Вы тут

Чаму азонавы слой называюць шчытом планеты


І як чалавек сам разбурае свайго абаронцу.

Нядаўна медыкі агучылі несуцяшальныя даныя — рак скуры заняў першае месца сярод усіх злаякасных новаўтварэнняў у беларусаў. Захворванне на гэту пухліну ў апошнія дзесяцігоддзі ўзрастае, а найбольш важным фактарам, які спрыяе развіццю раку скуры, з'яўляецца працяглае сонечнае апраменьванне. Спытаеце, пры чым жа тут азонавы слой? Адказваем.


Што такое азонавы слой?

Азонавы слой — гэта вобласць у стратасферы з найбольшым утрыманнем азону (О3). Пад уздзеяннем ультрафіялетавага выпраменьвання Сонца малекулы кіслароду (О2) распадаюцца на асобныя атамы, якія, злучаючыся з іншымі малекуламі гэтага хімічнага элемента, і ўтвараюць азон.

Па словах вядучага навуковага супрацоўніка Нацыянальнага навукова-даследчага цэнтра маніторынгу азонасферы БДУ Аляксандра Красоўскага, колькасць гэтага рэчыва ў атмасферы вельмі малая: з 10 млн малекул паветра на долю азону прыходзіцца ўсяго тры. Але нават у такім аб'ёме ён амаль цалкам «стрымлівае» пагібельнае ўльтрафіялетавае выпраменьванне, стварае аптымальныя светлавы і тэрмічны рэжымы зямной паверхні, спрыяльныя для існавання жывых арганізмаў.

Азонавы слой размеркаваны над планетай нераўнамерна: яго таўшчыня ўзрастае ад экватара да полюсаў, да таго ж канцэнтрацыя азону можа змяняцца ў залежнасці ад сезона. Паводле вестак ННДЦ МА БДУ, агульная колькасць азону ў атмасферы над тэрыторыяй краіны ў апошнія гады ў асноўным блізкая да нормы.

Калі ў атмасферы з'явіліся «дзіркі»?

Першым пра існаванне азону навуковай грамадскасці паведаміў фізік з Нідэрландаў Марцін Ван Марум (1785 год). У другой палове ХХ стагоддзя, падчас Міжнароднага геафізічнага года (1957—1958 гады) свет даведаўся пра ўразлівасць азону і небяспечны ўплыў на прыроду так званых «азонавых дзірак» — участкаў стратасферы, дзе значна зніжана агульная колькасць гэтага рэчыва.

Глабальнае памяншэнне колькасці стратасфернага азону назіраецца прыкладна з 1970-х гадоў. Над некаторымі раёнамі Антарктыкі ў верасні-кастрычніку значэнне агульнай колькасці азону памяншаецца амаль на 60%. У сярэдніх шыротах абодвух паўшар'яў памяншэнне складае 4—5% за дзесяцігоддзе.

Хто «крадзе» азон?

У своеасаблівым топе рэчываў, якія ўплываюць на стан зямнога «шчыта», першыя месцы займаюць... вадзяная пара і аксіды азоту. Яны выкідваюцца ў стратасферу рэактыўнымі рухавікамі звышгукавых самалётаў і ракет. Вялікая колькасць аэразольных і газавых часціц пранікае і падчас вывяржэння вулканаў.

Але ў апошнія гады аднымі з асноўных віноўнікаў разбурэння азонавага экрана лічаць бром і хлорфторвугляроды (ХФВ), да якіх адносяцца шматлікія фрэоны. Гэтыя штучна сінтэзаваныя рэчывы з 1930-х гадоў сталі шырока выкарыстоўвацца як холадагенты ў халадзільніках і кандыцыянерах, пенаўтваральныя агенты ў вогнетушыцелях, ачышчальнікі для электронных прыбораў і інш. Нетаксічныя, інертныя, не гараць і не раствараюцца ў вадзе, зручныя пры захоўванні... — тыя ж якасці, што дазваляюць іх паспяхова выкарыстоўваць у халадзільніках, даюць магчымасць фрэонам пранікаць у стратасферу і ператварацца там у «ліхадзеяў». Пад дзеяннем ультрафіялетавага выпраменьвання хлор і бром пачынаюць актыўна ўзаемадзейнічаць з азонам, разбураючы яго. За час свайго знаходжання ў верхніх слаях атмасферы адзін атам хлору ці брому можа разбурыць да 10 000 малекул азону.

Размеркаванне азону ў верасні 1979 і 2016 гг. (NASA's Goddard Space Flight Center).

Небяспека для ўсяго жывога

Памяншэнне канцэнтрацыі азону на 1% выклікае павелічэнне інтэнсіўнасці цвёрдага ўльтрафіялетавага выпраменьвання каля паверхні Зямлі ў сярэднім на 2%.

Жорсткія ўльтрафіялетавыя прамяні валодаюць дастатковай колькасцю энергіі, неабходнай для разбурэння ДНК і іншых арганічных малекул. Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, каля 25 захворванняў і парушэнняў стану здароўя чалавека звязана з залішнім уплывам ультрафіялетавага выпраменьвання. А развіццё такіх хвароб, як рак скуры (меланома), базальнаклетачная і пласкаклетачная карцыномы і катаракта, з'яўляецца прамым наступствам гэтага ўздзеяння.

