Вы тут

Усе дарогі вядуць у Полацк


Тэма месяца: Скарына і Полацк, паэтычным эпіграфам да якой могуць стаць радкі Людкі Сільновай:


Прыйшла пара ўрачыстыя хвіліны

Назваць сустрэчай у святле і згодзе:

Узноўленая спадчына Скарыны

Да нас прыходзіць сёння праз стагоддзі.

Да Дня пісьменства і 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў жнівеньскіх нумарах часопісаў прадстаўлены шэраг матэрыялаў, прысвечаных беларускаму першадрукару і яго роднаму гораду. Восьмы нумар «Полымя» адкрывае публікацыя Алеся Бразгунова «Пра(д)вершы». Тут змешчаны прадмовы Францыска Скарыны да «ўсёй рускай Бібліі» і адзінаццаці асобных кніг («Быццё», «Лявіт», «Другі закон» і інш.). Алесь Бразгуноў узнавіў гэтыя тэксты на сучаснай беларускай мове. Так праз стагоддзі, дзякуючы першадрукам, мы можам чуць настаўленні і пажаданні Скарыны: напрыклад, у прадмове да кнігі «Юдзіф» ён раіць, «каб мы, / прыклад маючы слаўнай жанчыны, / пераймалі яе ў добрых справах, / у любові да ўласнай Айчыны, / у шуканні дабра ўсеагульнага / не зважалі на працу і скарбы». Зіновій Прыгодзіч у нарысе «Крыніцы Прыдзвіння» наведвае полацкі Музей беларускага кнігадрукавання, размаўляе пра жыццё і дзейнасць Скарыны з культуролагам, намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесем Сушам.

У восьмым нумары «Нёмана» апублікаваны артыкул Ільі Лемешкіна «Францыск Скарына і Прага 1541 г.», дзе даследчык аналізуе сведчанне Вацлава Гаека пра пажар у Празе, падчас якога, як лічыцца, загінуў сын Францыска Скарыны. Даследчык падкрэслівае значнасць звароту да першакрыніц, каб прадухіліць недакладнасці і пралікі ў навуковых публікацыях.

Жнівеньская «Маладосць» — выдатны спадарожнік па Полацку сучаснаму і старажытнаму. Пра горад свайго дзяцінства і юнацтва распавядаюць Навум Гальпяровіч і Пятро Васючэнка, а Кацярына Захарэвіч зазірае ў лясны каледж, сярэднюю школу № 9 горада Полацка, Цэнтральную раённую бібліятэку імя Францыска Скарыны. Эксклюзіў нумара — замалёўкі самых прыгожых і знакавых мясцін Полацка ХIХ — ХХ стагоддзяў, зробленыя выдатным полацкім педагогам і даследчыкам Іванам Дэйнісам.

Паэзія. Сярод вершаваных падборак вылучаюцца нізкі вершаў Людкі Сільновай «У кніжным садзе» і Рыгора Трэстмана «Месца нараджэння — Слова», апублікаваныя, адпаведна, у часопісах «Маладосць» і «Нёман». У гэтых падборках ёсць класічныя для паэзіі роздумы пра анталагічнае і экзістэнцыяльнае, якія зрабілі б гонар кожнаму сталаму творцу. Вершы пра вечнае цікавыя толькі тады, калі паэт мае арыгінальны погляд на добравядомыя заканамернасці і з’явы, — як, напрыклад, у наступным творы Рыгора Трэстмана (умоўна, на тэму «Паэт і паэзія»): «Я кончил книгу, / а она — меня. / Мы завершались с ней одновременно, / когда она мне прокусила вены, / дуэльную дистанцию храня. / Я из себя был изгнан, / стал гоним, / и стала кровь похожей на чернила… / Тогда она меня похоронила / и подписалась именем моим». У вершах абодвух аўтараў нямала іранічных, смелых, нават правакатыўных радкоў. Што да паэзіі Людкі Сільновай, то тут здзіўляе, як звычайны жыццёвы эпізод ці кароткая замалёўка дзякуючы некалькім «апошнім штрыхам» набываюць сімвалічнасць і глыбіню, — як у вершах «Пасляслоўе да сучаснай кнігі», «Тварог як газета», «Спякота. Рэг-тайм»...

Проза. Лета — час вяртання ў вёску, якая так часта сустракае дзяцей і ўнукаў пакінутымі хатамі, струхлелымі калодзежамі, зарослымі градамі... Чым жывуць самотныя вёскі і пустыя хаты? У апавяданні Кацярыны Захарэвіч «Дзе будзеш ты?» гераіня рыхтуецца да сустрэчы з монстрамі і пачварамі прабабчынай хаты (хата прызначана на продаж, трэба сустрэцца з пакупніком, які набывае яе «на вываз»). З надыходам цемры пачынаецца містыка: вёска, хата, жывыя і памерлыя суседзі ўсімі сіламі імкнуцца спыніць і затрымаць дзяўчыну. Вядома, прывіды колішніх жыхароў мястэчка толькі прымроіліся гераіне — яна сучасны і практычны чалавек, які не адступаецца ад прынятага рашэння. Назвай свайго апавядання Кацярына Захарэвіч прапануе чытачам задумацца пра ўласны выбар, які ў пэўны момант давядзецца зрабіць ці не кожнаму з нас.

