Вы тут

Выстаўка «Беларусь. Адраджэнне духоўнасці» працуе ў Мінску


Пра станаўленне рэлігійнага жыцця ў краіне расказвае выстаўка ў Нацыянальным гістарычным музеі.

Праваслаўе, каталіцызм, іўдаізм, іслам — усе асноўныя рэлігіі свету гарманічна суіснуюць у адной зале выстаўкі «Беларусь. Адраджэнне духоўнасці», як і ва ўсёй краіне. Не абышлося тут і без экспанатаў часоў язычніцтва — першых спроб нашых продкаў растлумачыць сутнасць чалавечага жыцця. Усе гэтыя вераванні — прыступкі, якія вызначылі нацыянальныя асаблівасці духоўнага аблічча беларусаў і працягваюць удзельнічаць у фарміраванні каштоўнасцяў грамадства.


Най­каш­тоў­ней­шы прад­мет на вы­стаў­цы — пра­жскае вы­дан­не Біб­ліі Фран­цыс­ка Ска­ры­ны 1517 го­да, якое за­хоў­ва­ец­ца ў дзяр­жаў­ным гіс­та­рыч­ным му­зеі Маск­вы.

Статус міжнароднага праект «Беларусь. Адраджэнне духоўнасці» атрымаў дзякуючы дапамозе Дзяржаўнага гістарычнага музея Масквы, адкуль адмыслова для ўдзелу ў выстаўцы прывезлі ў Мінск унікальны помнік кнігадрукавання — пражскае выданне Бібліі Скарыны 1517 года, які знаходзіцца ў музеі з ХІХ стагоддзя. Каштоўны асобнік Бібліі захоўваецца ў самых спрыяльных умовах: выданне змясцілі пад каўпаком, дзе падтрымліваецца тэмпература 15—17 градусаў і вільготнасць 50—60 працэнтаў. Аднак наведвальнікі экспазіцыі ўсё роўна могуць пагартаць старонкі рарытэта з дапамогай сучасных лічбавых тэхналогій: расіяне адсканавалі асобныя фрагменты Бібліі. Наяўнасць такога экспаната на выстаўцы ў год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання — вельмі істотны ўнёсак у святкаванне Дзён беларускага пісьменства. Падчас адкрыцця экспазіцыі міністр культуры Барыс СВЯТЛОЎ зазначыў, што Францыск Скарына для яго — адна з найвялікшых загадак у культуры.

Абразы, карціны, нацыянальныя строі, уборы святароў, рукапісныя і старадрукаваныя кнігі, археалагічныя знаходкі — экспазіцыя аб'ядноўвае больш як 400 рарытэтаў. Пачэснае месца ў музеі займаюць пячатка Ефрасінні Полацкай ХІІ стагоддзя і сценапіс Праабражэнскай царквы Спаскага манастыра ў Полацку ХІХ стагоддзя. Сучасныя экспанаты для выстаўкі «Беларусь. Адраджэнне духоўнасці» прадставіў Свята-Елісавецінскі манастыр.

Звярнуцца да гісторыка-культурных каштоўнасцяў краіны Нацыянальнаму гістарычнаму музею дапамаглі Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі, Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Музей Інстытута гісторыі НАН Беларусі і Музей старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі.

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.