Памяншэнне шчыльнасці азонавага шчыта цягне за сабой запаволенне працэсу фотасінтэзу ў прыродзе, зніжэнне ўраджаю сельскагаспадарчых культур і эфектыўнасці жывёлагадоўлі, рэзкае памяншэнне біялагічнай прадукцыйнасці прыпаверхневага слоя Сусветнага акіяна.

Азонавая палітыка

У 1985 годзе ў Вене была прынятая Канвенцыя аб ахове азонавага слоя, а ў 1987-м — Манрэальскі пратакол па рэчывах, якія разбураюць азонавы слой. Беларусь у ліку першых падпісала і ратыфікавала гэтыя міжнародныя дакументы і актыўна выконвае ўзятыя на сябе абавязацельствы.

Дзякуючы рэалізацыі рэспубліканскіх праграм і міжнародных праектаў, у краіне выводзяцца з абароту гідрахлорфторвугляроды (ГХФВ) і ўкараняюцца ў вытворчасць азоназберагальныя тэхналогіі.

— Калі ў канцы 1980-х гадоў спажыванне азонаразбуральных рэчываў у Беларусі складала каля
3000 тон, то ў 2016 годзе — усяго 51,5 тоны, — адзначае кансультант аддзела рэгулявання ўздзеянняў на атмасфернае паветра і азонавы слой Мінпрыроды Наталля Кліменка.

Па словах спецыяліста, у нашай краіне азонаразбуральныя рэчывы не вырабляюцца, але ўвозяцца з-за мяжы для выкарыстання ў якасці холадагентаў. З мэтай выканання абавязацельстваў па міжнародных дамовах Беларусь павінна спыніць спажыванне (імпарт) гідрахлорфторвугляродаў з 2020 года.

— Гэта не значыць, што ўсе спажыўцы абсталявання, якое працуе на такіх рэчывах, з 2020 года спыняць яго эксплуатацыю, — тлумачыць Наталля Васілеўна. — Абсталяванне будзе выкарыстоўвацца, пакуль яно тэхнічна спраўнае.
У краіне створаны рэсурсавыя цэнтры па рэцыклінгу і аднаўленні такіх рэчываў, якія дазволяць і надалей выкарыстоўваць фрэоны для запраўкі дзеючага абсталявання.

Новыя выклікі

Каб знізіць выкарыстанне азонаразбуральных рэчываў, шматлікія краіны пачалі ўжываць у якасці холадагентаў гідрафторвугляроды (ГФВ). Яны не валодаюць азонаразбуральнай здольнасцю, але, як лічаць вучоныя, маюць значны патэнцыял глабальнага пацяплення.

На 28-й нарадзе Бакоў Манрэальскага пратакола (2016 год, г. Кігалі (Руанда)) Бакамі прынята папраўка да пратакола ў адносінах рэгулявання выкарыстання ГФВ. З'явіўся дадатак F: «Гідрафторвугляроды», які складаецца з 18 такіх рэчываў.

Прыняцце гэтай папраўкі цягне неабходнасць выпрацоўкі мер па скарачэнні выкарыстання ГФВ шляхам уводу ліцэнзаванага рэгулявання іх імпарту (экспарту), як гэта адбываецца ў адносінах да азонаразбуральных рэчываў.

Па словах Наталлі Кліменкі, у межах чарговага праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ГЭФ «Завяршэнне выкарыстання ГХФВ з падтрымкай тэхналогій з нізкім патэнцыялам глабальнага пацяплення ў Беларусі» прадугледжана правядзенне ацэнкі маштабаў выкарыстання гідрафторвугляродаў і адпаведна вызначэнне кошту выдаткаў па пераходзе на выкарыстанне альтэрнатыўных заменнікаў. Па іх выніках трэба будзе выпрацаваць пазіцыю адносна ратыфікацыі Беларуссю Кігальскай папраўкі да Манрэальскага пратакола.

Як захаваць азонавы слой і абараніць сябе ад ультрафіялету:

— не разбірайце і не рамантуйце самастойна старыя халадзільнікі і кандыцыянеры (у навакольнае асяроддзе могуць патрапіць фрэоны). Здавайце іх на перапрацоўку!

— купляйце тэхніку і аэразолі, якія змяшчаюць толькі азонабяспечныя рэчывы;

— абмяжоўвайце час знаходжання на адкрытым сонцы;

— падчас доўгага знаходжання на сонцы выкарыстоўвайце ахоўнае адзенне, галаўныя ўборы, спецыяльны крэм і сонцаахоўныя акуляры.

16 верасня адзначаецца Міжнародны дзень аховы азонавага слоя. У гонар 30-й гадавіны падпісання Манрэальскага пратакола сакратарыят па азонавым слоі аб'яўляе інфармацыйную кампанію з хэштэгам #ОzоnеHеrоеs. Яна стартуе 14 верасня і заклікана адзначыць галоўныя дасягненні ў ахове азонавага слоя і барацьбой са змяненнем клімату.

Вераніка КОЛАСАВА

kоlаsаvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Азонавы слой

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.