Вы тут

У сталіцы прайшоў паўмарафон


Як Мінск ператварыўся ў бегавую трасу.

У нядзелю адбыўся традыцыйны Мінскі паўмарафон, сёлета ён стаў асаблівым, таму што прымеркаваны да юбілею горада. На дыстанцыі ў 5,5, 10 і 21 км выйшлі аматары і прафесіяналы, пачаткоўцы і спартсмены з вялікім стажам, бегчы па вуліцах сталіцы адправілася і карэспандэнт «Звязды».


Упершыню правесці настолькі маштабныя бегавыя спаборніцтвы наша краіна адважылася ў 2015 годзе. Тады ў іх прыняло ўдзел каля 16 тысяч чалавек з 36 краін, праз год колькасць удзельнікаў склала 20 тысяч, пашырылася і геаграфія — бегаць у Мінск прыехалі прадстаўнікі 42 краін. У верасні бягучага года ўсе рэкорды пабіты — на трасу выйшла больш за 30 тысяч чалавек. Яны прадставілі 4 кантыненты і паўсотні краін.

Гэты спартыўны форум стаў сапраўдным упрыгожаннем святкавання 950-годдзя Мінска, што пацвердзіў і старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац.

— Упэўнены, Мінскі паўмарафон зойме годнае месца ў гісторыі горада. Такая колькасць удзельнікаў сведчыць пра папулярнасць спорту, велізарнае жаданне займацца фізічнай культурай. І гарадскія ўлады будуць актыўна падтрымліваць гэта імкненне жыхароў і гасцей сталіцы, — сказаў старшыня.

Дыханне спартыўнага свята з'явілася яшчэ задоўга да старту, які быў прызначаны на 10 раніцы. Здаецца, гэта адзіная нядзеля ў годзе, калі ў грамадскім транспарце сталіцы можна было ўбачыць такую колькасць людзей у спартыўным аддзенні. За гадзіну да пачатку спаборніцтваў каля Палаца спорту, дзе размясціліся старт і фініш, яблыку няма дзе ўпасці — хтосьці пачынае размінку, хтосьці з хваляваннем абмяркоўвае трасу. Час пралятае незаўважна, і вось ужо цэлая чарада бегуноў пад апладысменты і гукі музыкі адпраўляецца на дыстанцыі ў 5 і 10 км. Сёлета арганізатары вырашылі падзяліць удзельнікаў, таму на сапраўдны паўмарафон у 21 км бегуны адправіліся толькі праз дзве гадзіны пасля першых старцёраў.

На дыстанцыі нямала знаёмых усёй краіне асоб: вядомыя медыйныя персоны, прадстаўнікі многіх відаў спорту, сярод іх чэмпіёнка свету Марына Арзамасава з мужам і сынам. Сёння для Марыны часавы вынік не галоўнае, спартсменка ў адпачынку, але ўсё роўна вырашыла прыняць удзел у забегу.

— Я вельмі рада апынуцца тут, па ходзе дыстанцыі прыемна пагутарыць з людзьмі, сустрэць знаёмых і проста каторы раз паглядзець на вуліцы свайго горада. Сёння не стаўлю перад сабой ніякіх задач, усё ж я спецыялізуюся не на гэтай дыстанцыі, час за які я пераадолею 5,5 км, застанецца ў тайне, — загадкава ўсміхаецца Марына.

Маршрут 5,5 км у цяперашнім верасні быў не такі, як у мінулыя гады, але арганізатары ўсё роўна пастараліся зрабіць яго максімальна цікавым для ўдзельнікаў. Так, каля цырка нас, бегуноў, сустракалі аніматары, а каля Тэатра оперы і балета — цэлы аркестр. Не кажучы ўжо пра тое, што на працягу ўсёй трасы ўдзельнікаў паўмарафону сваімі апладысментамі і крыкамі падтрымлівалі неабыякавыя мінчане. А на апошнім кіламетры дыстанцыі, калі, здавалася, што сілы ўжо пакідаюць, з'явіліся людзі з плакатамі: «Усміхніся, стане лягчэй», «Фініш побач, ты маладзец!» або «Run, bаbу, run».

