Вы тут

«Заздраўная» для Вялікага


Што ўбачаць беларускія гледачы ў юбілейным сезоне?

«‘O sole mio» — з такім запалам выводзіла неапалітанскую песню трыа на галоўнай сцэне, што іншыя салісты не вытрымалі: нечакана падняліся са сваіх месцаў у глядзельнай зале, падхапілі спеў і таксама рушылі на сцэну, пачалі вітацца і абдымацца з калегамі: адпачынак скончыны. А 85-ты сезон Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі абяцае шмат працы ад самага пачатку: яго абвясціў традыцыйны «капуснік», за падрыхтоўку якога адказваў галоўны рэжысёр тэатра Міхаіл Панджавідзэ. Такім чынам супрацоўнікам тэатра і яго сябрам («капуснік» закрыты) нагадалі: галоўная пляцоўка для спектакляў беларускіх оперы і балета зноў гатовая працаваць.


Маладое ды знаёмае

Да ўласнай творчасці гэтым разам ставіліся з гумарам: кпілі нават з аднаго з лепшых спектакляў уласнага рэпертуару — вялікай оперы Жоржа Бізэ «Кармэн» (патрапіць на якую можна будзе ўжо 12 верасня). Ажывіў «заезджаную пласцінку» класічных музычных выступаў вялікага сімфанічнага аркестра тэатра цікавы нумар з выкарыстаннем барабанаў. Сапраўдныя выбухі смеху справакавала замалёўка ад артыстаў балета: традыцыйнае «Лебядзінае возера» атрымала ўдалую камічную афарбоўку. Пад бессмяротную музыку Чайкоўскага перад гледачамі паўсталі белы лебедзь у мужчынскім выкананні, Зігфрыд у салдацкай шапцы і сапраўднае змаганне, дзе за перамогу спаборнічалі праз дэманстрацыю аўтаматаў і гармат (дарэчы, мацнейшай нават за самую вялікую гармату аказалася звычайная цагліна). Вялікі тэатр Беларусі гатовы не толькі дэманстраваць лепшыя ўзоры класічнага рэпертуару, але і смяяцца разам з гледачом.

Сёлета Вялікі тэатр Беларусі ўзбагаціўся 26 маладымі супрацоўнікамі. Падчас урачыстай часткі «капусніка» кожны з іх быў запрошаны на сцэну (натуральна, хутка для юных артыстаў гэта стане звычайнай справай) і атрымаў пасведчанні і памятныя сувеніры з рук генеральнага дырэктара тэатра Уладзіміра Грыдзюшкі, які распавёў пра планы на новы сезон.

З нацыянальным духам

У тэатры плануюць адзначыць юбілей лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, былога галоўнага балетмайстра Вялікага тэатра Беларусі Валянціна Елізар’ева. 31 кастрычніка пакажуць балет «Спартак» (харэаграфія і пастаноўка Валянціна Елізар’ева), 2 лістапада зладзяць юбілейны вечар з удзелам зорак сусветнага і беларускага балета, дзе возьмуць удзел народны артыст СССР Юрый Грыгаровіч, харэограф, педагог, прафесар Пекінскай Акадэміі танца, віцэ-прэзідэнт Балетнага камітэта Кітайскай асацыяцыі нацыянальнага танца Сяа Сухуа, народны артыст Расіі, рэктар Акадэміі рускага балета імя Ваганавай Мікалай Цыскарыдзэ, народны артыст Малдовы, мастацкі кіраўнік тэатра «Кіеў мадэрн-балет» Раду Паклітару ды іншыя. Адзначаць і юбілей дырыжора Андрэя Галанава — 15 кастрычніка ён сустрэне наведвальнікаў тэатра на сваім творчым вечары з «Рэквіемам» Моцарта і «Сімфоніяй № 6» Чайкоўскага. Выступы ў Камернай зале адкрыюцца канцэртам іспанскай музыкі «Сарсуэла. Свята галубкі» ў сярэдзіне верасня.

Вялікі тэатр Беларусі, што мае высокі статус «нацыянальны», плануе пацвярджаць яго і ў новым сезоне. Цяпер калектыў балета тэатра пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Юрыя Траяна актыўна рыхтуецца да прэм’еры нацыянальнага балета «Настасся» (паводле гісторыі жыцця Настассі Слуцкай). Не забываюць і пра нацыянальныя пастаноўкі з бягучага рэпертуару: перад пачаткам нацыянальнага балета «Вітаўт» Вячаслава Кузняцова 29 верасня ў фае тэатра адбудзецца спецыяльная праграма: атмасферу Сярэднявечча створаць фальклорны калектыў HardWood і тэатр Soleil, а на спецыяльным майстар-класе ўсіх ахвотных навучаць сярэднявечнаму танцу.

Юбілейны сезон абяцае прэм’еры: балет «Карсар» кампазітара Адольфа Адана і опера Джакома Пучыні «Тоска». Але самай гучнай прэм’ерай сёлета можа стаць опера «Травіята»: менавіта яна адкрые 85-ты сезон Нацыянальнага Вялікага тэатра Беларусі.

Сучасная Віялета

Прыхільнікі Вялікага тэатра Беларусі гэтую оперу Джузэпэ Вердзі добра ведаюць: «Травіята» ў рэпертуары тэатра атрымлівае шостае перараджэнне. Але работа латвійскага рэжысёрапастаноўшчыка Андрэйса Жагарса прынцыпова адрозніваецца ад папярэдніх прэм’ер: дзеянне спектакля пераносіцца ў сучаснасць. Перад гледачом паўстане Парыж ХХІ стагоддзя, галоўная гераіня Віялета Валеры, паводле стваральнікаў спектакля, пакутуе не на туберкулёз, а на анкалогію. Такім чынам несмяротны сюжэт оперы набывае вострую і актуальную для сучаснага гледача афарбоўку. Для наведвальнікаў беларускіх тэатраў перанос класічных сюжэтаў на сучасную глебу пакуль не стаў звыклай з’явай, а падобны падыход да оперы ў Беларусі наогул даволі смелы.

Пастановачная група «Травіяты» сапраўды міжнародная: акрамя Жагарса над спектаклем працавалі мастакі з Латвіі Рэйніс Суханаус (сцэнаграфія) і Крысцінэ Пастэрнака (касцюмы), мастак па святле Кевін Він Джонс з Вялікабрытаніі.

— У галоўных партыях «Травіяты» задзейнічаны маладыя артысты Вялікага тэатра, — распавёў рэжысёр-пастаноўшчык Андрэйс Жагарс. — Гэта цалкам апраўдана, бо гісторыя «Травіяты» — гэта ўсё ж такі гісторыя маладых людзей.

Звярнула ўвагу на такі падбор артыстаў і хормайстарпастаноўшчык Ніна Ламановіч. Яна адзначыла, што «Травіята», у якой задзейнічаны маладыя артысты беларускай школы, — гэта свежае паветра ў Вялікім тэатры Беларусі.

Верыцца, што новыя павевы будуць суправаджаць увесь юбілейны сезон тэатра.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?