Вы тут

«Homo Skarynus» у гуманітарнай прасторы


«Дыпламатыя слова» — так называўся круглы стол, які сабраў у Полацку пісьменнікаў і дзеячаў культуры з дзесяці краін. Назва сімвалічная, пагадзіліся госці, прызнаўшы адным з першых вядомых і вельмі паспяховых дыпламатаў ад беларускай культуры Францыска Скарыну. Таму невыпадкова, што праводзіліся паралелі паміж тым часам і нашым ХХІ стагоддзем, адзначаліся тэндэнцыі, закладзеныя асветнікам, што не страцілі актуальнасці дагэтуль, у першую чаргу — увага да слова і яго магчымасцяў, разуменне значнасці кнігі і чытання, місія, якую павінны выконваць у грамадстве людзі культуры. Можа быць, таму яго асоба ўсё такая ж прыцягальная: хочацца разумець яе лепш, ведаць усе акалічнасці жыцця і працы. А яшчэ, можа, чакаць столькі адкрыццяў, якія можна зрабіць толькі разам: шмат дзе пабываў і адзначыўся Скарына.


Падчас круглага стала ў Полацку

Пра тое, што пісьменнасць на беларускай зямлі ішла і развівалася разам з распаўсюджваннем ідэй хрысціянства, нагадаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. Ён адзначыў працу асветнікаў старажытных Полацка, Турава, Навагрудка і фактычна распавёў гасцям усю гісторыю развіцця айчыннай літаратуры нават да стварэння ў 1932 годзе Саюза пісьменнікаў у рэспубліцы, адзначыў, якую ролю адыграла прага людзей да свабоды слова і змаганне за яе ў 1941 — 1945 гады, якую ролю адыгралі беларускія пісьменнікі ў тым змаганні і пасля, калі распавядалі пра тое, якую гуманітарную катастрофу чалавецтву нясе вайна. Але менавіта пісьменнікі ў мірны час могуць распавесці пра рэальныя каштоўнасці жыцця, а літаратура — быць іх адлюстраваннем. «Яна аб’ядноўвае культуры, стымулюе нацыянальную псіхалогію, дапамагае фарміраваць самасвядомасць… Іншай трыбуны, акрамя літаратуры, у народа не было і не магло быць. Духоўнае развіццё чалавецтва: рух часу, рух грамадства — адбілася ў руху літаратуры. Для нас, пісьменнікаў Беларусі, важна і тое, што падчас свята праводзяцца сустрэчы, прадстаўляюцца сотні твораў нашых і замежных пісьменнікаў».

Менавіта асоба Скарыны стварыла глебу для новых кантактаў па ўсім свеце і сумесных праектаў, адзначыў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша: «Дзякуючы ім у Беларусі вобраз Скарыны пачынае трапляць у грамадскую прастору, і не толькі праз навуковыя праекты, але і больш папулярныя формы».

Так было не заўсёды, нагадаў ганаровы грамадзянін горада Полацка пісьменнік Навум Гальпяровіч: «Некаторы час імя Скарыны не было настолькі вядомае. Першыя матэрыялы ў беларускім друку з’явіліся ў 1906 годзе, калі пра Францыска Скарыну напісаў Сяргей Палуян. І толькі ў мінулым стагоддзі імя Скарыны пачало вяртацца да нас. Пра яго сёння мы кажам як пра аднаго з тытанаў эпохі Адраджэння». Цікавыя звесткі з гісторыі скарыназнаўства ў ХХ стагоддзі прадставіў намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Полымя» Мікола Трус: на пачатку мінулага стагоддзя Скарыну лічылі сваім рускія; украінцы разглядалі яго ў кантэксце ўкраінскага кнігадрукавання, але беларусы перамаглі — якасна і колькасна. Гэтаму паспрыяла абароненая ў Празе дысертацыя Ігната Дварчаніна на тэму «Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве». Наогул, Скарына стаў удалым беларускім праектам у Еўропе ў той час.

Па-новаму паглядзець на асобу Скарыны прапанаваў прафесар БДУ Іван Чарота, больш пільна прыгледзеўшыся да дакументаў, дзе ёсць сведчанні пра знаходжанне Георгія Францыска Скарыны на землях сучаснай Малдовы. Гэта можа ўспрымацца намі, выхаванымі на існуючай і ўведзенай у грамадства інфармацыі, як сенсацыя. Але сур’ёзныя скарыназнаўцы мінулых часоў ведалі пра матэрыялы, якія тычыліся знаходжання Скарыны ў Дакіі. Дакія — тэрыторыя цяперашняй Румыніі і Малдовы.