Хутчэй за ўсіх з дыстанцыяй 5,5 км у мужчын справіўся Максім Юшчанка, у жанчын не было роўных Таццяне Шабанавай. Як ні дзіўна, практычна адразу ж на фінішы з'явіўся і першы ўдзельнік «дзясяткі», вядучы ўжо нават назваў яго пераможцам, але неўзабаве высветлілася, што бягун зрабіў несумленна і зрэзаў участак дыстанцыі, што зафіксавала відэакамера. Гэта, вядома, пацягнула дыскваліфікацыю. Такім чынам, пераможцам забегу на 10 км стаў Павел Міхнюк, сярод жанчын першай фінішную стужку перасекла Ірына Сомава.

Паўмарафон прадоўжыўся забегам на 21,1 км, трэба адзначыць, што ў ім прынялі ўдзел шматлікія моцныя афрыканскія і еўрапейскія атлеты. Першае месца ў мужчын, як і годам раней, заняў кенійскі бягун Кіптум Маё. Ён пераадолеў дыстанцыю за 1 гадзіну 3 хвіліны 19 секундаў. Кенійцу не ўдалося перасягнуць уласнае леташняе дасягненне на Мінскім паўмарафоне мінулага года, тады ён паказаў вынік 1 гадзіна 3 хвіліны 00 секундаў.

— Забегам задаволены. Траса ў Мінску сапраўды аказалася няпростай, не падвяло надвор'е. Адзінае, сустрэчны вецер перашкодзіў паказаць больш высокі вынік, — адзначыў пасля фінішу Кіптум Маё.

Другое месца заняў Бекеле Джыма з Эфіопіі, бронзавая ўзнагарода ў актыве ўкраінца Мікалая Лухімчыка.

А вось у забегу сярод жанчын увесь п'едэстал занялі беларускі. Людміла Ляховіч перамагла з вынікам 1 гадзіна 13 хвілін 53 секунды. Ніна Савіна фінішавала другой — 1 гадзіна 14 хвілін 14 секундаў, замкнула тройку прызёраў Марына Даманцэвіч — 1 гадзіна 14 хвілін 22 секунды.

— Імкнёмся прывіць беларусам культуру бегавога руху, і ў нас, лічу, гэта атрымліваецца, — расказвае старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Вадзім Дзевятоўскі. — Мінскі паўмарафон набраў папулярнасць. За два дні да старту спынілі выдачу нумароў на 5,5 км, такі высокі быў ажыятаж. Наша каманда старалася ўлічыць усе заўвагі, якія былі па выніках мінулых двух гадоў. Шчаслівы, што ў нас усё атрымалася.

Пераможцы паўмарафону атрымалі па 3 тысячы долараў, а ўсе зарэгістраваныя — сувенірныя медалі. Вадзім Дзевятоўскі падкрэсліў, што па памеры прызавога фонду Мінск не саступае многім з падобных забегаў у Еўропе. Цяпер ён мае бронзавы статус, але будзе імкнуцца да сярэбранага.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Маштабна, хутка, ярка

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Піратэхнічны выраб — гэта фактычна тое ж выбуховае рэчыва

Піратэхнічны выраб — гэта фактычна тое ж выбуховае рэчыва

«Звязда» пагутарыла з афіцыйным прадстаўніком МНС Віталем НАВІЦКІМ.

Эканоміка

Як найбліжэйшая пяцігодка зменіць сельскагаспадарчую галіну?

Як найбліжэйшая пяцігодка зменіць сельскагаспадарчую галіну?

Гэта адна з найбольш важных даходных пазіцый для бюджэту.

Грамадства

Уладзімір Краўцоў пра тое, як будзе развівацца Гродзенская вобласць

Уладзімір Краўцоў пра тое, як будзе развівацца Гродзенская вобласць

Кіраўнік Гродзенскай вобласці — аб розніцы паміж усходам і захадам, паразуменні фермераў і буйных агракомплексаў, спосабах прыцягнення турыстаў і прыватнай ініцыятыве ў рэстаўрацыі будынкаў.

Грамадства

Смеццевы калапc: рэальная пагроза?

Смеццевы калапc: рэальная пагроза?

Як у нашай краіне вырашаецца праблема з утварэннем і ўтылізацыяй адходаў.