Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра тое, хто выступіць у найважнейшым матчы плэй-оф Кубка Дэвіса супраць Швейцарыі, гаворым пра чарговы тур чэмпіянату краіны па футболе і падводзім вынікі Кубка Беларусі па скачках на батуце.


1. Жаночая зборная краіны па валейболе выйграла міжнародны турнір, прысвечаны 950-годдзю Мінска. Каманда Пятра Хілько атрымала тры перамогі на пляцоўцы спарткомплексу «Чыжоўка-Арэна». У першым туры зборная перайграла расійскую «Северянку» (Чарапавец) — 3:0, далей нацыянальная каманда абыграла «Мінчанку» — 3:1, а ў заключны гульнявы дзень сустрэлася са зборнай Венгрыі і перамагла з лікам — 3:2.

Адзначым, што для беларускіх валейбалістак удзел у гэтым турніры стаў важным этапам падрыхтоўкі да фінальнай стадыі чэмпіянату Еўропы, які пройдзе з 22 верасня па 1 кастрычніка ў Грузіі і Азербайджане. Жаночая зборная Беларусі выступіць на папярэдняй стадыі ў групе В. Матчы адбудуцца ў Тбілісі. Сапернікамі беларусак стануць зборныя Харватыі (22 верасня), Італіі (23 верасня) і Грузіі (24 верасня).


2. Алімпійскі чэмпіён Уладзіслаў Ганчароў заняў толькі пятае месца на Кубку Беларусі па скачках на батуце. У індывідуальным заліку лідар зборнай у паўфінале стаў першым, але ў вырашальнай стадыі выступленняў дапусціў сур'ёзную памылку, якая не дазволіла яму ўвайсці ў лік прызёраў. Уладальнікам ганаровага трафея ў індывідуальным заліку стаў Алег Рабцаў з Віцебска, сярэбраную ўзнагароду заваяваў Арцём Жук, трэцяе месца заняў Іван Літвіновіч.

Але адзначым, што Уладзіслаў Ганчароў на турніры ў «Стайках» двойчы ўздымаўся на верхнюю прыступку п'едэстала: у сінхронных скачках разам з Алегам Рабцавым і ў складзе зборнай Віцебскай вобласці ў камандных спаборніцтвах. У жанчын у індывідуальных скачках роўных не было юнай Кацярыне Яршовай. Акрамя перамогі ў асабістым заліку яна стала другой у сінхронных скачках і камандных спаборніцтвах разам з больш тытулаванымі Марыяй Махарынскай і Ганнай Гарчанок. Перамаглі ў камандзе прадстаўніцы Магілёўскай вобласці на чале з Таццянай Пятрэняй.

Галоўнымі стартамі батутыстаў стануць этапы Кубка свету ў Партугаліі і Іспаніі, а таксама чэмпіянат свету, які з 9 па 12 лістапада пройдзе ў Сафіі.


3. Ілья Івашка і Ягор Герасімаў не змогуць прыняць удзел у матчы плэй-оф Кубка Дэвіса са Швейцарыяй за выхад у Сусветную групу.

— На жаль, нашы першыя нумары ў адзіночным разрадзе з-за праблем са здароўем не змогуць дапамагчы зборнай у Біле, — расказаў капітан каманды Уладзімір Ваўчкоў. — Прыйшлося зрабіць некалькі замен, запрасіць у каманду Дзмітрыя Жырмонта і Яраслава Шылу. Астатнія гульцы знаходзяцца ў добрых кандыцыях. Андрэй Васілеўскі нядрэнна сябе адчувае на трэніроўках. Плануецца, што Максім Мірны далучыцца да каманды ўжо ў Швейцарыі.

За гаспадароў турніру не выступяць два вядучыя гульцы Станіслас Ваўрынка і Роджэр Федэрэр. Канчатковы склад стане вядомы ў чацвер, 14 верасня, падчас жараб'ёўкі матча.

Паядынак за выхад у Сусветную групу Кубка Дэвіса адбудзецца 15—17 верасня ў Біле. Раней беларускія і швейцарскія тэнісісты гулялі ў турніры двойчы. Абодва разы перамаглі сапернікі беларусаў. Нагадаем, што ў гэтым сезоне беларусы паспяхова правялі два матчы ў І групе Еўра-Афрыканскай зоны, абыграўшы ў Мінску зборныя Румыніі (3:2) і Аўстрыі (3:1). Швейцарцы прайгралі ў першым раўндзе Сусветнай групы ў гасцях у каманды ЗША — 0:5. У рэйтынгу Кубка Дэвіса зборная Беларусі займае 24-е месца, каманда Швейцарыі знаходзіцца на 6-й пазіцыі.


4. Адбыліся некаторыя матчы 21-га тура чэмпіянату краіны па футболе ў элітным дывізіёне. На сваім полі «Гомель» саступіў мінскаму «Дынама» — 0:1, «Шахцёр» у дамашняй сустрэчы перайграў «Крумкачоў» — 2:0. З такім жа лікам БАТЭ быў мацнейшым за «Славію». З нічыйным вынікам завяршылася сустрэча «Мінска» і «Слуцка» — 1:1. «Гарадзея» абыграла «Віцебск» — 3:2, «Дынама-Брэст» буйна перайграў «Іслач» — 4:1.


5. Рафаэль Надаль трэці раз за кар'еру выйграў адкрыты чэмпіянат ЗША, абыграўшы ў вырашальным матчы Кевіна Андэрсана з ПАР. Раней ён заваёўваў ганаровы тытул у 2010 і 2013 гадах. А найбольш часта з чатырох турніраў серыі Вялікага шлема Надаль дамагаўся поспеху на «Ралан Гарос», у Францыі іспанец перамагаў дзесяць разоў.

У адзіночным разрадзе жаночага турніру адкрытага чэмпіянату ЗША перамогу атрымала амерыканка Слоан Стывенс. У фінале яна перамагла сваю суайчынніцу Мэдысан Кіз.

Найбольш паспяхова сярод беларускіх тэнісістаў на адкрытым чэмпіянаце ЗША раней выступала Вікторыя Азаранка, якая ў 2012 і 2013 гадах згуляла ў фінале адзіночнага разраду турніру, дзе двойчы саступіла Серэне Уільямс.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Сур'ёзныя страты ў тэнісе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».