Вы тут

Соф'я Гальшанская (1405—1461)


Здаўна Беларусь славілася сваімі прыгажунямі. Узяць хаця б полацкую князёўну Рагнеду, за руку якой змагаліся кіеўскі князь Яраполк і наўгародскі князь Уладзімір. Беларускіх княгінь ахвотна бралі за сябе візантыйскія імператары, дацкія каралі, рускія князі, вялікія князі літоўскія. Але, як звычайна, іх лёс схаваўся за венцаноснымі постацямі мужоў. Соф'і Гальшанскай у гэтым сэнсе пашчасціла больш. Цікавасць да юнай княгіні, якая стала польскай каралевай, нарадзіла спадкаемцаў каралеўскай кароны, чым, па сутнасці, выратавала каралеўства ад заняпаду, прыцягвала храністаў і гісторыкаў. Непрыхільнікі са зласлівасцю ачарнялі яе вобраз, а прыхільнікі ўзвялічвалі.


Ян Ма­тэй­ка.  «Ка­ра­ле­ва Соф'я Галь­шан­ская  з сы­на­мі. 1880 год».

Лацінамоўны паэт Ян Вісліцкі вобразна апісваў, як багі выбіралі састарэламу каралю Ягайлу жонку. Багіня прыгажосці Венера паказала на Соф'ю Гальшанскую: «Ёсць у мяне беларуская німфа, слаўная па ўсіх краінах, німфа, цудоўнейшых дзяўчат няма, багінь пераўзыходзіць. Соф'яй яе называюць у народзе і аратыя славяць. Чароўнасцю аблічча, як і прыгажосцю гаворкі, старажытных прыгажунь у цені пакідае... шлюбам ганаровым звязаць я вырашыла з прастола ўладаром гэтую княжну і патомствам дастойным упрыгожыць нявесту». Вось так і нараджаюцца міфы, а з іх гісторыя.

Вядома, не багі выбіралі Ягайлу жонку, а людзі. Пасля трох нешчаслівых шлюбаў Ягайла не меў сыноў. Гэтая акалічнасць не магла не трывожыць палякаў, бо са смерцю Ягайлы яны пазбаўляліся сваёй каралеўскай дынастыі і прэтэнзій на землі ВКЛ. Справа жаніцьбы састарэлага караля зрабілася найважнейшай дзяржаўнай справай. Патрабавалася не толькі ажаніць караля, але і каб маладая каралева нарадзіла яму сыноў. Розныя палацавыя партыі і групоўкі шукалі выгадную сабе кандыдатуру каралеўскай жонкі. Прыхільнікі нямецкай люксембургскай дынастыі хацелі дачку імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Сігізмунда І Альжбету, за якую той даваў у пасаг Шлёнск. Патрыёты разумелі, што гэта сыр у мышалоўцы, бо пасля Ягайлавай смерці без спадкаемцаў імператар прад'явіў бы правы на польскі каралеўскі пасад. Меў свае планы і вялікі князь Вітаўт, які хацеў бачыць каралеўскай жонкай сястру сваёй трэцяй жонкі Соф'ю Гальшанскую. Яна была дачкой князя Андрэя Гальшанскага і княгіні Аляксандры Друцкай. Асірацеўшы, Соф'я разам са старэйшай сястрой выхоўвалася ў матчынага брата князя Сымона Друцкага (магчыма, нашчадка полацкіх князёў). Калі верыць «Хроніцы Быхаўца», Вітаўт прывёз Ягайлу ў Друцк, дзе той убачыў сясцёр Гальшанскіх і ўпадабаў прыгажуню Соф'ю. Па просьбе караля Вітаўт сасватаў яму Соф'ю. 7 лютага 1422 г. у Наваградскім фарным касцёле Ягайла і Соф'я абвянчаліся. Перад вянчаннем яна перайшла ў каталіцтва. Ягайла паставіў свой двор перад здзейсненым фактам, хітра ўнікнуўшы інтрыг. Пышнае вяселле было адсвяткавана ў Лідзе. Жаніцьба караля адбылася не па польскім сцэнарыі, а як вызначыў Вітаўт.

Маладую літвінку неўзлюбілі пры двары, лічылі шчаслівай выскачкай, не вартай быць польскай каралевай. Але нягледзячы на ўсе інтрыгі, Ягайла дамогся яе каранацыі. І цяпер Соф'я пачувалася гаспадыняй каралеўскага двара. Каралеву акружалі маладыя польскія рыцары, закаханыя ў сваю гаспадыню. І тут мы сутыкаемся з тайнай тайнаў дынастыі Ягелонаў і ўвогуле польскай гісторыі.