У пацверджанне гэтай думкі прадстаўнік Рэспублікі Малдова, пісьменнік Юрый Іваноў прадэманстраваў некаторыя дакументы, што ёсць у яго асабіста як у прадстаўніка роду талкавінаў Малдавіі:

— Знойдзена 14 дакументаў, сярод якіх 6 паведамленняў талкавінскіх летапісаў аб знаходжанні Юргі (Георгія) Скарыны Полацкага ў Малдаўскім княстве, а таксама 8 аркушаў старажытнага талкавінскага казання пра Юргу Полацкага ў Траяні. У 1520 годзе Францыск Скарына (ці Юрга Скарына) прыбывае ў Малдаўскае княства по просьбе Лукі Арбарэ, тагачаснага рэгента Малдаўскага княства пры Стэфане IV, маладым царэвічы. Той просіць асветніка надрукаваць кнігі, якія будуць услаўляць Малдаўскае княства. У 1542 годзе Юрга Скарына зноў прыбывае ў Малдавію пра просьбе Алены Сербіянкі, жонкі гаспадара Малдавіі, з мэтай надрукаваць серыю кніг, якія б рэабілітавалі род Бранкавіча і самога Вука Бранкавіча пры бітве на Косавым полі, дзе яго войскі стрымалі націск турэцкага султана, але не маглі прыйсці на дапамогу князю Лазару, які быў забіты. У 1550 годзе Юрга Скарына канчаткова прыбывае ў Малдаўскае княства і пасяляецца там. Ён распачынае шырокую дзейнасць на тэрыторыі Малдаўскага княства. Ёсць некалькі малюнкаў, дзе можна бачыць Юргу Скарыну Полацкага. Мова летапісу — не стараславянская, а талкавінская, паўднёва-заходні варыянт старажытнарускай. Згодна з тэкстамі, нам вядомая дата смерці Скарыны: 22 верасня 1572 года. У тых жа тэкстах важныя паведамленні тычацца старажытнай гісторыі Полацка. Канчаецца само казанне славаслоўем у гонар вялікага Юргі Скарыны Полацкага, ... чалавека, які «тварыў боскія справы».

Даследчык з Украіны Глеб Кудрашоў падкрэсліў ролю Францыска Скарыны для развіцця ўсіх усходнеславянскіх зямель:

— Мне здаецца, што Францыск Скарына і для Беларусі, і для Украіны, і для Расіі, для ўсіх усходніх славян зрабіў унёсак тым, што стварыў Homo Skarynus. Спачатку быў так званы «Чалавек Гутэнберга», якога спарадзіла тэхналогія, але «Чалавек Скарыны», што з’явіўся другім, меў на ўвазе чытанне асэнсаванае... Усходнеславянскія землі пасля Скарыны сталі іншымі. Мы ведаем, што ў агульнасусветнай гісторыі былі перыяды, але без святла. Францыск Скарына — гэта сімвал прысвячэння са святлом, ён злучыў антычныя традыцыі адукацыі з хрысціянскімі традыцыямі, што вельмі важна для верацярпімасці ў часы рэлігійных войнаў. Да Францыска Скарыны кніга была таварам, пасля Францыска Скарыны кніга стала таварышам. Пасля Скарыны ўсходнія славяне сталі гаварыць пра якасць чытання: важна не тое, што МЫ чытаем, а важна ШТО мы чытаем. Дзякуючы яму ўзнікла ўнікальная друкарская традыцыя ў развіцці мастацтва кнігі. Мы ведаем, што Францыск Скарына быў тут самым першым: прадмовы ад выдаўца, гравюры і партрэты. Быў час, калі людзі баяліся кнігі, якая магла парушыць звыклы парадак рэчаў. Прайшло 1000 гадоў, і цяпер у нас ёсць страх страціць гэтую кнігу. Сёння тыя, хто займаецца кнігавытворчасцю, часта ставяцца да кнігі не як да мастацтва, а як да бізнесу. Тут трэба нагадаць пра місію пісьменніка (таксама закладзеную Скарынам): кніга індывідуалізуе пункт гледжання… Яна прадстаўляе тое, што пасля становіцца і маральным, і этычным законам у нашым жыцці.

Балючая ў наш час тэма… Пра гэта сведчылі словы іншых удзельнікаў круглага стала — пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў. Напрыклад, азербайджанскі пісьменнік і перакладчык Камран Назірлі адзначыў:

