатная ілюстрацыя трансфармацыі жанру апавядання. Зрэшты, у невялічкай прадмове ад рэдактара, змешчанай на пачатку публікацыі, творы вельмі трапна характарызуюцца як «драбочкі кафкіянскага пакутлівага пераварочвання, пера(с)тварэння…; трошкі гамсунаўскай “галоднай” асуджанасці творцы; …і нешта замяцінскае». Усё гэта ў творах сапраўды ёсць, таму настойлівы рэдактарскі клопат пра някемлівага чытача выглядае залішнім.

Жана КАПУСТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.