Вы тут

Каравай Нясвіжчыны «важыць» больш чым 143 тыс. тон


Сёлетняе жніво ў Мінскай вобласці паспяхова завершана. У агульную скарбонку важкі ўклад, як заўсёды, унеслі хлебаробы Нясвіжчыны. У мінулую пятніцу працаўнікі раёна, шматлікія госці сабраліся ў аграгарадку Аношкі, каб адсвяткаваць раённыя «Дажынкі».


Да гэтага мерапрыемства рыхтаваліся загадзя. Добраўпарадкавалі населены пункт усёй талакой. Аношкі сустракалі ўдзельнікаў свята чысцінёй, утульнасцю. Па абноўленых вуліцах прайшла калона: шэсць пераможцаў уборачнай кампаніі неслі сцяг «Дажынак», а дзяўчаты — святочныя караваі.

— Словы самай шчырай удзячнасці кожнаму, хто добрасумленна і адказна працаваў на зямлі, зрабіў усё магчымае, каб вырасціць і сабраць такі знакавы для раёна ўраджай, — павіншаваў прысутных старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко.

Несвіжане намалацілі 143 394 тоны зерня. Прычым ураджайнасць склала 65,1 цэнтнера з гектара. Цалкам выкананы дзяржзаказ — 16 тыс. тон збожжа.

— Вынікі работы хлебаробаў — гэта наш гонар. Яны дасягнуты напружанай працай, воляй і прафесіяналізмам усіх земляробаў раёна: механізатараў, камбайнераў, кіроўцаў, спецыялістаў, кіраўнікоў, — падкрэсліў Іван Крупко. — Упэўнены, што працаўнікі сельскагаспадарчай нівы будуць і далей сваімі здабыткамі славіць нашу любую Нясвіжчыну, зробяць усё магчымае, каб з добрымі паказчыкамі завяршыць сельскагаспадарчы год і ўнесці важкі ўклад ва ўмацаванне эканамічнага патэнцыялу Міншчыны і Беларусі.

Павіншаваць працаўнікоў прыехаў і першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама Ігар Макар. Асабліва ён адзначыў поспехі ААТ «Новае жыццё» і СВК «Агракамбінат Сноў». У Снове, дарэчы, зладзілі свае «Дажынкі». Сноўская зямля аддзячыла хлебаробам шчодрым ураджаем. Тут з 2415 гектараў збожжавых намалацілі 23 272,7 тоны зерня. Сярэдняя ўраджайнасць 96,4 цэнтнера з гектара. Гэта самы высокі паказчык у раёне і адзін з найлепшых у краіне. Акрамя таго, 4964 тоны збожжа сабралі на арандаваных землях у Клецкім раёне. У выніку валавы збор склаў 28 тыс. тон.

Усяго ж у Мінскай вобласці, як адзначыў Ігар Макар, сабрана разам з кукурузай больш як 2 млн тон. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых — 37 цэнтнераў на круг. Ігар Макар уручыў найлепшым працаўнікам узнагароды Мінаблвыканкама. Узнагароды яны атрымалі і ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Падчас «Дажынак» быў падведзены конкурс караваяў ад усіх сельгаспрадпрыемстваў раёна. Працавалі выстаўкі вырабаў народных умельцаў, работ вучняў горада і раёна. Перад прысутнымі выступілі з канцэртам фіналісты прафсаюзнага конкурсу «Новыя імёны Беларусі» і зоркі беларускай эстрады ў межах рэспубліканскай народна-патрыятычнай акцыі ФПБ «Мы — разам».

Што датычыцца раённых «Дажынак», то ў Мінскай вобласці яны праходзяць менавіта ў аграгарадках. І надалей яны будуць ладзіцца ў такім фармаце. Гэта дазваляе добраўпарадкаваць сельскія населеныя пункты. Плануецца, што абласное свята-фестываль сельскіх працаўнікоў пройдзе 7 кастрычніка ў Смалявічах.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Будзем з хлебам!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.