Многія ў Польшчы сумняваліся, што тры сыны, якіх нарадзіла Соф'я, былі ад састарэлага Ягайлы. Занадта была падазронай такая нечаканая плоднасць бясплоднага старога караля. Соф'ю западозрылі ў нявернасці і ў сувязях са шляхцічам Генрыхам (Гіньчам) з Рогава. Служанкі каралевы пад катаваннямі назвалі імёны яшчэ семярых яе каханкаў. Справа набывала ледзь не міжнародны размах. Падазравалі, што плёткі нарадзіліся ў Ордэне. У Вільні за гэтыя плёткі судзілі нейкага польскага шляхціча. Апынуліся ў вязніцы і абгавораныя служанкамі шляхцічы, а Гіньча ўцёк з каралеўскага двара і схаваўся. Каралева прынесла прысягу ў сваёй вернасці, так што і кароль паверыў (ці зрабіў выгляд) у невінаватасць жонкі, і іншыя прыціхлі. Хоць рэха гэтага скандалу даносілася ажно да ХVІ ст., калі антыягелонскія сілы адмаўлялі нашчадкам Ягайлы ў праве быць каралямі, як незаконнанароджаным.

Як бы там ні было, але Соф'я дамаглася свайго — яна стала маці каралевічаў, якіх палякі прызналі за спадкаемцаў польскай кароны. Як маці яна магла быць шчаслівая. Але каралеўскае паходжанне яшчэ не азначае прыхільнасці лёсу, часам, наадварот, лёс няміласцівы да каралеўскай крыві. Памёр немаўляткам другі сын Казімір, загінуў у 20-гадовым узросце ў 1444 г. у бітве з туркамі пад Варнай першынец Уладзіслаў, якога выбралі польскім і венгерскім каралём. (Апошнім часам з'явілася неверагодная версія, што Уладзіслаў збег з бітвы і стаў мараходам пад імем Хрыстафор Калумб.) Соф'я доўга не верыла ў смерць сына, з надзеяй чакала яго вяртання і не дачакалася.

Вось так замест сямейнага шчасця — жыццё з нялюбым старым, сумнае ўдаўство, страта сыноў, замест радасці боль у сэрцы. Цяпер яна прысвяціла сябе ўладкаванню лёсу малодшага сына Андрэя Казіміра, якога ў 1434 г. літвіны і русіны абралі сваім гаспадаром. Ён упарта адмаўляўся быць польскім каралём. Соф'я ўгаворвала сына, каб «здаровую ўжываў раду» і не слухаўся літвінаў. Зрэшты, ездзіла сама ў Літву, дзе ў Гародні настаяла на згодзе Андрэя Казіміра стаць польскім каралём, бо палякі маглі выбраць варожага Літве князя Баляслава Мазавецкага. Гэта адзін з эпізодаў палітычнай дзейнасці Соф'і Гальшанскай. Яе ўплыў на многія падзеі і справы быў відавочны. Як бачым, не без яе ўдзелу Андрэя Казіміра абралі польскім каралём, як раней вялікім князем літоўскім і рускім, якім апекаваліся князі Гальшанскія. Уплыў Соф'і адчуваецца ў рашэннях Казіміра на карысць ВКЛ. Напрыклад, насуперак патрабаванням палякаў ён не далучыў да Польшчы Усходнюю Валынь. Каралева не забывала радзіму і як магла спрыяла ёй. Яна ў 1428 г., будучы ў Вільні, угаварыла Вітаўта прыняць каралеўскую карону і парваць унію з Польшчай. Падтрымлівала і Свідрыгайлу ў яго імкненні захаваць суверэнітэт Вялікага княства.

Можа быць, яе старасць (а па нашых мерках сталасць) была шчаслівая. Соф'я дачакалася ўнукаў ад шлюбу Андрэя Казіміра і Альжбеты Габсбург, чацвёртага ўнука яна назвала Аляксандрам, хросным імем свайго дабрадзея Вітаўта. Памерла ў 56-гадовым узросце 21 верасня 1461 года. Паводле Яна Длугаша, была яна «жанчына вельмі дабрадзейная, шчодрая да касцёла і ласкавая да ўбогіх. Сэрца мела велікадушнае і ўзнёслае».

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».