У апавяданні «Мёртвы малёк», надрукаваным таксама ў часопісе «Маладосць», Кацярына Захарэвіч звяртаецца да вядомага літаратурнага сюжэта — сустрэча героя з самім сабой, на некалькі дзесяцігоддзяў старэйшым ці маладзейшым. Журналістка С. адчувае сябе акулай, якой даводзіцца жыць на мелкаводдзі: «Калі С была мальком, свет здаваўся зусім іншым — вялікім і глыбокім, і быў у ім адзін відавочны зразумелы курс — наверх. Але малькі растуць, “верх” набліжаецца і аказваецца столлю, у якую можна хіба што біцца галавой». Маладая пісьменніца S мае іншую думку: «Калі цесна ў вадзе, калі сапраўды цесна, можна выйсці на зямлю. Калі і зямлі мала, можна гадаваць крылы». Хто тут мёртвы малёк — здагадацца не складана.

У часопісе «Нёман» друкуецца завяршэнне аповесці расійскага пісьменніка Сяргея Целяўнога «Я — не заморыш!», напісанай з удзелам унука Дзяніса Логінава. Гэты твор цікавы як плён супольнай працы аўтараў розных пакаленняў. Аповесць мае лірычны сюжэт: галоўны герой, чатырнаццацігадовы Кірыл, разам з маці едзе ў далёкую Пермь, дзе яго бацька ляжыць у бальніцы пасля аварыі. Бацькі Кірыла даўно разышліся, але спагада і добразычлівасць ратуе сям’ю. Падзеі адбываюцца літаральна зараз — адпаведна, у аповесці буяе сучасны слэнг, героі актыўна кантактуюць у сацсетках і не ўяўляюць жыццё без мабільнага тэлефона. Кірыл, тыповы падлетак з сяла Лесастэпавага, — вельмі рэалістычны персанаж. Ён мае добрае сэрца, але глядзіць на жыццё даволі скептычна і ўвесь час трапляе ў пераплёт. Аповесць «Я — не заморыш!» — арыгінальны літаратурны досвед, які мае спадабацца падлеткам і можа стацца своеасаблівым пераходам ад чытання постаў «Вконтакте» да твораў Віктара Астаф’ева ды Васілія Шукшына.

Пад рубрыкай «Проза» таксама друкуюцца дзённікавыя запісы Георгія Марчука «Час і месца» («Нёман») і дзённікавы раман Віктара Шніпа «Заўтра была адліга-4» («Полымя»), дзе можна адшукаць нямала цікавых рэмарак, датычных сучаснага літаратурнага жыцця.

З пашанай да класікі. У жніўні беларускія літаратары ўзгадвалі вядомых пісьменнікаў, сёлетніх юбіляраў Пімена Панчанку і Янку Брыля. Ці не самы цікавы матэрыял — экскурсія галоўнага рэдактара «Маладосці» Святланы Воцінавай па музеі Пімена Панчанкі, «пададзеная праз развагі і ў суправаджэнні вершаў». «Народны» музей Пімена Панчанкі знаходзіцца ў сярэдняй школе № 199 Фрунзенскага раёна горада Мінска. Музей падтрымлівае добрыя стасункі з сям’ёй творцы, таму ў экспазіцыі шмат рэчаў, якія належалі народнаму паэту: фартэпіяна, кніжныя шафы, друкарская машынка... Гісторыі гэтых рэчаў згадвае загадчыца музея Галіна Філіпёнак.

У «Полымі» пра Пімена Панчанку піша Алесь Марціновіч, у «Нёмане» старонкі жыцця і творчасці паэта гартаюць Уладзімір Гніламёдаў і Мікола Мікуліч.

Асобе Янкі Брыля прысвечаны артыкулы Міхася Тычыны «Янка Брыль і літаратурны ландшафт ХХ стагоддзя» («Полымя») і Любові Турбіной «Творчасць Янкі Брыля ў кантэксце сусветнай літаратуры» («Нёман»). Нягледзячы на тое, што загалоўкі матэрыялаў амаль супадаюць, аўтары ідуць рознымі шляхамі. Міхась Тычына піша найперш пра культурна-гістарычныя рэаліі, пра стасункі пісьменніка з роднымі, сябрамі і знаёмымі (сярод якіх Якуб Колас, Уладзімір Дубоўка, Уладзімір Калеснік), шчодра цытуе ўспаміны Янкі Брыля. Любоў Турбіна супастаўляе творы Янкі Брыля з прозай іншых аўтараў — ад класіка польскай літаратуры ХХ стагоддзя Марыі Дамброўскай да сучаснага нам Сакрата Яновіча, звяртае ўвагу на адметнасць асобных твораў і, безумоўна, жанру мініяцюр.

Чытачы, якія цікавяцца літаратурнай спадчынай, звернуць увагу на публікацыю ў часопісе «Полымя» аповесці Барыса Мікуліча «Зялёны луг» (1947). «Адметны выдавецкі лёс гэтага твора, — адзначае Мікола Трус, які падрыхтаваў тэкст да друку. — Аповесць была выдадзена толькі аднойчы, і адразу ў перакладзе на рускую мову Міхаіла Гарбачова. Кніга “Повести” (1960), укладзеная С. Грахоўскім, выйшла ў Маскве ў выдавецтве “Советский писатель”».

З пашанай да мінулага варта таксама адзначыць артыкул «Маладосці» «Рэканструкцыя адпачынку: як бавіць час на рыцарскім фэсце?». Гэты тэкст магічным чынам пераносіць чытача ў майскую раніцу, на фестываль «Эпоха рыцарства». Лучнікі, маршалкі, баі і танцы... Для тых, хто любіць гістарычныя святы, гэты рэпартаж будзе выдатнай магчымасцю апынуцца «сярод сваіх», а хтосьці зацікавіцца рыцарскімі фэстамі!

Алеся ЛАПІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.