— Якімі сёння бачацца роля і будучыня кнігі, якая тысячагоддзямі ўплывала на свядомае жыццё чалавека, на яго маральнасць, духоўнасць і выхаванне? Скажам адкрыта: чалавек сёння адхілены ад кнігі. Хоць кніга тысячагоддзямі служыла яму — чалавеку, прывёўшы да эвалюцыі і прагрэсу. Але Чалавек здраджвае кнізе. Наш час наогул можна назваць не толькі стагоддзем інфармацыйных тэхналогій, але і эпохай здрад: здрады бацькам, братам і сёстрам, краіне, Радзіме, зямлі, каханым, будучым пакаленням, мінуламу, сучаснасці і будучыні! У гэтым працэсе ўдзельнічаем або працягваем удзельнічаць усе мы, уключаючы пісьменнікаў і выдаўцоў… Я нярэдка задумваюся: цікава, якую будучыню нам абяцаюць цяперашнія падзеі, што адбываюцца ва ўсім свеце? Бо ХХІ стагоддзе абвясціла нам сапраўдную вайну! Гэтае стагоддзе паспяхова ўводзіць у жыццё ідэю прыстасавання інтэрнэту і мабільных тэлефонаў да матэрыяльных патрэб чалавека. Пасля Другой сусветнай вайны не прайшло нават восемдзесят гадоў, але за гэты час ва ўсім свеце было створана так шмат зброі і тэхнікі. Тэрор, забойствы, кровапраліцці, бежанцы, перавароты, невылечныя хваробы, дыктатуры... Не выключана, што ўсе гэтыя крывавыя падзеі закліканы загубіць чалавечую маральнасць і пачуцці ўсёй нашай цывілізацыі.

Літаратура і добрыя кнігі могуць прапанаваць альтэрнатыву. У гэтым упэўненая зямлячка Назірлі Зарыфа Салахава, якая стварае цудоўныя мініяцюрныя кнігі, нават выдала ў такім фармаце кнігу Юдзіф на трох мовах — беларускай, рускай, англійскай, кожны раздзел пачынае партрэт Францыска Скарыны. А ў 2013 годзе яна ж выдала «Жалейку». Кандыдат філалагічных навук Святлана Ананьева з Казахстана прывяла прыклады, як пераклады Францыска Скарыны служаць папулярызацыі яго творчасці ва ўсім свеце. Напрыклад, анталогія «Францыск Скарына на мовах народаў свету», у якую ўвайшлі пераклады на 64 мовах, была прадстаўлена на стэндзе «Кнігі Беларусі» падчас ІХ Міжнароднай кніжнай і паліграфічнай выстаўкі «Па Вялікім шаўковым шляху — 2017» у Алматы вясной гэтага года. Пра пераклады класікаў беларускай літаратуры ў наш час распавёў чачэнскі пісьменнік Адам Ахматукаеў. А пра традыцыю выхавання на кнігах нагадалі дзіцячы пісьменнік Уладзімір Ліпскі і намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах: і ў гэтай справе імя Скарыны цяпер служыць людзям. Служыць беларусам, дзе б яны не апынуліся: у Маскве дзякуючы грамадскай ініцыятыве штогод выходзіць літаратурна-навуковае выданне «Скарыніч» дзякуючы грамадскай ініцыятыве. У прыватнасці, над ім працуе доктар філалагічных навук Аляксей Каўка.

Некаторыя агучаныя на круглым стале думкі кранулі сустаршыню праўлення Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД, доктара мастацтвазнаўства Міхаіла Швыдкога, які адзначыў: «Мне здаецца важным, што кніга ў Еўропе ў нейкі момант аказалася аб’яднаўчым сімвалам… Сёння ён набывае асаблівае значэнне. Мы шмат гаворым цяпер пра глабалізацыю, робячы выгляд, што гэта з’ява ХХІ стагоддзя. Насамрэч гэта зусім не так. Таму што Сярэднявечча было глабалізаванае латынню. Людзі, якія займаліся навукай, філасофіяй, літаратурай, камунікавалі паміж сабой на латыні. Гэта адгукалася ва ўсіх краінах, стварала агульную духоўную прастору. А ў дзейнасці Скарыны адметнае тое, што ён даў кнігу, якая “вышэй за любыя нацыянальныя цяжбы”». Гэта падкрэсліла і міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч: «Круглы стол наша краіна ладзіць дзеля таго, каб умацоўваць нашу гуманітарную прастору, бо слова, а не зброя павінна звязваць людзей. Слова, якое імкнецца да святла і ведаў, даў нам Скарына і Полацк — горад, дзе сама гісторыя стукае ў сэрца».

Арганізатарамі круглага стала, які збірае ўдзельнікаў з розных краін адзінаццаты раз, сталі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура», Нацыянальны Полацкi гісторыка-культурны музей-запаведнік.

Падрыхтавала Ларыса ЦІМОШЫК

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

Пра гэта ўчора казалі высокія госці на ўрачыстым мерапрыемстве, прымеркаваным да юбілею газеты.

Спорт

Анастасія Марыніна: Баскетбол 3х3 — гэта заўсёды відовішча

Анастасія Марыніна: Баскетбол 3х3 — гэта заўсёды відовішча

Гэта адзін з нямногіх гульнявых відаў спорту, што былі ўключаны ў праграму ІІ Еўрапейскіх гульняў. 

Грамадства

«Захад-2017». Постфактум

«Захад-2017». Постфактум

Задачы сумеснага стратэгічнага вучэння выкананы на высокім узроўні.

Грамадства

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

Самабытныя, смачныя і пазнавальна-творчыя святы адбыліся сёлета ў розных раёнах Гродзеншчыны.